Грамадства2323

Паца-Ваца і «Пагоня» — у Варшаве адкрыўся офіс Святланы Ціханоўскай. Паказваем, як там усё выглядае ФОТЫ

У Варшаве адбылося афіцыйнае адкрыццё Офіса Святланы Ціханоўскай. Ён размясціўся ў гістарычным штабе польскай «Салідарнасці» ў самым цэнтры горада па адрасе пл. Канстытуцыі, 6.

Па плане прастора будзе не толькі месцам для працы варшаўскай часткі каманды Ціханоўскай, але і пунктам прыцягнення грамадзянскай, культурнай супольнасці і беларускай дыяспары агулам.

Паказваем, як там усё ўладкавалі ўнутры.

Варшаўскі офіс Святланы Ціханоўскай. Фота: «Наша Ніва»

Месца польскай «Салідарнасці» і беларускага скандалу

Сімвалічна, што варшаўскі Офіс размясціўся ў гістарычным памяшканні былой кавярні Niespodzianka — менавіта тут у 1989 годзе працаваў выбарчы штаб варшаўскай «Салідарнасці».

Згадваецца, што ў тыя часы ў кавярню ледзь не штодзень прыходзілі тысячы людзей. Валанцёры рыхтавалі тут агітацыйныя матэрыялы, арганізоўвалі сустрэчы з кандыдатамі, раздавалі плакаты і дапамагалі выбаршчыкам. Людзі прыносілі ў штаб ежу, каву і грошы, каб падтрымаць працу апазіцыі.

Пасля выбараў 4 чэрвеня 1989 года менавіта каля Niespodzianka збіраліся варшавякі, каб даведацца пра вынікі галасавання і адсвяткаваць перамогу «Салідарнасці».

«У 1989 годзе тут працавалі палякі, якія змагаліся за дэмакратычныя перамены ў сваёй краіне. Сёння тут будуць працаваць беларусы, якія працягваюць барацьбу за свабодную і дэмакратычную Беларусь», — каментуе галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Сцены гэтага будынка «бачылі» вядомага польскага апазіцыянера Яна Літыньскага, амерыканскага спевака Сціві Уандара, які ў 1989 годзе выканаў тут песню I Just Called to Say I Love You у знак падтрымкі мясцовай апазіцыі. Выступаў тут і знакаміты ў нашых суседзяў бард Яцэк Качмарскі — адна з яго самых вядомых песняў гэта «Муры», якая мае і беларускую версію. Niespodzianka застаецца месцам гістарычнай памяці — штогод, 4 чэрвеня, тут праводзяцца сустрэчы і ўрачыстасці, прысвечаныя гадавіне выбараў 1989 года, у тым ліку традыцыйны «Тост за Вольнасць»

Да таго як польскія ўлады перадалі беларусам будынак Офісу, тут з 2021 працаваў Беларускі моладзевы хаб, кіраўніком якога з’яўляўся Алесь Лапко. Але ў 2023 годзе выбухнуў скандал, звязаны з заменай кіраўніцтва.

Частка чальцоў назіральнай рады арганізацыі замяніла Лапко на заснавальніка «Белага легіёна» Сяргея Бульбу. Карыстаючыся гэтым, у адзін з дзён група мужчын на чале з самім Бульбам заняла гэтае памяшканне. У выніку хаб вымушана пераехаў на іншы адрас, а па старым з'явілася прастора «Робім разам». Праўда, у 2025 годзе паліцыя выселіла «Робім разам» з памяшкання па рашэнні суда — паводле мясцовых уладаў, пляцоўка на той момант назапасіла запазычанасцяў на амаль 23 тысячы даляраў.

У Офісе Ціханоўскай распавялі, што ўлады Варшавы зноў аддалі беларусам будынак «на ўмовах сімвалічнай арэнднай платы». 

Вядома, што Беларускі моладзевы хаб Алеся Лапко цяпер будзе галоўным партнёрам грамадскай прасторы пры Офісе.

Слуцкі пояс, Паца-Ваца і радкі з паэмы «Новая Зямля» — хто ствараў дызайн новага Офіса?

З парога ўвагу на сябе звяртае чырвоная мазаіка на сценах, якая складваецца ў сімвалы беларускай гісторыі і культуры.

