Статкевіч пра сацапытанне «Беларусь у 2026 годзе»: Кідалі слухаўку, бо ў канцлагер ніхто не хоча
Экс-палітвязень у сваім тэлеграм-канале рэзка выказаўся пра незалежнае сацапытанне, адказваць на пытанні ў якім пагадзіліся толькі сем працэнтаў апытаных.
Фота: Lookby.Media
«У Беларусі, па замове германскага Фонду імя Конрада Адэнаўэра, было праведзенае тэлефоннае сацыялагічнае апытанне. Пагадзіліся адказваць на пытанні сацыёлагаў толькі 7% рэспандэнтаў. Беларусам прычыны такой звышпасіўнасці тлумачыць не трэба. Тым не менш, па выніках апытання былі зроблены высновы, што 87% беларусаў прымаюць існуючы парадак у Беларусі, а 70% станоўча ставяцца да Расіі, не зважаючы на тое, што яна робіць з Украінай.
Не ведаю, як лепей патлумачыць замоўнікам даследавання, чаго вартыя такія апытанні ў нашых умовах.
Паспрабую скарыстацца аналогіямі з германскай гісторыі.
Уявіце, што, напрыклад, брытанская Бі-бі-сі праводзіць тэлефоннае сацыялагічнае апытанне насельніцтва Германіі дзе-небудзь у 1944 годзе, каб высветліць стаўленне немцаў да Гітлера, да знішчэння яўрэяў і працягу вайны.
Пераважная большасць апытаных, пачуўшы, хто іх пытаецца, адразу ж кінуць слухаўку, бо ў канцлагер ніхто не хоча. Некалькі працэнтаў функцыянераў рэжыму, магчыма, нават адкажуць на пытанні: распавядуць пра «геній фюрэра», неабходнасць «вырашэння яўрэйскага пытання» і «вайну да пераможнага канца».
Каб потым кінуцца ў бліжэйшы аддзел гестапа, дзе распавесці пра гнюсную правакацыю міжнароднай плутакратыі і сваё супрацьдзеянне ёй. А сацыёлагі з BBC зробяць выснову пра 100%-ную без выключэнняў падтрымку немцамі нацыстаў. Мне падаецца, што сацыялагічная каштоўнасць сучаснага апытання ў Беларусі па замове германскага фонду і ўяўнага, апісанага мной апытання ў нацысцкай Германіі — прыблізна аднолькавая.
Шкада толькі, што некаторыя СМІ пачалі тыражаваць вынікі сучаснага апытання як бясспрэчную ісціну», — напісаў Мікалай Статкевіч.
***
Нагадаем, што вынікі сацыялагічнага даследавання «Беларусь у 2026 годзе» былі прэзентаваныя два тыдні таму. Пытанні задавалі праз тэлефон, і на ўдзел пагадзіліся толькі сем працэнтаў. У выніку аказалася, што «задаволеныя сітуацыяй у краіне 87% рэспандэнтаў». Гэта дало праўладным СМІ падставу сцвярджаць, што беларусы цалкам падтрымліваюць уладу і сітуацыю ў краіне, апускаючы мізэрную лічбу тых, хто ўзяў удзел у апытанні.