За некалькі гадоў у сеціва загрузяць 23 мільёны старонак актаў ВКЛ, метрык і радаводаў. Так у Вільні страхуюць спадчыну ад расійскай агрэсіі: у мінулым Масква ўжо двойчы вывозіла гэтыя фонды.

Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў абвясціў пра пачатак маштабнага праекта лічбавізацыі сваіх фондаў. Цягам найбліжэйшых чатырох-пяці гадоў архівісты плануюць цалкам адсканаваць усе справы з 1576 вопісаў, якія ахопліваюць 1043 фонды.
Агулам у сеціве з’явіцца каля 23 мільёнаў лічбавых здымкаў старонак. Для параўнання: за ўвесь папярэдні перыяд з 2013 па ліпень 2026 года архіў здолеў алічбаваць толькі 31 тысячу спраў, загрузіўшы ў электронную сістэму крыху больш за 5 мільёнаў выяў. Усяго ў віленскім сховішчы налічваецца 1 мільён 377 тысяч спраў у 1391 фондзе.
Што знойдуць беларусы, якія шукаюць сваіх продкаў
Паколькі Вільня стагоддзямі была сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, а ў часы Расійскай імперыі — цэнтрам генерал-губернатарства і Віленскай губерні, у мясцовым архіве захоўваецца велізарны масіў дакументаў з сучасных беларускіх зямель. Усе чатыры прыярытэтныя кірункі сканавання на 2026—2027 гады даюць новыя магчымасці для беларусаў, якія вывучаюць свой радавод або гісторыю роднага краю.
Першы прыярытэт — поўная лічбавізацыя ўсіх кніг Старых актаў, якіх налічваецца амаль 16 тысяч фаліянтаў судоў ВКЛ XVI—XVIII стагоддзяў з упісанымі ў іх больш раннімі дакументамі XV стагоддзя. Гэты збор быў сфармаваны ў 1852 годзе ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў, куды паводле ўказа Мікалая I звезлі актавыя кнігі з Віленскай, Мінскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў, значная частка якіх напісаная па-старабеларуску.
Для тых, хто шукае свае карані, гэтыя кнігі каштоўныя не толькі судовымі спрэчкамі ці тастаментамі: туды рэгулярна ўпісвалі падрабязныя інвентары шляхецкіх маёнткаў і дзяржаўных старостваў. У такіх інвентарах пайменна — з прозвішчамі, імёнамі сыноў, памерам зямельных надзелаў і колькасцю жывёлы — пералічваліся ўсе сяляне і мяшчане канкрэтнай вёскі ці мястэчка ў эпоху, калі царкоўныя метрыкі яшчэ амаль не вяліся.
Другая задача — завяршыць сканаванне ўсіх метрычных кніг аб нараджэнні, шлюбе і смерці розных канфесій. Гэта галоўная база для пошуку продкаў любога саслоўя за XVIII — пачатак XX стагоддзя. У віленскім архіве захоўваюцца метрыкі Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі, якая ахоплівала Віленскую і ўсю Гродзенскую губерні, а таксама фонды праваслаўнай і грэка-ўніяцкай кансісторый, іўдзеяў, старавераў і лютэранаў.
Да 1920 года ў склад Віленскай губерні ўваходзілі тэрыторыі чатырох вялікіх паветаў, якія сёння знаходзяцца ў межах Беларусі — Ашмянскага, Лідскага, Вілейскага і Дзісненскага, — а таксама ўсходняя частка Свянцянскага павета з Лынтупамі, Камаямі і Свірам. У сваю чаргу Браслаўшчына тады належала да Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні, які да 1836 года называўся Браслаўскім паветам. Таму жыхары захаду і паўночнага захаду Беларусі ад Гродна, Шчучына і Валожына да Маладзечна, Глыбокага, Паставаў і Браслава змогуць проста з дому знаходзіць запісы пра хрост ці вянчанне сваіх прадзедаў.
Трэці кірунак — поўнае сканаванне спраў аб пацвярджэнні шляхецкага паходжання з фондаў №391, 708 і 789. На беларускіх землях доля шляхты дасягала 10% насельніцтва, прычым большасць складала бедная засцянковая і ваколічная шляхта, якая пазней злілася з сялянствам. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай расійскія ўлады запатрабавалі ад кожнай шляхецкай сям’і дакументальна даказаць сваё высакароднае паходжанне, каб не быць пераведзенымі ў падатковае саслоўе сялян ці аднадворцаў.
Фонд №391 утрымлівае генеалагічныя справы Віленскага губернскага дваранскага дэпутацкага сходу, фонд №708 — дакументы павятовых маршалкаў і дваранскіх апек Віленскай і Ковенскай губерняў, уключаючы былы Браслаўскі павет. А фонд №789 — гэта архіў Віленскай цэнтральнай рэвізійнай камісіі за 1839—1867 гады, якая правярала шляхту Віленскай, Мінскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў.
Калі продкі чалавека трапілі ў гэтыя фонды, у адной справе ён можа адшукаць ужо гатовае генеалагічнае дрэва свайго роду на чатыры-сем пакаленняў углыб да XVI—XVII стагоддзяў, малюнак сямейнага герба, выпіскі з метрык і старажытныя купчыя на зямлю.
Дакументы жыхароў Вільні 1915—1917 гадоў
Чацвёртым прыярытэтам на 2026—2027 гады стане завяршэнне лічбавізацыі калекцыі пашпартных картак жыхароў Вільні за 1915—1917 гады з фонду №641. Гэтая картатэка была створаная нямецкай ваеннай адміністрацыяй Ober Ost падчас кайзераўскай акупацыі горада ў Першую сусветную вайну.
