Грамадства

«Касметычныя змены ўжо не дапамогуць». Офіс Ціханоўскай заявіў, што ў ЕГУ застаецца яшчэ апошні шанец

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт апынуўся ў сітуацыі, калі яго адначасова атакуюць улады Лукашэнкі і крытыкуюць людзі, дзеля якіх ён, здавалася б, павінен існаваць. Цяпер у Офісе Святланы Ціханоўскай адкрыта гавораць: у ЕГУ застаўся, магчыма, адзін з апошніх шанцаў пераадолець сістэмны крызіс. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

23 лістапада дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі сустрэўся з рэктарам ЕГУ Вілюсам Шадаўскасам і новапрызначаным дарадцам універсітэта па супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю Сцяпанам Стурэйкам.

Сустрэча стала працягам размовы, якую Святлана Ціханоўская правяла з Шадаўскасам і старшынём Кіроўнай рады ЕГУ Мантасам Адаменасам у кастрычніку ў Варшаве. Тады бакі абмяркоўвалі захаванне беларускай місіі ўніверсітэта, развіццё беларускамоўных праграм і большы ўдзел беларусаў у прыняцці рашэнняў. Раней Святлана Ціханоўская накіравала Кіроўнай радзе і донарам ЕГУ ліст пра неабходнасць рэформаў і з прапановамі наконт будучыні ўніверсітэта. 

Удар рэжыму наклаўся на даўні крызіс

У красавіку 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй». Пасля гэтага пачаўся масавы пераслед студэнтаў і іх сваякоў. Паводле звестак праваабаронцаў, ужо да сярэдзіны жніўня рэпрэсіі закранулі не менш як 175 чалавек. Толькі за першы месяц пасля рашэння суда ўніверсітэт пакінулі каля ста студэнтаў. Частка выкладчыкаў таксама адраклася далейшага супрацоўніцтва з ЕГУ. 

Але, падкрэслівае Дзяніс Кучынскі, цяперашнія праблемы ЕГУ нельга патлумачыць выключна рэпрэсіямі.

«Сёння ЕГУ знаходзіцца ў вельмі няпростым становішчы. З аднаго боку, універсітэт зазнаў чарговую атаку з боку рэжыму Лукашэнкі, які прызнаў яго «экстрэмісцкім», адбыўся адток студэнтаў. З іншага боку, цягам апошняга дзесяцігоддзя ва ўніверсітэце назіраўся сістэмны крызіс, перадусім крызіс даверу з боку беларускай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасцяў», — кажа ён у каментары «Нашай Ніве».

Універсітэт крытыкавалі за закрытасць прыняцця рашэнняў, недастатковы ўдзел беларусаў у кіраванні і паступовую страту беларускага характару.

Пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкім» да гэтага дадаліся пытанні наконт рэакцыі кіраўніцтва на рэальную небяспеку для студэнтаў. Самі студэнты сцвярджалі, што універсітэт недаацаніў маштаб пагрозы і не забяспечыў належнай камунікацыі. Асаблівае абурэнне выклікалі словы рэктара, што супольнасці ЕГУ нібыта «баяцца няма чаго», а таксама рэкамендацыя студэнтам паведамляць беларускім сілавікам, дзе яны вучацца. 

«Гэта можа быць адзін з апошніх шанцаў»

Дзяніс Кучынскі фармулюе сітуацыю шчыра: «На маю думку, сёння ва ўніверсітэта ёсць, магчыма, адзін з апошніх шанцаў пераадолець гэты сістэмны крызіс на фоне моцнага ўдару з боку рэжыму і пастарацца забяспечыць сваю будучыню. Ніякія касметычныя змены ў гэтай сітуацыі ўжо наўрад ці дапамогуць».

Офіс Ціханоўскай, паводле яго, гатовы дапамагаць ЕГУ ў кантактах з міжнароднымі партнёрамі і донарамі, а таксама ў супрацьстаянні атакам з боку ўладаў Лукашэнкі. Але падтрымка будзе мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі сам універсітэт пагодзіцца на рэальныя, а не дэкаратыўныя перамены.

«Для нас прынцыпова важна захаваць і ўмацаваць універсітэт як беларускую акадэмічную інстытуцыю. Але вельмі шмат залежыць ад самога рэктарату і кіроўных органаў. Ёсць некалькі прынцыповых рэчаў. Па-першае, гэта аднаўленне даверу з боку беларускай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасцяў. Па-другое, гэта рэальныя структурныя рэформы, якія прадугледжваюць больш шырокі ўдзел беларусаў у кіраванні ўніверсітэтам», — адзначае Дзяніс Кучынскі.

Сярод прапанаваных зменаў — уключэнне кіраўніцтва Сената і студэнцкіх прадстаўнікоў у склад Кіроўнай рады. Гэта дало б выкладчыкам і студэнтам магчымасць непасрэдна ўдзельнічаць у прыняцці стратэгічных рашэнняў.

Таксама прапануецца павялічыць колькасць беларусаў у Кіроўнай радзе, захаваць беларускую прысутнасць у кіраўніцтве ЕГУ і адначасова прыцягнуць да працы ўплывовых прадстаўнікоў літоўскай і еўрапейскай палітыкі.

«ЕГУ патрэбныя моцныя партнёры, амбасадары і адвакаты ўніверсітэта. І, безумоўна, неабходна захаваць яго беларусацэнтрычнасць», — кажа дарадца Ціханоўскай.

