У Сербіі арыштавалі прапагандыста, які заклікаў «біць і ламаць рэбры» пратэстоўцам
У Сербіі з санкцыі пракуратуры затрымалі ўладальніка тэлеканала Informer Драгана Вучычавіча. Яго падазраюць у неаднаразовым правакаванні панікі і беспарадкаў, а таксама ў перашкодзе правасуддзю, паведамляе выданне Nova.rs.

У перыяд прэм’ерства і прэзідэнцтва Аляксандра Вучыча (2014—2026) Вучычавіч набыў вядомасць дзякуючы жорсткай праўладнай рыторыцы.
Пасля пачатку масавых пратэстаў у Сербіі ў лістападзе 2024 года Вучычавіч выкарыстоўваў Informer TV для праўладнай прапаганды і нападаў на ўдзельнікаў дэманстрацый і апазіцыю. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што маці аднаго з загінулых у трагедыі 1 лістапада 2024 года ў Нові-Садзе, якая абвясціла публічную галадоўку, прыходзіць да будынка парламента «проста з кандытарскай». Таксама прапагандыст заклікаў паліцыю «біць і ламаць рэбры» пратэстоўцам, якіх называў «вылюдкамі» і «тэрарыстамі».
Пасля перамогі апазіцыі на парламенцкіх выбарах 25 кастрычніка натоўп праціўнікаў Вучыча захапіў будынак Informer TV. Затым наглядныя органы ўвялі шэраг абмежаванняў у дачыненні да медыя, якія належалі Вучычавічу. Кіраўнік рады Рэгуляцыйнага органа СМІ Стэвіца Смедэравец патлумачыў гэта тым, што свабода слова не азначае свабоды абражаць.
У выніку супраць Вучычавіча распачалі крымінальную справу. Па інфармацыі пракуратуры, ён ствараў атмасферу публічнага самасуду, абвясціў 97 чалавек ворагамі дзяржавы і непасрэдна заклікаў да гвалту. Сам затрыманы адхіліў абвінавачанні.
Раней сербская паліцыя затрымала бізнэсмена Давара Мацуру, якога таксама лічаць блізкім да Аляксандра Вучыча. Паводле версіі мясцовых сілавікоў, праз свой банк Alta ён спрабаваў незаконна вывесці з краіны каля 383 мільёнаў еўра ў інтарэсах атачэння былога прэзідэнта.
У Сербіі затрымалі дзевяць паліцэйскіх за гвалт над пратэстоўцамі
Самалёт з паплечнікамі Аляксандра Вучыча, якія ляцелі ў Маскву, развярнулі над Літвой назад
Сербская тэлекампанія папрасіла ў гледачоў прабачэння, што шмат гадоў дурыла ім галовы
Апазіцыя, якая перамагла ў Сербіі, не збіраецца ўводзіць санкцыі супраць Расіі
Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі
Каментары