Вальфовіч расказаў пра «дэструктыўныя элементы», якія спрабуюць вярнуцца ў Беларусь пры дапамозе мяккай сілы
Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч падчас камандна-штабных вучэнняў МУС заявіў, што нейкія дэструктыўныя сілы нібыта працягваюць спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, паведамляе прэс-служба МУС.

Па словах Вальфовіча, аналіз міжнароднай абстаноўкі сведчыць, што свет паступова ператвараецца ў пляцоўку глабальнага супрацьстаяння. Ваенна-палітычная сітуацыя вакол Беларусі таксама застаецца напружанай і нестабільнай.
«Дэструктыўныя сілы, на жаль, не пакідаюць спробаў дэстабілізаваць абстаноўку на тэрыторыі нашай краіны. З дапамогай розных прыёмаў, у тым ліку мяккай сілы, яны спрабуюць вярнуцца ў Рэспубліку Беларусь і зрабіць усё магчымае для звяржэння ўлады, у тым ліку ваенным шляхам», — заявіў Вальфовіч..
Дзяржсакратар Рады бяспекі таксама адзначыў, што ў Беларусі прымаюць меры для прадухілення падобных сцэнарыяў. Паводле яго, асаблівая ўвага гэтай працы надаецца структурам сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі.
Каментары