Грамадства

Лукашэнкаўская прапаганда пагражае Еўрасаюзу, калі той «адмовіцца прыняць новую рэальнасць»

«Самае цвердалобае стварэнне ў свеце — гэта Еўропа. Калі ўсе з усімі дамаўляюцца, а Еўропа працягвае строіць з сябе цацу, адмаўляючыся прыняць рэальнасць, якая змянілася, нічым добрым гэта не скончыцца для Еўропы», — заявіў Ігар Тур.

«Мішка парве на кавалкі, калі яго канчаткова давесці да гневу», — даводзіць Ігар Тур. Скрын відэа: KonturSobytiy / YouTube

17 лістапада Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю французскаму часопісу Le Point. У размове з журналісткай Ан Ніва (Anne Nivat) ён разважаў пра вайну ва Украіне і будучыню еўрапейскай бяспекі. У прыватнасці, Лукашэнка заявіў, што Еўропа павінна сама вырашаць свае праблемы, але пры гэтым не можа выключаць Расію з будучай сістэмы бяспекі.

Развіць гэтыя думкі ў сваёй праграме «Прапаганда» на АНТ узяўся Ігар Тур, які безапеляцыйна заявіў:

«Самае цвердалобае стварэнне ў свеце, на маю думку, — гэта Еўропа».

Паводле слоў Тура, Еўропа стагоддзямі дамінавала ў свеце дзякуючы багаццю, вайсковай моцы і тэхналогіям, але цяпер адмаўляецца прызнаць, што страціла сваё ранейшае становішча.

Першым прыкладам гэтага ён назваў гісторыю адносін Еўропы са Злучанымі Штатамі. На думку прапагандыста, еўрапейцы спачатку страцілі амерыканскія калоніі, а потым саступілі былым калоніям сусветнае лідарства і самі апынуліся ў падпарадкаваным становішчы.

Падобную памылку, паводле Тура, Еўропа зрабіла і ў адносінах з Кітаем. Замест таго каб своечасова пачаць канкураваць з Пекінам або дамаўляцца з ім, еўрапейскія краіны працягвалі паводзіць сябе так, быццам яны па-ранейшаму галоўныя ў свеце.

«Адмаўленне рэальнасці (…) прывяло да таго, што эканоміка Еўропы, пачынаючы з аўтамабільнай, ужо даўно на каленях перад Пекінам. (…) Усю еўрапейскую эканоміку сёння Кітай у стане зжэрці, асабліва нават не напружваючыся. Але Кітай настолькі мудры і стратэгічна хітры, што проста чакае, калі эканоміка Еўропы зжарэ саму сябе», — даводзіць прапагандыст.

Яшчэ адным прыкладам ён назваў Афрыку. Тур мяркуе, што цяпер афрыканскія дзяржавы ўзмацняюцца і пазбаўляюцца ад еўрапейскага ўплыву пры падтрымцы Кітая, ЗША і Расіі.

Ад Афрыкі прапагандыст перайшоў да Усходняй Еўропы, якую ён звёў выключна да «вялікай Расіі», якую «маленькая Еўропа» з-за пастаянных праблем («то войны, то рэвалюцыі, адны праблемы, грошай няма») прывыкла лічыць слабой.

Але «сціплая Расія», сцвярджае прапагандыст, пры Уладзіміры Пуціне ператварылася ў «магутную Расійскую Федэрацыю».

«Геапалітычнае мядзведзяня, якое калісьці выступала на пацеху заморскім гасцям, танцуючы на задніх лапах, вырасла ў велізарнага і магутнага мядзведзя. І працягвае ён расці яшчэ больш. А госці заморскія адмаўляюць рэальнасць і хочуць бачыць дагэтуль вось таго мілага мішку, які рукі ім ласкава лізаў за цукарок і прасіў за вушкам пачухаць. (…)

Адмаўленне таго, што мішка вырас, прывядзе да таго, што з гэтым цукарком ён адгрызе ўсю руку, а потым парве на кавалкі, калі яго канчаткова давесці да гневу», — прыгразіў Тур.

На яго думку, перамовы паміж Пуціным, Сі і Трампам сведчаць, што фарміруецца новы сусветны парадак, у якім Еўропа рызыкуе застацца ўбаку.

