І заявіў, што той паабяцаў не выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць Украіны.

Спецпасланнік і зяць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер, які ўдзельнічае ў перамовах паміж Расіяй і Украінай, назваў Уладзіміра Пуціна «гістарычнай асобай» і «гросмайстрам палітыкі», які «хоча міру», піша Moscow Times.
«Людзям можа падабацца тое, што ён зрабіў, можа не падабацца, але ён, безумоўна, гросмайстар палітыкі. Ён — гістарычная асоба. […] На маю ацэнку і ацэнку Стыва [Уіткафа] (другога перамоўшчыка ад Трампа), ён не проста хоча міру — ён хоча паспрабаваць змяніць адносіны з Амерыкай і паглядзець, ці ёсць магчымасць пачаць усё з чыстага аркуша», — сказаў Кушнер у інтэрв'ю генеральнаму дырэктару нямецкага медыякангламерату Axel Springer Маціясу Дэпфнеру.
Спецпасланнік Трампа адзначыў, што расійскі прэзідэнт паабяцаў амерыканскім прадстаўнікам не выкарыстоўваць ядзерную зброю ў вайне супраць Украіны.
«Да гэтага часу Пуцін праяўляў стрыманасць. Ён пагадзіўся не прымяняць ядзерную зброю, што, відавочна, вельмі важна. Ён запэўніў нас, што ў яго няма такіх намераў», — заявіў Кушнер.
Пры гэтым ён абвінаваціў Украіну ў зацягванні перамоўнага працэсу з-за атакі беспілотнікаў на рэзідэнцыю Пуціна.
Паводле яго слоў, у лістападзе мінулага года амерыканскі бок пачаў дамагацца «пэўнага прагрэсу» ў перамовах, але «ў канцы снежня адбылася атака ўкраінцаў», якая «адкінула назад» расійскага прэзідэнта.
Каментары