БЕЛ Ł РУС

У Арменіі апублікавалі праект новай Канстытуцыі без згадкі пра Нагорны Карабах. Азербайджан задаволены, але трэба яшчэ рэферэндум

24.11.2026 / 18:05

Nashaniva.com

Урад Арменіі апублікаваў праект новай канстытуцыі, які юрыдычна замацоўвае адмову краіны ад прэтэнзій на Нагорны Карабах. Апазіцыя лічыць гэта выкананнем патрабаванняў Азербайджана, а кіроўная партыя называе новы асноўны закон умовай трывалага міру. Аднак у парламенце ў яе недастаткова галасоў, каб прызначыць канстытуцыйны рэферэндум, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Нікол Пашынян. Фота: Thomas Koehler/Photothek via Getty Images

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян прадставіў праект канстытуцыі 23 лістапада. Паводле яго слоў, прыняцце новага асноўнага закона прынясе краіне мір, незалежнасць, дабрабыт, свабоду і дэмакратыю.

Пашынян тлумачыць неабходнасць змены канстытуцыі тым, што надышоў час перазапусціць армянскую дзяржаўнасць. Паводле яго слоў, краіна павінна стаць па-сапраўднаму дэмакратычнай і суверэннай, пакінуўшы ў мінулым нацыяналістычную прапаганду, якая апраўдвала разрабаванне краіны і ўзурпацыю ўлады. Прэм'ер нагадаў пра аксамітную рэвалюцыю 2018 года і заявіў, што цяпер неабходна юрыдычна замацаваць народнае кіраванне.

Разам з тым праект канстытуцыі прадугледжвае адмову Арменіі ад тэрытарыяльных прэтэнзій на Нагорны Карабах — рэгіён Азербайджана, дзе гістарычна пераважала армянскае насельніцтва. Фактычна гэтая адмова адбылася ў 2020—2023 гадах, калі Азербайджан перамог у вайне і аднавіў кантроль над усёй сваёй тэрыторыяй. Пасля гэтага амаль усе карабахскія армяне выехалі ў Арменію.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў настойвае, каб фактычная адмова Арменіі ад тэрытарыяльных прэтэнзій была замацаваная і юрыдычна. Ён звяртае ўвагу на тое, што прэамбула дзейнай армянскай канстытуцыі спасылаецца на Дэкларацыю незалежнасці 1990 года, у якой гаворыцца пра ўз'яднанне Арменіі з Нагорным Карабахам.

Пакуль у асноўным законе Арменіі застаецца такая спасылка, Аліеў адмаўляецца падпісваць мірную дамову. Новы праект канстытуцыі павінен вырашыць гэтае пытанне: у яго прэамбуле выключаюцца магчымыя будучыя прэтэнзіі на Карабах, а тэрыторыя армянскай дзяржавы вызначаецца ў межах яе міжнародна прызнаных межаў.

Афіцыйны Баку ўжо даў зразумець, што прапанаваны дакумент яго задавальняе. Міністр замежных спраў Азербайджана Джэйхун Байрамаў заявіў, што адсутнасць у праекце прэтэнзій на азербайджанскую тэрыторыю з'яўляецца станоўчым сігналам і сведчыць пра прагрэс. Паводле яго слоў, пасля канчатковага вырашэння гэтага пытання можна будзе падпісаць мірнае пагадненне.

Пашынян і яго прыхільнікі сцвярджаюць, што дзейнічаюць самастойна, а не пад знешнім ціскам. Аднак у выступе, прысвечаным новай канстытуцыі, прэм'ер значную частку ўвагі надаў таму, што яе прыняцце дазволіць падпісаць і ратыфікаваць мірную дамову з Азербайджанам і паставіць кропку ў Карабахскім канфлікце.

Для вынясення праекта на рэферэндум у кіроўнай партыі пакуль няма неабходнай парламенцкай падтрымкі. Паводле армянскага заканадаўства, папярэдне за гэта павінны прагаласаваць не менш за 70 дэпутатаў. У партыі Пашыняна «Грамадзянская дамова» ёсць 64 месцы, таму ёй неабходна займець падтрымку як мінімум шасці апазіцыйных дэпутатаў.

