На некаторых Android-прыладах у Беларусі выявілі шкоднасную праграму RatHat са штучным інтэлектам — расійская кампанія
Заяўляецца, што хакеры могуць атакаваць карыстальнікаў у любых краінах. Але пакуль гэта адзінкавыя выпадкі.

Шкоднасная праграма для Android RatHat, упершыню апісаная ў верасні 2026 года, была выяўленая на рэальных прыладах пацярпелых у Расіі і Беларусі. Пра гэта паведамілі ТАСС у кампаніі па кібербяспецы F6.
Шкоднаснае ПЗ дадаткова ўзмоцненае штучным інтэлектам Google Gemini 2.5 Flash-Lite, доступ да якога ажыццяўляецца праз API. Гэта дазваляе праграме адаптавацца да рэгіянальных прашывак прылад і знаходзіць неабходныя элементы. Такім чынам, хакеры могуць атакаваць карыстальнікаў у любых краінах.
У F6 папярэджваюць, што з дапамогай праграмы праз фішынгавыя сайты атакуюць карыстальнікаў фінансавых сэрвісаў.
RatHat з'яўляецца траянам — шкоднасным дадаткам, які маскіруецца пад іншую, карысную праграму. Даследаваны ўзор выдаваў сябе за «новую сацыяльную сетку».
Спецыялісты адзначаюць, што праграма атрымлівае «незвычайна высокі ўзровень прывілеяў» на заражанай прыладзе: доступ да экрана, камеры, мікрафона і іншых функцый. Пры гэтым выдача дазволаў адбываецца за некалькі секунд і выглядае як звычайнае пераключэнне паміж вокнамі.
Яшчэ адна магчымасць праграмы — падмена даных, напрыклад, падчас уводу інфармацыі банкаўскай карты.
Шкоднаснае ПЗ таксама ўмее змяняць сваю назву і значок на галоўным экране, а можа ўвогуле хаваць іх.
На гэты момант колькасць скампраметаваных прылад у Расіі і Беларусі складае «каля 10».
«Можа падацца, што гэта ўсяго толькі адзінкавыя выпадкі. Але менавіта так звычайна пачынаюцца кампаніі з выкарыстаннем новых відаў шкоднаснага ПЗ для Android, якое кіберзлачынцы выкарыстоўваюць для нападаў на кліентаў банкаў. Для Расіі статус новай пагрозы, нацэленай на карыстальнікаў фінансавых сэрвісаў, даволі хутка змяніўся з «верагоднай» на «чаканую», — адзначылі ў F6.
Каментары