У Мінску закончыўся сезон пракату электрасамакатаў, які доўжыўся восем месяцаў — з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны лістапада. За гэты час тры асноўныя аператары выпусцілі на вуліцы сталіцы каля 15 тысяч пракатных самакатаў, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Паводле звестак камітэта эканомікі Мінгарвыканкама, за розныя парушэнні правіл карыстання сэрвісамі заблакавалі 5972 чалавекі. Яшчэ 7821 карыстальніку вынеслі папярэджанні.
Часцей за ўсё доступ да пракату закрывалі за небяспечную язду ўдваіх на адным самакаце і за тое, што кіроўцы не сыходзілі з самакатаў перад пешаходнымі пераходамі. Папярэджанні пераважна выносілі за няправільную паркоўку. За сезон былі выпадкі, калі самакаты пакідалі проста на пешаходных пераходах, перашкаджаючы праходу людзей.
Сёлета кантроль за выкананнем правіл узмацнілі. Парушэнні адсочвалі не толькі падчас паездак, але і з дапамогай камер рэспубліканскай сістэмы відэаназірання. Дапамагалі і самі мінчукі: яны дасылалі фота і відэа парушэнняў у спецыяльны чат-бот, пасля чаго пракатныя сэрвісы аператыўна прымалі меры.
У камітэце эканомікі адзначылі, што многія карыстальнікі па-ранейшаму не задумваюцца пра тое, як іх манера язды і паркоўка самакатаў пасля паездкі перашкаджаюць жыхарам і гасцям сталіцы. На наступнай сустрэчы з аператарамі плануюць абмеркаваць працу ў новым сезоне і спосабы падвышэння культуры карыстання сродкамі персанальнай мабільнасці. Да парушальнікаў і надалей будуць прымяняць жорсткія меры.
Адзін з пракатных сэрвісаў паведаміў, што часцей за ўсё самакатамі карысталіся для паездак па цэнтры горада і асноўных магістралях — праспектах Незалежнасці, Пераможцаў і Дзяржынскага, а таксама на вуліцах Нямігі і Прытыцкага.
Цяпер увесь пракатны парк прыбралі з вуліц для зімовага абслугоўвання. У сэрвісах запэўнілі, што назапашаныя бонусныя балы, узроўні ў праграмах лаяльнасці і дзейныя падпіскі на пракат самакатаў захаваюцца. На зіму іх аўтаматычна замарозілі, а аднавіць дзеянне яны павінны з першай вясновай паездкай.
Новы сезон пачнецца не раней за 15 сакавіка 2027 года, калі будуць спрыяльныя ўмовы надвор’я. Карыстацца ўласнымі электрасамакатамі ўзімку не забаронена, аднак Правілы дарожнага руху забараняюць выязджаць на сродках персанальнай мабільнасці на праезную частку і ўзбочыну падчас снегападу і галалёдзіцы.
У Мінску скончыўся сезон пракату самакатаў
Мінчук паехаў на самакаце ў краму, а «вярнуўся» з Чабаксараў на Волзе — спісалі 150 рублёў
Дзіця на ўлік, а бацькам штраф? У некаторых школьнікаў на электрасамакатах могуць быць праблемы
13‑гадовы хлопчык перасякаў дарогу на электрасамакаце і трапіў пад аўтамабіль
Суд пачаў ліквідацыю велашэрынгу Kolobike
Каментары