Злева направа: Сцяпан Стурэйка, Вілюс Шадаўскас, Дзяніс Кучынскі падчас сустрэчы ў Вільні

Беларуская мова стане абавязковай?

Падчас сустрэчы рэктар ЕГУ агучыў і свае прапановы. З наступнага навучальнага года ўніверсітэт плануе ўвесці абавязковы агульны курс беларускай мовы.

Акрамя таго, абмяркоўваецца пагадненне аб стратэгічным партнёрстве з Офісам Святланы Ціханоўскай і дэмакратычнымі структурамі, а таксама стварэнне дарадчай рады з вядомых беларусаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

У Офісе Ціханоўскай гэтыя намеры называюць пазітыўнымі, але папярэджваюць: новая рада не павінна стаць яшчэ адной структурай, якая існуе толькі на паперы.

«Для нас важна, каб такая дарадчая рада мела рэальныя механізмы ўплыву на прыняцце рашэнняў, у тым ліку прадстаўніцтва з правам голасу ў Кіроўнай радзе. Каб гэта не стала чарговай фасаднай структурай, стварэнне якой нічога прынцыпова не зменіць», — падкрэслівае Дзяніс Кучынскі.

Сцяпан Стурэйка таксама збіраецца ў снежні арганізаваць шырокую сустрэчу кіраўніцтва ЕГУ з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай і акадэмічнай супольнасцяў. Дзяніс Кучынскі называе гэта важным крокам да аднаўлення дыялогу, але, відавочна, аднаго дыялогу цяпер будзе мала.

Для Кучынскага праблемы ЕГУ не старонняя гісторыя

Для самога Дзяніс Кучынскага гісторыя з ЕГУ — не абстрактная дыскусія пра адукацыйную палітыку. Ён выпускнік універсітэта, узначальваў Студэнцкае прадстаўніцтва і ўваходзіў у Кіроўную раду.

У 2016 годзе Дзяніс Кучынскі расказваў пра свой канфлікт з тагачасным рэктарам Гары Дэвідам Полікам. Кучынскі крытыкаваў закрытасць кіраўніцтва і ціск на студэнцкае самакіраванне. Кульмінацыяй канфлікту стала гісторыя з дыпломам: Полік паставіў каля подпісу пазнаку «пад прымусам», праз што дакумент быў несапраўдны. Дзейны дыплом Дзяніс Кучынскі атрымаў толькі пасля ўмяшання юрыстаў і Кіроўнай рады. Неўзабаве Полік пакінуў пасаду. 

«Я добра ведаю ўнутраную структуру ўніверсітэта, яго праблемы, слабыя і моцныя бакі. Сцвярджаць, што ў ЕГУ не засталося нічога беларускага, было б несправядліва. Беларускасць там ёсць, хоць, магчыма, яе недастаткова, яна не заўсёды заўважная і не заўсёды належным чынам камунікуецца», — кажа Дзяніс Кучынскі.

Але цяпер, на яго думку, цяпер важна, «каб беларускасць не проста прысутнічала ва ўніверсітэце, а займала цэнтральнае месца ў яго місіі, стратэгіі развіцця і паўсядзённым жыцці».

Офіс Ціханоўскай гатовы дапамагаць ЕГУ шукаць падтрымку за мяжой. Але праблемы з даверам, закрытасцю кіравання і прадстаўніцтвам беларусаў універсітэт мусіць вырашыць сам.

«Ніхто за яго гэтай працы не зробіць. Наша супольная задача — не проста захаваць ЕГУ як установу, а захаваць яго менавіта як беларускі еўрапейскі ўніверсітэт, якім магла б ганарыцца беларуская супольнасць і якому яна магла б давяраць», — падсумоўвае Дзяніс Кучынскі.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Генпракуратуры прапанавалі памяняць гарадскія гербы, на якіх ёсць «Пагоня»51

У Генпракуратуры прапанавалі памяняць гарадскія гербы, на якіх ёсць «Пагоня»

Усе навіны →
Усе навіны

Украінцы адкінулі расіян на сутыку Днепрапятроўскай, Данецкай і Запарожскай абласцей3

Ціханоўскі заявіў, што дамовіўся з Бабарыкам і Калеснікавай пра ўдзел у «Аб'яднаным Офісе». Тыя адмаўляюць гэта67

«Было страшна, што не зможам яго ўтрымаць». У Мінску два пяцікласнікі выратавалі падлетка, які тануў

МУС адпрацоўвае падаўленне масавых беспарадкаў ва ўмовах «асаблівых сітуацый»7

Каля смеццевага кантэйнера ў Вільні знайшлі зніклую карціну «Каранацыя Міндоўга»21

«Амаль усе прагаласавалі супраць мяне». Аўтара «Быхаўскай мадонны» выгналі з Саюза мастакоў па загадзе абсмяяных мясцовых уладаў16

У Гданьску таксіст распыліў беларусу ў твар пярцовы газ і запатрабаваў з’язджаць ва Украіну22

Мінчанка не паверыла аферыстам, але пяць гадзін угавораў, і яна аддала ім грошы2

У Мінску ёсць маршрутка, дзе можна аплаціць праезд звычайным талонам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Генпракуратуры прапанавалі памяняць гарадскія гербы, на якіх ёсць «Пагоня»51

У Генпракуратуры прапанавалі памяняць гарадскія гербы, на якіх ёсць «Пагоня»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць