У Браславе расказалі, як збіраюцца выкарыстоўваць сядзібу ў Відзах-Лаўчынскіх
У Браслаўскім раёне плануюць аднавіць старадаўнюю сядзібу ў Відзах-Лаўчынскіх і стварыць на яе тэрыторыі турыстычны комплекс. 24 лістапада грамадскасці прадставілі архітэктурна-планіровачную канцэпцыю праекта, распрацаваную спецыялістамі інжынірынгавай кампаніі «Квант-Праект», паведамляе мясцовая раёнка «Браслаўская звязда».

Сядзіба размешчаная на вуліцы Заводскай, 47, на беразе возера Дворнае. Яе пабудавалі ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Гэта помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў стылі класіцызму. У 1759 годзе ў гэтых мясцінах нарадзіўся Тамаш Ваўжэцкі — адзін з удзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе. У старым парку захаваліся рэдкія для Беларусі пароды дрэў: арэх шэры, лістоўніца еўрапейская, а таксама дуб звычайны.
У XIX стагоддзі Відзы-Лаўчынскія былі вядомыя ў Еўропе дзякуючы серавадародным крыніцам. Уладальнікі сядзібы Мінейкі адкрылі тут адну з першых на тэрыторыі Беларусі здраўніц, якую называлі «Лазенкі». Да лячэбнай крыніцы прыязджалі ў тым ліку арыстакраты. У мінулым стагоддзі водалячэбніца заняпала, але сама крыніца захавалася. Сучасныя даследаванні пацвярджаюць яе бальнеалагічны патэнцыял.
На гэтай гістарычнай аснове і плануюць стварыць новы турыстычны комплекс. Праект прадугледжвае працу на працягу ўсяго года і спалучэнне гатэльных, аздараўленчых, рэстаранных, музейных, экскурсійных і культурных функцый.
Галоўным элементам комплексу стане адноўлены сядзібны дом. Яго збіраюцца адрэстаўраваць, як сцвярджаецца, з максімальным захаваннем першапачатковага выгляду — хоць падыходы да рэстаўрыцыі ўжо моцна крытыкаваліся, — і прыстасаваць пад гатэль на дзесяць нумароў. У жылых памяшканнях таксама размесцяць музейныя экспазіцыі. Акрамя таго, у комплексе плануюць адкрыць басейн, спа-цэнтр, кавярню і іншыя аб'екты для наведвальнікаў. Рэалізацыя праекта павінна стварыць новыя працоўныя месцы ў раёне.
Для комплексу плануюць выкарыстаць 13,8 гектара. Тэрыторыю падзеляць на чатыры функцыянальныя зоны. Сядзібная частка зойме 20 тысяч квадратных метраў, ландшафтны парк і гатэльны сектар — па 52 тысячы квадратных метраў кожны, а экскурсійна-вытворчая зона — 14 тысяч квадратных метраў.
Асаблівую ўвагу абяцаюць надаць захаванню старога парку: векавыя дрэвы застануцца на сваіх месцах, а сама тэрыторыя будзе выконваць ролю своеасаблівага музея пад адкрытым небам.
Аднаўленне сядзібы, як сцвярджаецца, павінна захаваць гістарычную спадчыну Відзаў-Лаўчынскіх, а стварэнне шматфункцыянальнага комплексу, разлічанага на працу круглы год, — прыцягнуць у Браслаўскі раён больш турыстаў.
Каментары