Аднак абедзве апазіцыйныя фракцыі выступаюць супраць новай канстытуцыі, называючы яе «аліеўскай». Пашынян прапанаваў палітычны кампраміс: калі парламент падтрымае правядзенне рэферэндуму, ён абавязваецца пайсці з палітыкі незалежна ад вынікаў галасавання. Калі грамадзяне адхіляць праект, прэм'ер абяцае адразу падаць у адстаўку. Калі ж канстытуцыю падтрымаюць, ён застанецца на пасадзе да заканчэння свайго тэрміну, але не будзе балатавацца на пасаду прэм'ера на наступных выбарах.

Апазіцыя не ўспрымае гэтую прапанову сур'ёзна. Як адзначае палітолаг і кіраўнік ерэванскага Рэгіянальнага цэнтра дэмакратыі і бяспекі Тыгран Грыгар'ян, шэсць галасоў, якіх не хапае кіроўнай партыі, сталі для апазіцыі адным з нешматлікіх рэальных рычагоў уплыву.

Найбуйнейшая апазіцыйная фракцыя «Моцная Арменія», якая прадстаўляе блок, заснаваны расійскім мільярдэрам Самвелам Карапецянам, ужо адхіліла праект і паабяцала не дапусціць «аліеўскага рэферэндуму». Такую ж пазіцыю займае блок «Арменія» на чале з былым прэзідэнтам Робертам Качаранам.

Паводле Грыгар'яна, пазіцыя апазіцыі часткова адлюстроўвае настроі яе выбаршчыкаў. Падчас нядаўняй паездкі па краіне ён сустракаў людзей, для якіх галоўным прыярытэтам было менавіта недапушчэнне прыняцця новай канстытуцыі, а не адстаўка Пашыняна. Таму апазіцыйныя фракцыі не хочуць падтрымліваць рэферэндум у абмен на абяцанне прэм'ера пайсці, тым больш што гэтае абяцанне не мае ніякіх гарантый.

Палітолаг таксама нагадаў пра папярэдні досвед змены формы праўлення ў Арменіі. Былы прэзідэнт Серж Саргсян ініцыяваў пераход ад прэзідэнцкай да парламенцкай сістэмы і абяцаў не выкарыстоўваць яе, каб пасля двух прэзідэнцкіх тэрмінаў заняць пасаду прэм'ера. Аднак пазней ён усё ж паспрабаваў гэта зрабіць. Па словах Грыгар'яна, гэта таксама не спрыяе даверу да абяцанняў Пашыняна.

На фоне ўзаемных абвінавачанняў у працы на замежныя сілы палітычны дыялог у Арменіі ўскладняецца. Апазіцыя прадстаўляе Пашыняна як выканаўцу волі Аліева, а прэм'ер намякае, што яго праціўнікі дзейнічаюць па ўказцы Крамля. У парламенце ўсё часцей узнікаюць фізічныя сутычкі паміж дэпутатамі.

Грыгар'ян мяркуе, што ўзаемныя абвінавачанні могуць працягвацца яшчэ некалькі месяцаў, але не прывядуць да пагаднення. Паводле яго прагнозу, апазіцыя не падтрымае правядзенне рэферэндуму, таму ўраду давядзецца разглядаць магчымасць датэрміновых парламенцкіх выбараў. Гэты варыянт ужо разглядаецца кіроўнай партыяй як «план Б».

Папярэднія парламенцкія выбары ў Арменіі адбыліся ў чэрвені 2026 года. Партыя «Грамадзянская дамова» на чале з Пашынянам атрымала 49,74% галасоў — горшы вынік, чым на папярэдніх выбарах. Яна змагла сфармаваць урад, але страціла магчымасць самастойна прызначаць рэферэндумы.

Апазіцыйныя сілы выступілі лепш, чым чакалася. У парламент прайшла заснаваная Карапецянам «Моцная Арменія», якая набрала 23% галасоў, а таксама блок «Арменія» былога прэзідэнта Качарана з вынікам 9,92%.

Чытайце таксама:

Пашынян заявіў пра гатоўнасць пайсці ў адстаўку пасля падпісання і ратыфікацыі мірнага пагаднення з Азербайджанам

Арменію пазбавілі права голасу ў АДКБ

У Арменіі зноў арыштавалі прарасійскага мільярдэра Карапецяна

Пашынян заявіў пра намер падаць заяўку ў Еўрасаюз у 2027 ці 2028 годзе

Каментары да артыкула