Арыштаваную нерухомасць у вёсцы Мачаны Лагойскага раёна збіраюцца прадаць 24 снежня. У аб’яве ўласнікам пазначаны Віктар Бабарыка, якога пасля вызвалення з калоніі прымусова вывезлі з Беларусі.

Дом з участкам з’явіўся на пляцоўцы «БелЮрЗабяспечанне». Пачатковая цана — 260 тысяч рублёў, задатак для ўдзелу — 26 тысяч.
Гэта двухпавярховы каркасна-шчытавы дом з мансардай і прыбудовай на вуліцы Азёрнай, 16. Агульная плошча будынка — 88,5 квадратнага метра, жылая — 68,5. Участак займае 25 сотак і знаходзіцца ў водаахоўнай зоне ракі Вяча.

Да 2026 года дом не чапалі, бо ён лічыўся адзіным жыллём Віктара Бабарыкі, на якое нельга было звярнуць спагнанне. Цяпер жа ўлады з прынцыпу «не да законаў» прыйшлі да высновы, што пасля прымусовай дэпартацыі гаспадара гэтая абарона больш не дзейнічае.

У сям’і Бабарыкаў у Мачанах было некалькі аб’ектаў нерухомасці. Паводле публікацый 2020 года, вялікі сямейны асабняк пасля гібелі жонкі Віктара Бабарыкі перайшоў у спадчыну сыну Эдуарду. Дом на суседнім участку знаходзіўся ў долевай уласнасці бацькі і сына. Мяркуючы па апісанні, менавіта яго цяпер і выставілі на таргі.
Раней праз аўкцыёны ўжо прадалі іншую маёмасць Віктара Бабарыкі: аўтамабіль, гадзіннік, а ў ліпені 2024 года — участак з лазняй у тых жа Мачанах.

Віктара і Эдуарда Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 года падчас прэзідэнцкай кампаніі. Бацьку прысудзілі 14 гадоў калоніі, сыну — восем.
13 снежня 2025 года Віктара Бабарыку разам з іншымі палітвязнямі прымусова дэпартавалі з Беларусі.
Каментары