У Полацку знайшлі жанчыну, якая ратавала хлопцаў ад войска. Даводзіла да 27 гадоў — і разводзілася, каб выйсці за наступнага
У жанчыны група інваліднасці, таму новы муж аўтаматычна атрымліваў адтэрміноўку.

Суд Полацкага раёна і Полацка прызнаў несапраўдным шлюб дваіх грамадзян.
Маладыя пабраліся ў студзені 2025 года. У жонкі ІІ група інваліднасці, таму мужу паводле закона «Аб воінскім абавязку і воінскай службе» далі адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу.
Суд высветліў, што пасля рэгістрацыі шлюбу муж і жонка разам не жылі, агульнай гаспадаркі і агульнага бюджэту не вялі. Агульных фотаздымкаў у іх не было, нават з цырымоніі рэгістрацыі. Шлюб рэгістравалі ў звычайнай абстаноўцы, заручальнымі пярсцёнкамі не абменьваліся, а жонка пакінула сабе дашлюбнае прозвішча.
Яшчэ высветлілася, што за час шлюбу ў кватэры жанчыны час ад часу жыў іншы мужчына. Яго выклікалі ў суд сведкам, і ён сказаў, што не ведаў, што жанчына замужам.
Суд таксама ўлічыў, што розніца ва ўзросце паміж мужам і жонкай складае 20 гадоў.
Акрамя таго, раней жанчына ўжо была замужам за мужчынам прызыўнога ўзросту, і той шлюб скасавалі, калі мужу споўнілася 27 гадоў.
Суд прыйшоў да высновы, што шлюб заключылі не дзеля таго, каб стварыць сям'ю, а каб атрымаць адтэрміноўку ад прызыву.
Суд прызнаў шлюб несапраўдным.
Каментары