БЕЛ Ł РУС

Зорка польскага тэатра нарадзілася пад Глыбокім і выязджала з БССР у таварным вагоне. Вось яе гісторыя

28.11.2026 / 09:00

Міра Нікановіч

З 1950‑х Хелена Наровіч скарала польскі тэатр і кіно, а калі ёй стала за 80, зрабіла мадэльную кар’еру. І толькі ў апошнія гады яна падрабязна расказала пра дзяцінства ў Заходняй Беларусі, а таксама пра перажытую пасля вайны рэпатрыяцыю ў Польшчу.

Фота: portrety_lawrynowicza / Instagram

Хелена нарадзілася ў вёсцы Хілаўшчына ў Заходняй Беларусі. Цяпер гэта Докшыцкі раён.

Наровіч расказвала ў інтэрв’ю, што ў яе было чатыры сястры і два браты — апошнія памерлі ў маленстве. Дзед Хелены быў начальнікам чыгуначнай станцыі, ён быў паляк. У сям’і гаварылі па-польску.

Калі Хелене было чатыры гады, пачалася вайна. Для яе, як для жыхаркі Заходняй Беларусі, гэта адбылося ў 1939 годзе.

Яна расказвае пра тое, як у Хілаўшчыне з’явілася савецкая армія:

«Я памятаю, як набліжаліся танкі. Яны былі велізарныя і рабілі ўражанне на нас, дзяцей, бо мы ніколі не бачылі нічога такога. І на іх рускія выкрыкваюць розныя лозунгі. Яны мусілі абараніць нас ад нацысцкай Германіі, але рэальнасць была зусім іншай, нашмат больш жорсткай.

Вайна была для мяне драматычным досведам. Людзі проста знікалі з вёскі, іх вывозілі ў Сібір уначы».

Яшчэ ў пачатку вайны добры чалавек папярэдзіў бацькоў Хелены, што іх сям’ю збіраюцца выслаць з Беларусі на ўсход СССР. Наровічы мелі новую хату, 40 гектараў зямлі, слугаў і лес ва ўласнасці. Гэта было смяротным прысудам у тыя часы.

Хелена Наровіч у маладосці. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe. Якасць фота палепшаная з дапамогай ШІ

Сям’я рыхтавалася да немінучай дэпартацыі: сабралі мяхі з сухарамі, спалі ў кажухах, каб, калі па іх прыйдуць ноччу, быць апранутымі. Але ж пашчасціла дажыць да канца вайны дома. 

У вайну, кажа жанчына, адбылася трагедыя, якая моцна паўплывала на яе лёс:

«За некалькі кіламетраў ад нашай хаты была пуня, дзе захоўвалі ўраджай пасля збору. Нямецкія салдаты вывелі туды людзей, звязаных з партызанамі, і жыўцом іх спалілі. Бачыла клубы дыму, цягам некалькіх гадзін адчувала ў паветры смурод ад целаў у агні.

Хаця мама не хацела, каб мы глядзелі на гэта, было цяжка гэта не заўважыць. Гэта быў кашмар! Пасля гэтага досведу я пачала бунтаваць супраць усяго на свеце. Я сказала бацькам, што не хачу жыць і ніколі не буду нараджаць дзіця, таму што баялася, ці змагу яму даць шчаслівае жыццё».

У 1945‑м бацьку Хелены прызвалі ў савецкую армію, але ў канцы года ён вярнуўся дахаты, і пры першай магчымасці Наровічы пакінулі Беларусь.

Іх падарожжа пачалося ў снежні 1945 года, калі сям’я выехала з Хілаўшчыны ў Глыбокае. Наровічы сустрэлі Каляды ў арандаваным пакоі ў Глыбокім. Хелена добра запомніла, як глядзела з роднымі ў вокны дамоў, дзе стаялі калядныя елкі — яе сям’я ўпершыню не змагла адсвяткаваць Каляды.

Са станцыі Глыбокае, дзе збіраліся рэпатрыянты, Наровічы выехалі ў Польшчу:

«У адным таварным вагоне стулілася пяць сем’яў са сваім сціплым скарбам. Сярод іх была і наша сям’я. Мы ўзялі з сабой усё, што толькі маглі несці, у тым ліку свінню ў вялікай скрыні — каб мець скварку на Вялікдзень».

Польскія рэпатрыянты ў 1945‑1946 гадах. Фота: AIPN

Тры месяцы ў цеснаце і холадзе сям’я дабіралася да новага дома. На адной са станцый ледзь не згубілі старэйшую сястру Хелены — Уладзя не паспела сесці ў цягнік да адпраўлення. Бацька запатрабаваў адчапіць вагон, але ў выніку сам застаўся на прыпынку і дачакаўся дачку.

На кожнай станцыі рэпатрыянтам проста да вагонаў людзі прыносілі есці — бульбу, кашу, мяса, сыр. Як успамінае Наровіч, ім дапамагалі прадстаўнікі амерыканскай арганізацыі UNRRA.

Спачатку сям’я спынілася пад Гданьскам, але там было далёка да школы, а мама хацела даць дочкам адукацыю. Тады выбралі Кашалін, горад на беразе Балтыйскага мора, дзе ўжо жыла цётка Хелены са сваёй сям’ёй.

Там тую свінню скралі за тыдзень да Вялікадня.

У Польшчы Хелена вывучылася на актрысу. З 1957 года яна знялася ў дзясятках фільмаў, хаця і не мела за кар’еру знакавых роляў: з вядомага адзначым, напрыклад, «Цела Хрыстова» — польскую стужку 2019 года, намінаваную ад Польшчы на «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове.

Пры гэтым Наровіч 43 гады адпрацавала ў адной варшаўскай тэатральнай трупе: спачатку гэта быў Класічны тэатр, потым на яго аснове ўтварылі эксперыментальны тэатр «Студыя». З той трупай Хелена гастралявала па шматлікіх краінах, яе нават запрашалі застацца ў ЗША. 

А калі Хелене было за 80, яна пайшла ў мадэлі. Выйшла так добра, што цяпер медыя пераважна пішуць пра яе менавіта з нагоды мадэльнай працы, яна мае ў партфоліа здымкі для брэндаў накшталт Pantene і раздае інтэрв’ю пра сваё пачуцце стылю.

Жанчына так ніколі і не вярнулася ў Хілаўшчыну. Для яе гэта было свядомае рашэнне:

«Я баялася, што вяртанне ў родную старонку, у мясціны, знаёмыя мне з дзяцінства, можа быць занадта балючым, траўматычным. Што там засталося? Якія ўспаміны ажылі б? Вырашыла не згадваць пра гэта.

У маіх дзіцячых успамінах ёсць розныя вобразы — іх шмат, магчыма, зашмат. Сярод іх ёсць мілыя сэрцу, звязаныя з сямейным жыццём, але ёсць і жудасныя, ваенныя: напрыклад, спаленыя немцамі суседнія вёскі і гібель іх жыхароў».

Чытайце таксама:

Грэцкі агонь, антыкітэрскі механізм, сільфій ды іншыя страчаныя вынаходніцтвы. Чаму чалавецтва іх забыла?

У Крэўскім замку адкапалі «прыступкі Кейстута»

Удзельнічалі ў паўстаннях, былі экзатычнымі слугамі і нават ратавалі магнатаў ад даўгоў. Кім былі афрыканцы ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай?

Каментары да артыкула