Андрэй Каравянскі параўнаў выключэнне Аляксандра Мінькова з савецкімі ганеннямі на мастакоў. Няўдалы твор і тым больш твор, які падабаецца заказчыкам — гэта не падстава для выключэння і рэпрэсій, піша Каравянскі.

Беларускі ландшафтны архітэктар і ўрбаніст Андрэй Каравянскі, які апублікаваў копію ліста Беларускага саюза мастакоў пра патрабаванне Магілёўскага аблвыканкама выключыць са складу арганізацыі аўтара «Быхаўскай мадонны» Аляксандра Мінькова, публічна заступіўся за скульптара.
Каравянскі — вядомы ў прафесійным асяроддзі спецыяліст. Выпускнік архітэктурнага факультэта БНТУ і міжнароднай Нясвіжскай акадэміі, у 2010‑я гады ён быў адным з арганізатараў мінскага фестывалю Minsk Design Week і працаваў над буйнымі расійскімі праектамі, у тым ліку над рэканструкцыяй азелянення ВДНГ і парку «Астанкіна» ў Маскве.

У сваім допісе перад пасяджэннем па справе Мінькова 23 лістапада Каравянскі апісаў працэдуру як вяртанне савецкіх практык: «Сёння будуць а 16:30 грамадска ганіць, рапартаваць, а потым «паедуць у лазню з камсамолкамі»… Нічога не мяняецца ў гэтым савецкім свеце».
Калі сам Мінькоў паведаміў у каментарах, што амаль усе калегі прагаласавалі супраць яго са словамі «мы за цябе павінны аддзімацца», архітэктар назваў БСМ «флюгерным саюзам кан’юнктуршчыкаў», а ўсю сітуацыю — «брыдкай гісторыяй».
Ад Радэна і Малевіча да якуцкага майстра скульптур з гною

Значную частку паста Каравянскі прысвяціў гістарычным прыкладам ганенняў і крытыкі ў адрас вядомых скульптараў ды мастакоў. Ён нагадаў, як заказчыкі адпрэчылі помнік Анарэ дэ Бальзаку працы Агюста Радэна, назваўшы яго «бясформеннай глыбай» і «мяшком з вуглём», хоць у 1969 годзе брытанскі мастацтвазнаўца Кенэт Кларк прызнаў гэтую працу найвялікшым скульптурным творам XIX стагоддзя.

У той жа шэраг аўтар паставіў Канстанціна Бранкузі, чыю «Прынцэсу X» знялі з выставы ў Парыжы, а «Птушку ў прасторы» амерыканская мытня спрабавала абкласці пошлінай як звычайны кавалак металу, а таксама Аніша Капура, Джэфа Кунса і Зураба Цэрэтэлі.

Асобна Каравянскі пералічыў савецкіх авангардыстаў і нонканфармістаў: расстраляных Аляксандра Дрэвіна, Веру Ермалаеву, Густава Клуцыса і Міхаіла Байчука, апальных Барыса Каралёва, Веру Мухіну, Аляксандра Мацвеева, Вадзіма Сідура, Эрнста Неізвеснага і ўдзельнікаў «Бульдозернай выставы» 1974 года.

Успомніў архітэктар і пра гісторыю Саюза мастакоў БССР, дзе ў савецкія гады ціску і абвінавачанням у «фармалізме» ды «нацыянал-дэмакратызме» падвяргаліся Міхаіл Філіповіч, Мікалай Тарасікаў, Гаўрыла Віер, а пазней — прадстаўнікі беларускага нонканфармізму Ізраіль Басаў і ўдзельнікі аб’яднання «Форма».
«Мы зусім вярнуліся?» — запытаўся Каравянскі.
У каментарах сам Аляксандр Мінькоў падзяліўся фотаздымкамі іншых сваіх работ — дэкаратыўных каменных львоў і зайцоў, і некалькі карыстальнікаў адзначылі, што гэтыя працы выглядаюць таленавіта. Падтрымку скульптару выказалі і асобныя прадстаўнікі культурнай сферы.
Беларускі дызайнер Юра Таўбкін, даўні калега Каравянскага па Minsk Design Week, дадаў, што бачыў падобны «шабаш» у Саюзе дызайнераў, дзе, паводле яго слоў, «двух слоў звязаць не могуць».

Аднак параўнанне аўтара «Быхаўскай мадонны» з сусветнымі класікамі і расстралянымі мастакамі спадабалася не ўсім. Аўтару допіса з іроніяй прапанаваў «абавязкова дапоўніць гэты доўгі спіс годных і паважаных творцаў Міхаілам Бапосавым — скульптарам з Якуціі, які стаў легендай яшчэ пры жыцці».
Бапосаў — расійскі народны ўмелец, які праславіўся ў інтэрнэце тым, што штогод ляпіў вялізныя навагоднія скульптуры сімвалаў года з каровінага гною.

Іншыя адзначылі падмену паняццяў, бо непасрэдна па скульптуры жанчыне-маці ў Быхаве аўтар допіса не сказаў нічога:
«Ніхто не хейціў аўтара за прадстаўленыя тут і цяпер скульптуры. Калі гэта была абстракцыя, то, вядома, можна ўнесці аўтара ў адзін спіс з прадстаўленымі ў посце аўтарамі».
«Сітуацыя важная не з працай, а з пазіцыяй калег»
У адказ на гэтую заўвагу Андрэй Каравянскі патлумачыў, што ягоны допіс тычыцца не ацэнкі мастацкай вартасці быхаўскага помніка, а механізму выключэння скульптара па загадзе ўлад.
«Трэба раздзяляць — грамадская крытыка за адну з работ, зразуметую ці незразуметую, і прафесійная ацэнка Саюза ўсёй дзейнасці аўтара згодна з указам зверху чыноўнікаў Мінкульта. Саюз, на мой погляд, не павінен на гэта рэагаваць выключэннем», — адказаў архітэктар.

У якасці прыкладу Каравянскі прывёў уласную прафесійную сферу. Паводле яго слоў, калі ў архітэктара ўзнікаюць праблемы з заказчыкам і той выстаўляе прэтэнзіі, спрэчка вырашаецца ў судовым парадку, але
з Саюза архітэктараў чалавека не выключаюць нават тады, калі пабудаваны ім будынак не падабаецца грамадскасці, — хоць такое адбываецца пастаянна.
«Саюз — гэта творчае аб’яднанне розных людзей, з рознымі талентамі і магчымасцямі. На жаль, колькі з Саюза мастакоў выключылі за апошні час?»
«Сітуацыя тут для мяне важная не з працай Аляксандра, а з пазіцыяй яго калег у прафаб’яднанні. Гэта шлях, па якім наша культура рухаецца цяпер», — напісаў Каравянскі.
Сваю занепакоенасць станам культурных інстытуцый архітэктар звязаў і з іншай нядаўняй падзеяй — афіцыйнай ліквідацыяй Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску. НЦСМ, які працаваў у сталіцы 11 гадоў і быў адной з галоўных дзяржаўных пляцовак для актуальнага мастацтва, канчаткова спыніў існаванне 29 кастрычніка 2026 года паводле пастановы Савета міністраў і загада Міністэрства культуры.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары