Праз заяву расійскага дыпламата Кім Чэн Ын спыніў вайсковую дапамогу Расіі — ГУР
Пхеньян прыпыніў пастаўкі балістычных ракет і артылерыйскіх боепрыпасаў у Расію. Прычынай стала незадаволенасць словамі расійскага дыпламата, паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны.

Паводле ўкраінскай выведкі, напружанне паміж саюзнікамі ўзнікла ў кастрычніку.
Намеснік міністра замежных спраў Расіі Андрэй Рудэнка заявіў, што Масква ў будучыні будзе спрыяць зніжэнню напружанасці паміж Сеулам і Пхеньянам.
У Паўночнай Карэі такія міратворчыя планы не ацанілі. Паводле ГУР, кіраўніца МЗС краіны Чвэ Сон Хі заявіла, што гэтыя словы не адпавядаюць саюзніцкім дамоўленасцям, і запатрабавала растлумачыць расійскую палітыку ў дачыненні да Паўднёвай Карэі.
Пасля гэтага Пхеньян прыпыніў вайсковую падтрымку Расіі. Рашэнне, паводле ўкраінскай выведкі, асабіста прыняў Кім Чэн Ын.
Абмежаванні закранулі пастаўкі балістычных ракет KN-23 і чарговай партыі артылерыйскіх боепрыпасаў. Акрамя таго, расійскім вайскова-транспартным самалётам забаранілі карыстацца паветранай прасторай КНДР.
Масква таксама прасіла павялічыць паўночнакарэйскі кантынгент у Расіі з 8,5 тысячы да 50 тысяч вайскоўцаў. Пхеньян пакуль стрымлівае выкананне гэтага запыту, сцвярджае ГУР.
Пры гэтым ужо накіраваных у Расію вайскоўцаў не адклікалі. Падраздзяленні паўночнакарэйскага спецназа працягваюць службу ў другім эшалоне расійскай групоўкі ў Курскай вобласці.
Паводле ўкраінскай выведкі, з сярэдзіны лета ў Варонежскай вобласці знаходзіцца і паўночнакарэйскае ракетнае падраздзяленне. Яно дзейнічае ў складзе расійскай 112‑й ракетнай брыгады і ўдзельнічае ва ўдарах па Украіне.
ГУР называе і іншыя праблемы гэтага саюза: моўны бар’ер, недахоп перакладчыкаў, цяжкасці з забеспячэннем і сумеснымі дзеяннямі войскаў.
Паводле выведкі, расійскае вышэйшае камандаванне адкрыта пагарджае паўночнакарэйскімі вайскоўцамі і лічыць іх палітычна навязаным цяжарам.
Асобны фактар — страты.
Паводле ацэнкі ГУР, у баях у Курскай вобласці паўночнакарэйскі кантынгент страціў 7058 вайскоўцаў: 2251 — беззваротныя страты, астатнія — параненыя.
Каментары
Ды, у любым выпадку не вярнуцца. Гэты быў квіток у адзін канец.