Рухаючыся ў інтэр’еры, вы беспамылкова зразумееце сэнс усіх «пасхалак». Вось Слуцкі пояс — сімвал беларускай культурнай спадчыны і шляхецкай традыцыі. Вось радкі з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» — «Мой родны кут, як ты мне мілы…», якія нагадваюць пра сувязь з Радзімай. А вось і герб «Пагоня» — гістарычны дзяржаўны сімвал Беларусі, які ўнутры краіны цяпер імкнуцца вычысціць нават з гарадской геральдыкі.

Аўтарам дызайну для варшаўскага офіса стаў беларускі мастак і дызайнер Міхась Смольскі, які жыве ў Аўстрыі. У яго інтэрпрэтацыі, дарэчы, вершнік на сцяне скіраваны ў бок Беларусі, што сімвалізуе сувязь беларусаў за мяжой са сваёй краінай.

Святлана Ціханоўская напярэдадні афіцыйнага адкрыцця Офіса

Утварыўся тут і маленькі музей — любы наведнік зможа пазнаёміцца як з прыемнымі, так і сумнымі старонкамі беларускага супрацьстаяння рэжыму праз сабраныя артэфакты: кнігі, фотаздымкі, узнагароды і нават амаль спаленыя бюлетэні з 2020-га, якія хацелі знішчыць, не пакінуўшы доказаў галасавання за Святлану Ціханоўскую.

Спецыяльна да адкрыцця Офіса частку сваіх экспанатаў перадаў Музей вольнай Беларусі.

Стэнд з узнагародамі
Бюлетэні 2020 года, якія спрабавалі спаліць
На фота — прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна

У Офісе распавялі, што на месцы ўжо абсталяваныя дзве студыі для запісу інтэрв’ю і іншых відэа. Імі змогуць карыстацца беларускія незалежныя медыя, прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадскіх ініцыятыў.

У будучыні тут таксама плануюць арганізаваць грамадскую прыёмную і юрыдычныя кансультацыі для беларусаў у вызначаныя дні.

Мяркуецца, што пляцоўка будзе адкрытая для ўсіх ідэй і праяўлення беларусаў — палітычных і дыпламатычных школ, адукацыйных праграм, трэнінгаў, дыскусій і прэзентацый, сустрэч з вядомымі асобамі, культурнага адпачынку і іншага.

У мэтах бяспекі большасць публічных мерапрыемстваў будзе даступная выключна па папярэдняй рэгістрацыі.

Каментары23

  • Літвін
    26.11.2026
    Рана ці позна вы ўсе расчаруецеся. Але будзе позна. Час не вернеш. Да 254 год расейскай акупацыі і 30 гадам стабільнасці, наўпрост дадасца яшчэ - ацаць гадоў назірання за пераездамі, канферэнцыямі, марных праектаў, сямейных сварак і грызні паміж вашымі шматлікімі лідарамі.
    Вы йдзеце па аблуднаму шляху.
  • Закадравы голас
    26.11.2026
    Žvir ,

    Шцірліц ніколі ня быў гэтак блізкі да правалу
  • Стыдно и больно
    26.11.2026
    От домохозяйки до собственного офиса в Варшаве! За каких-то 6 лет!
    Разве это не пример того, что каждый из вас может добиться успеха в жизни? Каждый! Всего лишь необходимо немного везения, стечения обстоятельств и всё! Просто поверьте в свои силы! Верым, можам, параможам!

Цяпер чытаюць

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша4

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша

Усе навіны →
Усе навіны

У Гродне мужчыну здымалі з казырка балкона шматпавярховага дома2

Выкрадзеныя дакументы Расстата даюць уяўленне пра страты расійскіх вайскоўцаў і наймітаў у Афрыцы

Што вядома пра ўкраінскую лазерную зброю, якая ўпершыню збіла расійскі дрон7

У Варшаве мужчына падпаліў сябе каля прэзідэнцкага палаца

Бабарыка расказаў, што яны абмяркоўвалі з Ціханоўскім19

Беларусы запусцілі збор на генератары «Цяпло для Украіны»19

Расія прадае замежныя актывы «Лукойла» амерыканцам1

Беларуска спецыяльна купіла квіткі, каб сустрэць Новы год у цягніку2

Апублікавалі ўліковы лісток дзеда Джарэда Кушнера. Ён партызаніў на Навагрудчыне3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша4

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць