БЕЛ Ł РУС

Лукашэнку спыталі, чаму ў Беларусі няма апазіцыі

25.11.2026 / 14:06

Nashaniva.com

Ён заявіў, што нікога не выганяў, маёмасць не забіраў і сваякоў не чапаў. 

 

18 снежня 2025 года 109 былых беларускіх палітвязняў, дэпартаваных з Беларусі ва Украіну 13 снежня, прыбылі ў Варшаву. Сярод іх былі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Павел Севярынец, Максім Знак, Уладзімір Лабковіч і Аляксандр Фядута. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён нікога з краіны не выганяў. Фота: lookby.media

У інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point Лукашэнка пра палітычных апанентаў за мяжой ён сказаў, што яны самі «збеглі», бо баяліся адказнасці. 

Журналістка Ан Ніва спытала ў Лукашэнкі: «А чаму няма апазіцыі?»

«Як няма апазіцыі? У нас апазіцыя сёння ёсць, якая мае сваё меркаванне. Пяць кандыдатаў у прэзідэнты было на апошніх выбарах», — адказаў ён.

Калі журналістка згадала апазіцыю за мяжой, Лукашэнка адмовіўся называць яе апазіцыяй.

«Дык якая гэта апазіцыя? Калі вы маеце на ўвазе збеглых нашых — іх у нас называюць «збеглыя», а не «апазіцыя», — дык мы іх не выганялі з краіны», — заявіў ён.

Далей Лукашэнка стаў параўноўваць беларускія падзеі з французскімі і спасылацца на Эмануэля Макрона.

«Эмануэль мае рацыю: хто граміць, той адкажа паводле закона. Так і я кажу: «Хлопцы, хто там граміў — а ў нас гэта было, — вы адкажаце паводле закона».

Яны зразумелі, што давядзецца адказваць, збеглі. Ну, збеглі. Я іх не ўтрымліваў. Я нікога не выганяў. Больш за тое, мы многіх вярнулі».

Лукашэнка згадаў камісію на чале з генпракурорам, якая разглядае звароты на вяртанне ў Беларусь.

«Мы бачым: калі ты не граміў, калі ты не разбіваў вітрыны ў Парыжы там на галоўнай вуліцы — гэта я паралель праводжу, — ну дык, калі ласка, вяртайся», — сказаў ён.

Пасля гэтага Лукашэнка заявіў:

«Мы сваякоў не хапалі і не саджалі іх у турмы, не ціснулі на іх. Уласнасць у іх не адбіралі».

Паводле Лукашэнкі, вяртацца баяцца тыя, у каго «рыльца ў пушку». Ён назваў іх арганізатарамі падзей 2020 года.

«Там дзве, тры ці чатыры сотні. Не ведаю, колькі іх там засталося… Амерыканцы прыязджалі, гарантавалі, прасілі за кагосьці. Добра, забірайце. Ну ў чым я тут вінаваты?» — сказаў ён.

Лукашэнка сказаў, што «не павінен быў дапусціць, каб краіну перавярнулі», і зноў параўнаў свае дзеянні з дзеяннямі французскіх уладаў. Ён таксама згадаў магчымую змену кіраўніцтва Францыі і Марын Ле Пэн.

«У нас будуць выбары», — парыравала Ан Ніва.

«І ў нас былі выбары. І будуць яшчэ выбары», — адказаў Лукашэнка.

Заявы Лукашэнкі супярэчаць задакументаваным выпадкам рэпрэсій. Эксперты зафіксавалі пераслед сем’яў палітычных апанентаў, канфіскацыі маёмасці і замарожванне рахункаў, прымусовае выдварэнне вызваленых зняволеных з Беларусі з адабраннем дакументаў. 

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.

Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў. 

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула