«Было страшна, што не зможам яго ўтрымаць». У Мінску два пяцікласнікі выратавалі падлетка, які тануў
Гісторыя адбылася ў ліпені.

У Мінску двое пяцікласнікаў выратавалі падлетка з інваліднасцю, які тануў. Гісторыя адбылася ў ліпені гэтага года на пляжы №2 вадасховішча Дразды, паведамляе БелТА.
Два пяцікласнікі — Вячаслаў Балуха і Мацвей Легастаеў — заўважылі ў вадзе падлетка, якому стала дрэнна, і не далі яму патануць. Цяпер за свой учынак хлопцы атрымалі падзякі.
У той дзень хлопчыкі прыехалі на пляж разам з бацькамі. Там яны пазнаёміліся з дзевяцікласнікам Сцяпанам, які плаваў непадалёк. У нейкі момант падлетак пайшоў пад ваду, а калі вынырнуў, яго пачало трэсці.
«Мы прыехалі на пляж з бацькамі, пайшлі са Славам купацца і ўбачылі хлопца гадоў 16—17. Пазнаёміліся. Спачатку ён плыў асобна, а мы трымаліся непадалёк. У нейкі момант ён пайшоў пад ваду, вынырнуў і пачаў трэсціся. Мы падплылі, паднялі яго галаву над паверхняй, перавярнулі на спіну і ўтрымлівалі так, пакуль не падаспела жанчына з берага», — расказаў Мацвей.
Неўзабаве на пляж прыехалі работнікі выратавальнай станцыі. Як высветлілася пазней, у Сцяпана інваліднасць II групы па апорна-рухальным апараце, таму самастойна справіцца з сітуацыяй у вадзе яму было асабліва складана.
«Вядома, было страшна, што не здолеем яго ўтрымаць. Бачылі, што ў хлопца зусім пасінелі губы. Калі пад’ехалі выратавальнікі, стаялі побач і вельмі спадзяваліся, што яму дапамогуць», — падзяліўся ўспамінамі Вячаслаў.
Пацярпеламу аказалі першую дапамогу на месцы, пасля чаго хуткая даставіла яго ў 3‑ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу. Пасля абследавання падлетка адпусцілі дадому з бацькам, сур'ёзных наступстваў удалося пазбегнуць.
Для саміх хлопцаў узнагароджанне стала нечаканасцю: кажуць, тады яны проста хацелі дапамагчы чалавеку. Мацвей прызнаўся, што даўно марыў стаць выратавальнікам і ў той дзень адчуў сябе ім. Падзякі пяцікласнікам уручылі ў іх роднай сярэдняй школе №83 Мінска. На цырымонію таксама прыехалі прадстаўнікі Мінгарвыканкама, адміністрацыі Маскоўскага раёна і Таварыства ратавання на водаъ. Віншаванні прымалі і мамы хлопчыкаў.
Каментары