Улада1111

Рамантычная гісторыя кахання і казус з пашпартам: пяць фактаў пра кіраўніка Следчага камітэта Івана Наскевіча

Сёння Аляксандр Лукашэнка прызначыў Івана Наскевіча кіраўніком Следчага камітэта. Да гэтага Наскевіч займаў пасаду пракурора Брэсцкай вобласці. «НН» сабрала цікавыя факты пра сілавіка.

Родам з глыбокага Палесся

Іван Наскевіч нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Цераблічы Столінскага раёна. Гэта самы край Палесся, далей на поўдзень толькі Альманскія балоты, а найбліжэйшыя населеныя пункты — ужо на ўкраінскай тэрыторыі. Зусім побач ад Цераблічаў знаходзіцца славутая вёска Альшаны, так званая агурковая сталіца Беларусі.

Што тычыцца саміх Цераблічаў, то там ледзьве не палова вёскі носіць прозвішча Наскевіч. Сам Іван расказваў, што ў дзяцінстве дапамагаў у бібліятэцы Івану Супрунчыку. Сёння гэта вядомы ў краіне краязнаўца, народны майстар. Пры бібліятэцы ў Цераблічах дзейнічае музей, дзе сабраныя як вырабы самога Супрунчыка, гэтак і прадметы вясковага побыту.

Роўна год назад у Цераблічах быў адкрыты праваслаўны храм Уваскрасення Хрыстова, вялікі ўклад у яго будаўніцтва ўнёс Іван Наскевіч.

Не паступіў у БДУ, служыў у ГДР

Школу Іван Наскевіч скончыў з залатым медалём. Але паступіць на юрыдычны факультэт БДУ яму гэтак і не ўдалося. Як піша газета «Вечерний Брест», першы экзамен Наскевіч здаў на чацвёрку па пяцібальнай сістэме, а пры конкурсе 10 чалавек на месца проста не стаў чакаць наступных, а з’ехаў у вёску. Цэлы год Наскевіч адпрацаваў у калгасе, адначасова рыхтаваўся да экзаменаў.

Але здаваць іх паўторна не ўдалося. Прыйшоў час ісці ў войска. Іван Наскевіч апынуўся ў ГДР.

Атрымаў грамадзянства Беларусі толькі ў 1995

Пасля службы ў войску Іван Наскевіч накіраваўся на вучобу ў Харкаў, ва Украінскую дзяржаўную юрыдычную акадэмію. Вучобу ён скончыў у 1995-м годзе, пасля чаго прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму.

І тут адбыўся цікавы юрыдычны казус. Пры ўладкаванні на працу ў Пінскую пракуратуру высветлілася, што ў Наскевіча… няма беларускага грамадзянства. У яго заставаўся ўсё яшчэ стары савецкі пашпарт. Праблему ўдалося вырашыць праз паўгода, пасля гэтага малады спецыяліст распачаў работу.

Ён узгадваў сваю першую справу, якой яму паручылі займацца ў якасці следчага. Гэта была спроба крадзяжу бляшанкі фарбы з пінскага хімзавода. «Далі штраф», — казаў пракурорскі работнік.

У 2007 годзе ён стаў пракурорам Пінскага раёна, а ў 2012 — Брэсцкай вобласці.

Прыхільнік смяротнага пакарання

Іван Наскевіч у свой час высока ацаніў стварэнне Следчага камітэта, хоць сам і застаўся працаваць у органах пракуратуры.

Ён лічыць, што патрэбнае ўзмацненне пакарання для кіроўцаў, што сядаюць за стырно ў п’яным выглядзе, што тычыцца карупцыйных злачынстваў, то, на думку пракурора, караць трэба больш рублём, а не турэмнымі тэрмінамі.

Выступіў Іван Наскевіч і за захаванне смяротнага пакарання на цяперашнім этапе.

«Магчыма, праз нейкі час мы прыйдзем да таго, што смяротнае пакаранне трэ' будзе адмяніць. Але пакуль яно апраўданае, у выключных выпадках. Хоць трэба разумець, што такія прысуды павінны быць вельмі ўзважанымі».

Дарэчы, цікавы выпадак адбыўся паміж пракуратурай і следчым камітэтам Брэсцкай вобласці ў пачатку мінулага года. Следчы камітэт адмовіўся завесці крымінальную справу за педафілію супраць галоўнага рэдактара газеты «Вечерній Брест». СК не знайшоў складу злачынства ў дзеяннях рэдактара. Аднак пракуратура адмяняла гэтае рашэнне, тлумачачы, што не была праведзеная поўная праверка. Аднак да суда справу так і не давялі.

Гісторыя кахання з прысмакам забойства

Сваю абранніцу Іван Наскевіч сустрэў у Пінску. Дзяўчына па імені Ірына працавала правізарам у аптэцы. Аднойчы недалёка ад месца яе працы адбылося забойства, а ў якасці панятых следчыя пракуратуры запрасілі супрацоўніц аптэкі. Праз нейкі час Наскевіч выклікаў Ірыну ў пракуратуру позваю, а пасля запрасіў на спатканне. Шлюб пара заключыла ў 1997 годзе.

Цяпер у Івана Наскевіча з жонкай трое дзяцей: двое хлопчыкаў і дзяўчынка.

Берасцейцы кажуць, што часта бачаць Наскевіча на гульнях мясцовага гандбольнга клуба БГК імя Мяшкова.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін32

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп засмяяўся, калі яго спыталі пра словы Зяленскага, што ЗША хочуць завяршыць вайну да студзеня2

Статкевіч пра сацапытанне «Беларусь у 2026 годзе»: Кідалі слухаўку, бо ў канцлагер ніхто не хоча25

Праезд даражэе ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях

Суд у ЗША прызнаў Huawei вінаватай у змове з мэтай крадзяжу камерцыйных сакрэтаў

Папа Францішак тройчы бачыў д'ябла. Пра гэта кажа ягоны дзённік7

Да праекта ў Гальшанах прыцягнулі ідэолага «рускага свету» Дугіна. Яго паплечнік прапануе аднаўляць замак як «Царыцына»32

Электрамабілі задумвалі як ціхія. Цяпер іх вучаць гучаць, як бензінавыя

Ці варта купляць антыбактэрыяльнае мыла?

«Я яму што, чамадан?» Зяленскі назваў выказванні Лукашэнкі «засмечваннем інфармацыйнай прасторы»16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін32

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць