Свет

У Арменіі зноў арыштавалі прарасійскага мільярдэра Карапецяна

У Ерэване затрымалі армянскага і расійскага мільярдэра Самвела Карапецяна, кіраўніка апазіцыйнай партыі «Моцная Арменія». Яго і яшчэ 35 чалавек падазраюць у злоўжываннях службовымі паўнамоцтвамі ў кампаніі «Электрычныя сеткі Арменіі», растраце маёмасці і адмыванні грошай. Пра гэта 4 лістапада паведаміў Следчы камітэт Арменіі.

Самвел Карапецян

У межах расследавання адначасова правялі ператрусы ў 65 жылых і камерцыйных аб'ектах. Паводле матэрыялаў следства, у 2016—2024 гадах дзеянні Карапецяна і асоб, якія выконвалі яго даручэнні, маглі нанесці шкоду амаль на 64,6 мільярда драмаў (больш за 159 мільёнаў еўра).

Следчыя сцвярджаюць, што праз кантраляваную Карапецянам кампанію прыцягвалі пазыковыя сродкі, якія перавышалі рэальныя патрэбы прадпрыемства, а затым выводзілі іх. У дакументах гэтыя аперацыі афармляліся як выплата дывідэндаў і выдача пазык. Паводле версіі следства, грошы змешвалі з іншымі даходамі, каб схаваць іх сапраўднае паходжанне і легалізаваць.

Гэта не першы выпадак затрымання Карапецяна. У чэрвені 2025 года яго арыштавалі па абвінавачанні ў закліках да захопу дзяржаўнай улады. Гэта адбылося пасля таго, як бізнэсмен падтрымаў прадстаўнікоў Армянскай апостальскай царквы, якія ў той час канфліктавалі з прэм'ер-міністрам Ніколам Пашынянам.

Пазней яму таксама выставілі абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і адмыванні грошай. У студзені 2026 года меру стрымання змянілі на хатні арышт.

У лютым партыя «Моцная Арменія», якую ўзначальвае Карапецян, вылучыла яго кандыдатам на пасаду прэм'ер-міністра на парламенцкіх выбарах 7 чэрвеня. За партыю прагаласавалі 23,27% выбаршчыкаў. Яна заняла другое месца пасля кіроўнай партыі «Грамадзянская дамова» Нікола Пашыняна, якая атрымала 49,75%.

Разам з іншым прарасійскім апазіцыйным аб'яднаннем «Альянс Арменія», якое ўзначальвае былы прэзідэнт Роберт Качаран, партыя Карапецяна мае 41 месца ў парламенце. У кіроўнай партыі — 64 мандаты.

Пляменнік Самвела Карапецяна і кіраўнік фракцыі «Моцная Арменія» Нарэк Карапецян звязаў новае затрыманне дзядзькі з адмовай парламенцкай апазіцыі падтрымліваць праект новай канстытуцыі. Чакаецца, што тэкст дакумента будзе апублікаваны ў лістападзе. Для прыняцця канстытуцыйных змен патрэбныя галасы не менш як 70 дэпутатаў.

Затрыманне адбылося амаль праз тры тыдні пасля таго, як урад Арменіі прыняў рашэнне прызнаць усе 100% акцый кампаніі «Электрычныя сеткі Арменіі» аб'ектам пераважнага грамадскага інтарэсу. Гэта адкрывае магчымасць нацыяналізацыі прадпрыемства. Нікол Пашынян заявіў, што пасля пераходу ва ўласнасць дзяржавы кампанію плануюць перадаць у кіраванне міжнароднай буйной кампаніі або групе кампаній.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я яму што, чамадан?» Зяленскі назваў выказванні Лукашэнкі «засмечваннем інфармацыйнай прасторы»12

«Я яму што, чамадан?» Зяленскі назваў выказванні Лукашэнкі «засмечваннем інфармацыйнай прасторы»

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы не купляюць кнігі па-беларуску. Хто вінаваты?19

«4500 рублёў за два тыдні — і нават кава з пакеціка». Беларуска раскрытыкавала санаторый «Радон»6

Абвешчаны шорт-ліст першай Букераўскай прэміі для дзяцей. У журы — таксама дзеці

Разбіты бюст, парашутысты, архіўныя нумары. Што паказваюць і расказваюць на выставе да 120‑годдзя «Нашай Нівы»8

Скінуў на знаёмага 50‑кілаграмовы камень — на Віцебшчыне раскрылі забойства сямігадовай даўніны1

Забудоўшчык прэміяльнага квартала Depo ў Мінску расказаў, колькі ўсяго кватэр будзе ў гэтым ЖК1

Зяленскі: Кушнер і Уіткаф хочуць, каб мірнае пагадненне было заключана яшчэ да студзеня2

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў5

Украінцы адкінулі расіян на сутыку Днепрапятроўскай, Данецкай і Запарожскай абласцей3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я яму што, чамадан?» Зяленскі назваў выказванні Лукашэнкі «засмечваннем інфармацыйнай прасторы»12

«Я яму што, чамадан?» Зяленскі назваў выказванні Лукашэнкі «засмечваннем інфармацыйнай прасторы»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць