Мядзведзі насамрэч не спяць усю зіму, а вавёркі памятаюць, дзе схавалі арэхі. Тры міфы пра жыццё жывёл зімой
Мядзведзі спяць усю зіму, птушкі адлятаюць у вырай, каб не замерзнуць, а вавёркі забываюць, дзе схавалі свае запасы. Гэтыя знаёмыя са школы ўяўленні пра жыццё жывёл зімой, як піша Popular Science, аказаліся не зусім правільнымі.

З надыходам халадоў жывёлы выкарыстоўваюць розныя спосабы перажыць неспрыяльны сезон. Адны зніжаюць актыўнасць і эканомяць энергію, другія перабіраюцца ў мясціны, дзе лягчэй знайсці ежу, а трэція загадзя робяць запасы.
Аднак многія звыклыя тлумачэнні такіх паводзін занадта спрошчаныя. Навуковыя даследаванні дазволілі лепш зразумець, што насамрэч адбываецца з жывёламі зімой.
Мядзведзі не спяць усю зіму
Звычайна лічыцца, што з надыходам халадоў мядзведзі залягаюць у бярлогі і прачынаюцца толькі вясной. Насамрэч іх зімовая спячка не такая глыбокая, як у многіх дробных жывёл.
У 2011 годзе навукоўцы з Універсітэта Аляскі даследавалі, як амерыканскія чорныя мядзведзі праводзяць зіму. Назіранні паказалі, што жывёлы змянялі становішча цела ад двух разоў на дзень да аднаго разу на два дні. Часам яны ўставалі, чысцілі поўсць і папраўлялі падсцілку ў бярлозе.
У гэты перыяд абмен рэчываў у мядзведзяў зніжаецца прыкладна да 25% ад звычайнага ўзроўню. Для параўнання, у дробных жывёл падчас глыбокай спячкі ён можа падаць да 2—5%.
Яшчэ адзін распаўсюджаны міф — што мядзведзіцы нараджаюць дзіцянят, не прачынаючыся. Насамрэч перад родамі яны могуць дадаткова ўладкоўваць бярлогу, а пасля нараджэння медзведзянят вылізваюць іх, саграваюць і кормяць малаком.
Птушкі адлятаюць у вырай не з-за холаду
Звыкла лічыць, што восенню пералётныя птушкі накіроўваюцца ў цёплыя краіны, каб не замерзнуць. Аднак галоўная прычына сезоннай міграцыі — не сама нізкая тэмпература, а недахоп ежы.
Як тлумачаць спецыялісты Карнельскай арніталагічнай лабараторыі ў ЗША, многія віды птушак здольныя вытрымліваць нават моцныя маразы, калі маюць дастаткова корму. Таму частка з іх застаецца зімаваць у халодных рэгіёнах, дзе можа знайсці насенне, ягады ці іншую ежу.

А вось для відаў, якія харчуюцца пераважна насякомымі, зіма стварае сур'ёзную праблему. З надыходам халадоў колькасць даступнага корму рэзка скарачаецца, таму птушкам даводзіцца шукаць яго ў іншых рэгіёнах.
Увесну пералётныя птушкі вяртаюцца, калі ў паўночных рэгіёнах зноў з'яўляецца шмат корму, а працяглы светлавы дзень і спрыяльныя ўмовы дазваляюць выводзіць птушанят.
Вавёркі добра памятаюць, дзе схавалі арэхі
Існуе распаўсюджанае ўяўленне, што вавёркі забываюць, дзе закапалі большую частку сваіх запасаў, і менавіта дзякуючы гэтаму з нязнойдзеных арэхаў вырастаюць новыя дрэвы. Сапраўды, частка запасаў можа прарасці, аднак даследаванні паказваюць, што ў вавёрак даволі добрая памяць.
Яшчэ ў 1991 годзе навукоўцы з Прынстанскага ўніверсітэта правялі эксперымент з шэрымі вавёркамі. Жывёлам далі лясныя арэхі, якія яны закапалі на адной тэрыторыі. Затым даследчыкі прыбралі ўсе запасы і закапалі новыя арэхі — частку ў ранейшых схованках кожнай вавёркі, а астатнія ў месцах, якія выкарыстоўвалі іншыя жывёлы.

Калі вавёрак зноў выпусцілі на гэтую тэрыторыю, яны значна часцей знаходзілі арэхі ва ўласных схованках, чым у чужых, хоць тыя размяшчаліся побач. Гэта паказала, што звяркі арыентуюцца не толькі па паху, але і запамінаюць месцы, дзе схавалі ежу.
Падобныя вынікі атрымалі і польскія навукоўцы ў 2023 годзе. Яны выявілі, што вавёркі часцей выкопвалі арэхі, якія закапалі самастойна, чым тыя, што даследчыкі схавалі на той жа тэрыторыі.
Каментары