Спорт

Клуб з вёскі на 300 чалавек выйшаў у футбольную эліту. Адкуль грошы і дзе будуць гуляць?

Адна з галоўных сенсацый цяперашняга сезона ў беларускім футболе — выхад «Нівы» ў Вышэйшую лігу. Клуб базуецца ў невялікім аграгарадку, насельніцтва якога не перавышае 300 чалавек. Падзея гістарычная не толькі для Беларусі, але, магчыма, і для ўсёй Усходняй Еўропы.

Onliner паразмаўляў з кіраўніком клуба Віктарам Бабром і даведаўся, як каманда з Камянецкага раёна рыхтуецца да дэбюту ў элітным дывізіёне.

Каманда існуе з 2005 года, але доўгі час выступала выключна на аматарскім узроўні. У 2021 годзе «Ніва» з Доўбізна ўпершыню заявілася ў Другую лігу (трэці дывізіён), а ўжо праз год стала яе чэмпіёнам і выйшла ў дывізіён рангам вышэй.

У 2024 годзе клуб заваяваў бронзавыя медалі Першай лігі і атрымаў права згуляць у стыкавых матчах за пуцёўку ў Вышэйшую лігу. С3пернікам стаў наваполацкі «Нафтан», які аказаўся мацнейшым за каманду з Доўбізна ў абодвух матчах — 2:0 і 3:1.

Наступны сезон «Ніва» завяршыла на сёмым месцы. А ў цяперашнім заўважна дадала і заваявала залатыя медалі.

Зараз клуб атрымаў пуцёўку ў Вышэйшую лігу. Гэта важная падзея для нашага футбола, паколькі раней клубаў з такіх маленькіх населеных пунктаў у вышцы ніколі не было — усё ж такі ў Доўбізне жыве каля 300 чалавек. Ды і для ўсёй Еўропы такія выпадкі даволі рэдкія.

Праўда, ці выступіць «Ніва» ў Вышэйшай лізе, пакуль пытанне.

Для гэтага трэба прайсці ліцэнзаванне, гэта значыць мець прыдатны стадыён, патрэбную колькасць дзіцячых каманд і выканаць некаторыя іншыя патрабаванні. Зрэшты, кіраўнік клуба, дырэктар ААТ «АграНіва» Віктар Бобр, настроены аптымістычна.

«Трэба павялічыць колькасць месцаў на стадыёне, зрабіць больш прасторнымі распранальні. Работы вядуцца»

Кіраўнік клуба паразмаўляў з карэспандэнтам Onliner і расказаў, як ідзе падрыхтоўка да новага сезона, што яшчэ трэба будзе палепшыць і якія задачы стаяць перад камандай. А таксама падзяліўся цікавым інсайдам: у «Нівы» можа з'явіцца замежны інвестар.

— Віктар, з моманту чэмпіёнства прайшло ўжо некалькі дзён. Як каманда адсвяткавала перамогу?

— Хлопцы ў той вечар выплюхнулі эмоцыі і адзначылі перамогу. Ездзілі ў рэстаран, караоке — адарваліся, адным словам.

— Ці выпісалі футбалістам прэміі за першае месца?

— Так, згодна з палажэннем, яны былі прадугледжаныя.

— Ці была ў вас ужо размова з федэрацыяй футбола наконт выступлення каманды ў наступным сезоне?

— Не, пакуль без канкрэтных размоў — прайшло мала часу. Але на мінулым тыдні наш дырэктар ездзіў на курсы [ў федэрацыю], і там гэтую тэму крыху абмяркоўвалі. Гаварылі пра тое, што ёсць пэўныя патрабаванні, над якімі нам трэба папрацаваць. Але такога, каб селі за стол і дакладна сказалі, што трэба, — такога яшчэ не было.

— Ці ёсць у вас цвёрдая ўпэўненасць у тым, што клуб зможа выступіць у Вышэйшай лізе?

— Для пачатку трэба вывучыць усе патрабаванні. Але няма нічога немагчымага, час на вырашэнне пытанняў у нас ёсць. Пастараемся не зацягваць і ўсім заняцца ў найбліжэйшы час. Вядома, хочацца ісці далей і не спыняцца.

— Як плануеце вырашаць праблемы са стадыёнам, які пакуль не адпавядае патрабаванням Вышэйшай лігі?

— Трэба павялічыць колькасць пасадачных месцаў на арэне (цяпер стадыён змяшчае прыкладна 1300 чалавек — Onliner). За зіму мы адназначна сітуацыю выправім, работы ўжо вядуцца. Актуальнае пытанне і па распранальнях: яны павінны быць больш прасторнымі. Гэты момант пакуль вывучаем. Усё астатняе ўжо павінна падыходзіць пад рэгламент.

— Вы казалі, што, калі трэба, першыя матчы Вышэйшай лігі гатовыя правесці не ў Доўбізне. Разглядаеце толькі Брэст?

