72‑гадовую жыхарку Добрушскага раёна, раней асуджаную да «хатняй хіміі», адправілі ў калонію
Асуджаную да «хатняй хіміі» 72-гадовую Алу Захараву з вёскі Чырвоная Буда Добрушскага раёна асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі за «парушэнне прэвентыўнага рэжыму». Інфармацыя пра лёс жанчыны з'явілася ад былой зняволенай гомельскай калоніі, паведамляе «Гомельская вясна».
Жаночая калонія №4 у Гомелі
Раней 72‑гадовую жанчыну асудзілі паводле ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Увесну 2025 года суд Добрушскага раёна прызначыў ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатнюю хімію»): жанчына магла заставацца дома, але мусіла выконваць шэраг абмежаванняў, у тым ліку рэгулярна адзначацца ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Добрушскага РАУС. Улетку 2025 года Міністэрства ўнутраных спраў уключыла Алу Захараву ў спіс «экстрэмістаў».
Паводле «Гомельскай Вясны», нягледзячы на ўзрост, Ала Захарава яшчэ трымала хатнюю гаспадарку. І праз цяжкасці з транспартам і гаспадарчыя клопаты жанчына сталага веку не заўжды паспявала ўчасна на тыя адзначэнні ў РАУС.
Цяпер стала вядома, што суд Добрушскага раёна замяніў ёй абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову на пазбаўленне волі ў калоніі тэрмінам на паўтара года. З красавіка 2026 года Алу Захараву ўтрымліваюць у гомельскай жаночай калоніі № 4.