Для гісторыкаў і нашчадкаў тагачасных віленчукоў гэта ўнікальная візуальная крыніца. Немцы правялі татальную пашпартызацыю насельніцтва, заводзячы персанальную ўліковую картку на кожнага жыхара горада пачынаючы з дзесяцігадовых дзяцей. Людзей фатаграфавалі амаль канвеерам — часта саджалі на лаўку па пяць чалавек для аднаго здымка, які потым разразалі на асобныя партрэты, пасля чаго мералі рост і бралі адбітак правага ўказальнага пальца.
У картках пазначалі імя, узрост, веравызнанне, прафесію, віленскі адрас, але галоўнае — дакладнае месца нараджэння. Паколькі Вільня была галоўным цэнтрам краю, сярод уладальнікаў пашпартоў тысячы ўраджэнцаў Гродна, Ліды, Ашмянаў, Гальшанаў, Вілейкі, Смаргоні і соцень беларускіх вёсак, якія прыехалі ў горад на заробкі ці вучобу або апынуліся там у бежанстве.
Пры гэтым самі друкаваныя бланкі пашпартоў Ober Ost былі двухмоўнымі: акрамя нямецкай, яны ўтрымлівалі пераклад граф на адну з чатырох прызнаных кайзераўскай адміністрацыяй мясцовых моў — польскую, літоўскую, ідыш альбо беларускую. Самі ж асабістыя звесткі ў карткі ўпісваліся нямецкімі пісарамі па-нямецку, а ўнізе ўладальнік пакідаў уласнаручны подпіс і адбітак пальца.
Менавіта ў гэтыя гады ў Вільні жылі і афармлялі такія дакументы дзеячы беларускага нацыянальнага руху — браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Францішак Аляхновіч і ксёндз Уладзіслаў Талочка.
Навошта амерыканскім мармонам сканаваць мясцовыя архівы і пры чым тут Расія
Рэалізаваць гэты гіганцкі праект літоўскаму архіву бязвыплатна дапамагае амерыканская некамерцыйная арганізацыя FamilySearch са штаб-кватэрай у Солт-Лэйк-Сіці ў штаце Юта. Гэта ўжо пятае пагадненне віленскіх архівістаў з амерыканцамі, якія пачалі здымаць тут метрыкі яшчэ ў 1994 годзе, а ў 1990— 2000‑х гадах актыўна мікрафільмавалі таксама фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску і Гродне.
За арганізацыяй FamilySearch стаіць Царква Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён, больш вядомая як мармоны. Для вернікаў гэтай царквы пошук продкаў — не проста свецкае захапленне, а прамы рэлігійны абавязак. Мармоны вераць, што сям’я можа застацца разам у вечнасці, а людзі, якія памерлі ў мінулыя стагоддзі і не чулі іхняга вучэння, павінны мець шанец прыняць яго ў замагільным свеце. Дзеля гэтага жывыя члены царквы высвятляюць імёны сваіх памерлых продкаў і праходзяць ад іх імя спецыяльны абрад — «хрышчэнне за памерлых».
Каб дапамагчы вернікам па ўсім свеце дакументальна знайсці сваіх прашчураў, мармоны яшчэ з 1938 года за ўласны кошт адпраўляюць экспедыцыі з камерамі і сканерамі ў дзяржаўныя архівы дзясяткаў краін. Адсканаваныя эталонныя копіі яны захоўваюць у спецыяльным супрацьатамным бункеры, вырубленым унутры Гранітнай гары ў штаце Юта, а лічбавыя здымкі бясплатна выкладаюць на партале FamilySearch для ўсіх людзей незалежна ад іх веравызнання. Усе новыя матэрыялы з Вільні будуць даступныя бясплатна як на сайце FamilySearch, так і ў віртуальнай чытальнай зале літоўскай архіўнай сістэмы EAIS. Аналагічныя дамовы амерыканцы заключылі з архівамі Латвіі і Эстоніі, а ва Украіну перадалі каля 80 сканераў для выратавання фондаў падчас баявых дзеянняў.
У самім Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве падкрэсліваюць, што цяперашняя татальная лічбавізацыя мае за мэту абараніць дакументальную спадчыну і пісьмовыя доказы гісторыі дзяржаўнасці ад фізічнага знішчэння або выкрадання з боку Расіі.
Архівісты нагадваюць, што расійскія войскі ўжо двойчы — падчас адступлення ў 1915 годзе і пасля заняцця Вільні Чырвонай арміяй увосень 1939 года, калі вагоны са старажытнымі актамі вывозілі ў тым ліку ў Мінск і Маскву, — забіралі найкаштоўнейшыя калекцыі з горада, і толькі цудам яны не згарэлі ў войнах.
Зараз у будынку віленскага архіва ўжо працуюць тры сканеры і аператары FamilySearch разам са штатным аддзелам лічбавых дакументаў, а на максімальную магутнасць праект выйдзе ў другой палове 2027 года. Праз велізарны аб’ём падрыхтоўчай працы, калі супрацоўнікам трэба ўручную пранумараваць мільёны аркушаў, адрэстаўраваць пашкоджаныя старонкі і перакласці старыя вопісы на літоўскую мову, у 2027 годзе архіў можа часова абмежаваць выдачу арыгіналаў у звычайнай чытальнай зале.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары