У Германіі ў тэлефоне меркаванай расійскай шпіёнкі знайшлі больш за 17 тысяч кантактаў
Асаблівую цікавасць следства выклікала перапіска жанчыны з Андрэем М. — супрацоўнікам расійскай ваеннай разведкі ГРУ, які афіцыйна працаваў намеснікам ваеннага аташэ пасольства Расіі ў Берліне.

У Вышэйшым зямельным судзе Берліна пачаўся судовы працэс па справе 57‑гадовай Ілоны В., якую абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Расіі. На пасяджэнні выступіў супрацоўнік Федэральнага ведамства крымінальных спраў (BKA), які кіраваў расследаваннем. Ён расказаў, што ў смартфоне абвінавачанай выявілі 17 105 кантактаў, піша Bild.
Асаблівую цікавасць следства выклікала перапіска жанчыны з Андрэем М. — супрацоўнікам расійскай ваеннай разведкі ГРУ, які афіцыйна працаваў намеснікам ваеннага аташэ пасольства Расіі ў Берліне. У Telegram яны абмяняліся 956 паведамленнямі.
Акрамя таго, Ілона В. адправіла яму каля 300 электронных лістоў з інфармацыяй пра мерапрыемствы ў палітычных колах Берліна.
Паводле слоў следчага, перапіска мела асабісты характар: Ілона В. звярталася да суразмоўцы «Андруша», «Маё сонца» і «Мой любімы мужчына». Яны некалькі разоў сустракаліся асабіста, аднак следству не ўдалося высветліць, што менавіта абмяркоўвалася падчас гэтых сустрэч і ці перадаваліся там якія-небудзь матэрыялы.
Як сцвярджае абвінавачанне, на просьбу Андрэя М. жанчына дастала для яго даведнік дэпутатаў Бундэстага з біяграфіямі і фотаздымкамі парламентарыяў.
Яна таксама павінна была паведамляць, якія палітыкі з партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) ездзілі ў Маскву.
Следства лічыць, што Ілона В. дапамагала расійскаму разведчыку трапляць на закрытыя мерапрыемствы, у тым ліку пад чужым імем, і спрабавала наладзіць для яго кантакты ў Міністэрстве абароны Германіі і абароннай прамысловасці.
Ілону В. затрымалі ў студзені 2026 года. У верасні Федэральная пракуратура выставіла ёй абвінавачанне ў дзейнасці на карысць замежнай разведкі.
Яна знаходзіцца пад вартай і пакуль адмаўляецца даваць паказанні. Судовы працэс працягваецца. Наступнае пасяджэнне прызначана на 3 снежня.
Каментары