— Пакуль увогуле нічога не разглядаем. Да суботняй гульні абмяркоўваць усё гэта было б не зусім правільна, бо спачатку трэба было зрабіць справу — выйсці ў Вышэйшую лігу. А пасля матча прайшло яшчэ занадта мала часу. Калі вывучым усе патрабаванні, збяромся з кіраўніцтвам клуба і абмяркуем усе пытанні.

— Яшчэ адно патрабаванне для ўдзелу ў Вышэйшай лізе — наяўнасць жаночых і юнацкіх каманд розных узростаў. Як будзеце вырашаць гэтае пытанне?

— Што датычыцца жаночай каманды, то з наступнага года гэтае патрабаванне распаўсюджваецца на ўсіх удзельнікаў Вышэйшай лігі. Але такія каманды ёсць далёка не ва ўсіх клубаў «вышкі», таму на 2027 год яшчэ могуць зрабіць выключэнне. Што да дзіцячых узростаў, то ў «Ніве» займаецца каля 200 дзяцей. Гэтае пытанне мы таксама вывучым і пастараемся вырашыць. Магчыма, у найбліжэйшы час пашырымся. Як такая акадэмія ў нас ужо ёсць, трэнеры працуюць.

— Асноўным спонсарам каманды з'яўляецца «АграНіва». Ці зможа кампанія ў адзіночку забяспечыць фінансаванне клуба ў Вышэйшай лізе?

— Пытанне так не стаіць. Яшчэ да канца сезона да нашага клуба праявілі цікавасць патэнцыйныя інвестары, і мы разлічваем на дадатковае партнёрства. Дзякуючы ім хочам закрыць і фінансавае пытанне.

— Гаворка пра беларускіх спонсараў ці замежных?

— І тыя, і тыя, але раскрываць іх пакуль рана.

— «Ніва» стане трэцяй камандай, якая прадстаўляе ў «вышцы» Брэсцкую вобласць («Дынама» Брэст і «Баранавічы» — НН). Ці можна пры такім раскладзе разлічваць на сур'ёзную фінансавую падтрымку з боку абласных уладаў?

— Улады да клуба цікавасці не праяўлялі, і наколькі нешта зменіцца, не гатовы адказаць.

Але старшыня аблвыканкама павіншаваў клуб з перамогай, што сведчыць пра ўвагу з боку кіраўніцтва Брэсцкай вобласці. Можа быць, нас заўважаць, дзякуючы чаму і падтрымку акажуць. Усё ж такі гэта імідж не толькі Камянецкага раёна, але і вобласці.

— Ці застанецца ў камандзе яе галоўная зорка — Міхаіл Гардзяйчук?

Міхаіл Гардзяйчук — шасціразовы чэмпіён Беларусі ў складзе БАТЭ, гуляў у Лізе чэмпіёнаў, быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі ў 2017 годзе, таксама выйграў золата ў складзе брэсцкага «Дынама» ў 2019 годзе. У «Ніву» перайшоў сёлета з гродзенскага «Нёмана». За зборную Беларусі згуляў 26 матчаў — НН

— Шанцы застацца ёсць у многіх, але падбор гульцоў у камандзе — гэта праца трэнера. Пакінем гэтае пытанне на потым, паколькі змены ўсё адно будуць. А абмяркоўваць нечыю будучыню не вельмі хачу. Міша прыйшоў да нас улетку, забіў чэмпіёнскі мяч. Чаму б і не? Ён яшчэ падчас падпісання кантракта казаў, што хацеў бы згуляць супраць брэсцкага «Дынама» на адным полі, але толькі на розных паловах.

— Якія ў каманды і асабіста ў вас найбліжэйшыя планы і задачы?

— Пакуль — адпачыць. Каманда адпрацавала сезон і заслужыла адпачынак. Трэба перазагрузіцца, аднавіцца. Мне самому, праўда, гэта зрабіць будзе трохі праблематычна, бо ёсць усё ж такі асноўная праца.

Каментары

Цяпер чытаюць

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну34

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Замест гарантый Кіеву паводле артыкула 5 статута НАТА, ці не прасцей прыняць Украіну ў альянс?10

Беларуса-добраахвотніка, які кінуў гранату ў жылым доме ў Харкаве, адправілі на псіхіятрычную экспертызу

У Гродзенскай вобласці — новы інспектар ад Лукашэнкі

Лукашэнка прызначыў новага віцэ-прэм'ера, адказнага за сельскую гаспадарку6

Мінчанка купіла сапраўдную чырвоную ікру па 40 рублёў за кілаграм. Крама прадае яе па 3807

У Полацку на месцы княжацкага храма XII стагоддзя ўсё ж паставілі капліцу 2

Марыце пра першы складны айфон? Паглядзіце, што выявіла карыстанне ім5

Кожны восьмы мігрант сутыкаецца ў Польшчы з фізічным гвалтам — апытанне21

У ЗША запусцілі архіў беларускіх незалежных сайтаў20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну34

Палкоўнік-беларус заклікаў расійскіх камандзіраў самім спыніць вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць