«Заходзіць без стуку і пытаецца, чаму так часта мыюся». Мінчане расказваюць пра дзіўных гаспадароў
Зняць асобную кватэру ў Мінску не кожнаму па кішэні, таму многія — асабліва студэнты і маладыя спецыялісты — эканомяць і бяруць пакоі з падсяленнем да гаспадароў. На справе такое суседства нярэдка абарочваецца цяжкім выпрабаваннем.

Нядаўна мінчанка падзялілася ў Threads сваім досведам жыцця ў кватэры з пенсіянеркай, і ў каментарах тут жа сабралася яшчэ некалькі падобных гісторый, піша Onliner.by.
Дзяўчына расказала, што пасля выпуску з ВНУ летам ёй спатрэбілася бюджэтнае жыллё: асобная кватэра за 1300—1500 рублёў у месяц здавалася непад'ёмнай. Праз пару тыдняў пошукаў яна знайшла пакой плошчай 9,8 «квадрата» за пяць хвілін ад станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» за 450 рублёў у месяц.
Кватэра была з рамонтам, а гаспадыня-пенсіянерка на праглядзе пагадзілася на ўсе ўмовы: познія вяртанні з працы, рэдкія візіты сяброў і афіцыйную дамову з часовай рэгістрацыяй.
У самім пакоі стаяла шафа гаспадыні з адзеннем — пенсіянерка папярэдзіла, што будзе часам заходзіць і класці туды рэчы. Памяшканне пры гэтым на ключ не зачынялася. Дзяўчына не палічыла гэта праблемай, бо сама бывае дома толькі вечарамі і на выхадных.
Аднак спакойнае жыццё хутка скончылася. Паводле слоў беларускі, пенсіянерка стала рэгулярна прыходзіць на кухню падчас вячэры і заводзіць з ёй доўгія размовы, крытыкавала ежу, якую дзяўчына гатуе, і нават забараніла смажыць ялавічыну, бо ёй не падабаўся пах.
Дайшло і да канфлікту праз пліту: гаспадыня заявіла, што дзяўчына ўключае занадта моцны агонь і псуе заднюю сценку. Дзяўчына ўключыла мінімальны агонь і нават прасунула руку за канфорку, каб паказаць, што там нічога не награваецца і не гарыць, але пачула ў адказ: «Ты павінна сказаць, што так, я так больш рабіць не буду, і не спрачацца з гаспадыняй, навошта ты мне даказваеш сваё меркаванне».
Далей непрыемных сітуацый стала яшчэ больш. Пенсіянерка пачала сачыць, а якой гадзіне кватэрантка прыходзіць і сыходзіць, забараніла прыводзіць сябровак, брала ежу без дазволу і «вяртала» яе толькі пасля заўваг. Аднойчы дзяўчына не памыла адну талерку — і гаспадыня проста засунула яе ў сметніцу, хоць сама рэгулярна пакідала нямытымі каструлі і патэльні.
Асобна мінчанку выбівалі з каляіны выпадкі, калі гаспадыня заходзіла ў пакой без стуку і папярэджання:
«Я легла спаць, у 21:20 адчыняюцца дзверы — без стуку, без папярэджання. Заходзіць гаспадыня, уключае святло, бачыць, што я ў пакоі, кажа «ой» і зачыняе дзверы. На сённяшні дзень гэта адбылося ўжо чатыры разы. Яна не выбачаецца і робіць выгляд, што нічога не адбылося».
У каментарах карыстальнікі прызналіся, што такі сцэнар — далёка не рэдкасць. Адна з удзельніц абмеркавання згадала, як падчас вучобы здымала пакой у пажылой гаспадыні і сутыкалася з папрокамі за расход вады: «Даходзіла да такога: «Навошта ты так часта мыешся, мне вось аднаго разу на тыдзень хапае! Панаязджаюць тут са сваёй вёскі і марнуюць ваду»».
Другая дзяўчына расказала пра суседства з выкладчыцай ВНУ, якая на агульнай кухні днямі збірала харчовыя адкіды для сабак на лецішчы, праз што ў кватэры стаяў непрыемны пах. А калі ўзятая на ператрымку кошка пачала хадзіць у туалет проста на дыван, тая проста насыпала напаўняльнік на ворс.
Яшчэ адна каментатарка апісала жорсткі рэжым эканоміі і кантролю з боку гаспадыні: забарону на выкарыстанне пральнай машыны і электрапрыбораў, пастаянныя праверкі рэчаў у пакоі і падслухоўванне размоў.
Каментары