Адбываюцца ператрусы ў людзей, якія атрымлівалі стыпендыі па праграме ЕС EU4Belarus — SALT, і іх сваякоў
Вобшукі праводзіць КДБ.

EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training) — гэта стыпендыяльная праграма Еўрапейскага саюза для беларускіх студэнтаў, абітурыентаў, даследчыкаў, выкладчыкаў і спецыялістаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі або пагрозай пераследу. Каардынатарам праграмы выступала дзяржаўнае Цэнтральнае агенцтва кіравання праектамі Літвы (CPVA) разам з партнёрамі (у тым ліку NAWA у Польшчы). Адміністратарам з беларускага боку была арганізацыя, назва якой публічна не абвяшчалася.
Падтрымку па праграме атрымалі шматлікія беларускія студэнты і навукоўцы, якія ў выніку рэпрэсій засталіся без працы, сродкаў для існавання або былі выгнаныя з краіны.
Ператрусы праводзяць узброеныя аператыўныя групы Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Магчыма, беларускія спецслужбы ідуць па спісе рассылкі інфармацыйнага бюлетэня EU4Belarus — SALT.
Як расказаў «Нашай Ніве» атрымальнік стыпендый EU4Belarus — SALT, у маі 2026 года адміністратар праекта разаслаў ім адзін з выпускаў бюлетэня, у ім, магчыма, праз недагляд, усе іншыя атрымальнікі рассылкі былі ўстаўленыя ў адкрытую копію, іх электронныя адрасы можна было бачыць. Усяго ў спісе рассылкі было 358 адрасоў. «Наша Ніва» не ведае, якая доля з фігурантаў спіса рассылкі атрымлівалі дапамогу праграмы, а якая была падпісаная на рассылку з простай цікавасці. Можна дапусціць, што прыйсці могуць як да першых, так і да другіх.
Адны з фігурантаў праходзяць у ордарах на вобшук па крымінальнай справе па артыкуле 361 «дзейнасць экстрэмісцкага фарміравання» ў якасці сведкаў, іншыя — у якасці падазраваных. Пры гэтым абшукваюць як месцы пражывання, так і гаспадарчыя памяшканні. Надглядаюць тэлефоны прысутных у памяшканні на момант прыходу сілавікоў. Калі фігурант здае маёмасць кватарантам, то прыходзяць з вобшукам і да іх.
Сайт eu4belarus.info, на якім былі старонкі праграм EU4Belarus — SALT, SALT II, SALT III і Education for Belarusians, прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 15 ліпеня 2026 года судом Ленінскага раёна Магілёва. У той жа дзень суд прызнаў экстрэмісцкім і сайт Цэнтральнага агенцтва кіравання праектамі Літвы (CPVA) — установы, якая адмініструе гэтыя праграмы. Пасля гэтага Мінінфарм унёс сайт у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Публічна пра гэта стала шырока вядома ў канцы жніўня, калі адрэагавалі ЕС і Літва.
Цэнтральнае агенцтва кіравання праектамі Літвы (CPVA) — гэта дзяржаўная ўстанова, якая кіруе праграмамі фінансавання і адмініструе праекты, якія рэалізуюцца за грошы Еўрасаюза. Юрыдычна гэта грамадская арганізацыя, некамерцыйная юрыдычная асоба з абмежаванай адказнасцю. Міністэрства фінансаў зацвярджае яе статут і стратэгію, а таксама прызначае праўленне.
Мы пакуль не ведаем, ці быў нехта арыштаваны па гэтай справе. Невядомым застаецца і тое, у колькі ўсяго сямей прыйдуць з ператрусамі.
Калі вы ведаеце больш, напішыце нам у тэлеграм @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.
* * *
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года, пасля таго як адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў.
Палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў. Праваабаронцам вядомыя імёны як мінімум 10 100 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
цапкалы, сяргей, краўцоў і іншыя нягеглікі, ваш выхад! Ваша вусатая фартуна ўсмехаецца вам!
[Зрэдагавана]