«Саміт лідараў Расіі, ЗША і Кітая — гэта ўжо не званочак, гэта звон для Еўрасаюза. І на саміце, як па мне, не лёс Украіны абмяркоўвалі, а глабальней — якім будзе новы свет. І калі ўсе з усімі дамаўляюцца, а Еўропа працягвае строіць з сябе цацу, адмаўляючыся прыняць рэальнасць, якая змянілася, нічым добрым гэта не скончыцца для Еўропы», — папярэдзіў ён.

Паводле Тура, менавіта ад такой будучыні Еўропу і спрабуе засцерагчы Лукашэнка. Па словах прапагандыста, Мінск, нягледзячы на напружаныя адносіны з Бруселем, «заклікае Захад расплюшчыць вочы, прызнаць не самую прыемную для сябе праўду, узяць галаву ў рукі і дамаўляцца, зыходзячы з рэалій, а не хацелак».

На погляд прапагандыста, цяпер вельмі многае залежыць ад таго, наколькі «разважным» акажацца Брусель.

Раней Аляксандр Лукашэнка і ягоная прапаганда прадказвалі, што вайна ва Украіне працягнецца тры-чатыры дні і заклікалі Кіеў капітуляваць. Пазней гэтыя заклікі і прагнозы, што Расія непазбежна пераможа, з рэгулярнасцю паўтараліся.

Тым не менш, рост страт расійскай арміі прывёў да спынення расійскага наступу. У 2025 годзе Расія акупавала менш за 1% тэрыторыі Украіны коштам страты прыкладна 150 тысяч вайскоўцаў забітымі. За 10 месяцаў 2026 года Расія заняла каля 0,1% тэрыторыі, прытым што страты перавышаюць мінулагоднія. Такі кошт прасоўвання можа быць непрымальны нават для абесчалавечанага расійскага грамадства. 

Дваістая рыторыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спараджала ў Крамля надзеі, што яму ўдасца спакусіць Вашынгтон на падзел Еўропы на сферы ўплыву ўзамен за допуск амерыканскіх карпарацый да распрацоўкі расійскіх прыродных рэсурсаў. Напад ЗША і Ізраіля на Іран прывёў да скачка цэнаў на энерганосьбіты, які не толькі прынёс звышпрыбыткі амерыканскім нафтагазавым кампаніям, але і напоўніў расійскі вайсковы бюджэт. Аднак дапамога краін Еўропы кампенсавала Украіне страту амерыканскай падтрымкі, украінская армія выстаяла. А правал трампістаў на выбарах у Кангрэс канчаткова паставіў пад сумнеў спадзяванні Крамля.

Паказальна, што на апошнім раўндзе перамоў у Абу-Дабі ўпершыню прысутнічаў камандуючы сіламі НАТА ў Еўропе генерал Алексус Грынкевіч — прыкмета таго, што Масква пайшла на больш прадметныя размовы. На перамовы ўпершыню прыбыла і еўрапейская дэлегацыя, з якой каардынуе свае дзеянні ўкраінскі бок. 

Расійская і лукашэнкаўская прапаганда пры гэтым сёння робяць акцэнт на тым, што еўрапейцаў за стол перамоў не дапусцілі. Аднак пасля іх стала вядома, што Масква пагадзілася ўжо не толькі на размовы з Кіевам, але і на прысутнасць еўрапейскай дэлегацыі за перамоўным сталом.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча7

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Усе навіны →
Усе навіны

На некаторых Android-прыладах у Беларусі выявілі шкодную праграму RatHat са штучным інтэлектам1

Гадзіны пік не падаўжаюць дарогу? Колькі часу займае паездка па лініях мінскага метро

Расійскі дрон заляцеў у Польшчу2

Фондавыя рынкі выраслі пасля вяртання Хуанга ў Nvidia

74 удары за «абразу маральнасці». У Іране вядомую спявачку пакаралі за выступ без хіджаба1

Кім была і куды знікла мастачка, якая намалявала белага лебедзя на «Вянок» Багдановіча4

Кушнер назваў «галоўны прыз» у перамовах па Украіне6

Мядзведзі насамрэч не спяць усю зіму, а вавёркі памятаюць, дзе схавалі арэхі. Тры міфы пра жыццё жывёл зімой2

Чаму правае паўшар'е мозга кіруе левым бокам цела? З'явілася новая тэорыя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча7

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць