Гомельшчына і не толькі. Дзе і як паміралі расійскія вайскоўцы ў Беларусі
У апублікаванай расійскай базе смяротнасці знайшліся запісы пра людзей, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі: на вайсковым палігоне пад Баранавічамі, у раёне размяшчэння расійскіх падраздзяленняў пад Мазыром і ў вёсцы, дзе атабарылася ПВК «Вагнер». Ёсць і смерці ад раненняў, атрыманых падчас баявых дзеянняў.

«Флагшток» супаставіў даты, месцы і прычыны смерці з паведамленнямі пра расійскіх вайскоўцаў у Беларусі.
Матэрыял створаны на аснове аналізу 380 запісаў, дзе коды прычын смерці наўпрост указваюць на гібель у выніку баявых дзеянняў або службы ў войску. У публікацыі апісаныя толькі некалькі адметных выпадкаў гібелі расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. «Флагшток» працягвае працу з базай Расстата, атрыманай з дапамогай кіберпартызанаў.
Два самагубствы пад Мазыром
28 жніўня 2024 года ў вёсцы Бокаў Мазырскага раёна загінуў мужчына. У расійскай базе смяротнасці прычынай пазначана «наўмыснае самапашкоджанне шляхам стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі».
Амаль праз паўгода, 14 лютага 2025 года, у тым жа раёне зарэгістравалі яшчэ адну смерць з такой жа прычынай.
На тэрыторыі былога аэрадрома каля вёскі Вялікі Бокаў з 2022 года размяшчаюцца расійскія падраздзяленні супрацьпаветранай абароны. Раней «Флагштоку» ўдалося ўстанавіць прысутнасць у Мазырскім раёне вайскоўцаў 1530‑га зенітнага ракетнага палка з Хабараўскага края, а таксама кантрактнікаў з Дагестана, якія, як мяркуецца, служылі ў 36‑й асобнай Лазоўскай мотастралковай брыгадзе з Забайкальскага края і забяспечвалі дзейнасць аэрадрома. Спадарожнікавыя здымкі сведчаць пра захаванне расійскай вайсковай прысутнасці пад Мазыром у 2024 годзе. Устанавіць асобы загінулых і пацвердзіць іх прыналежнасць да расійскіх узброеных сіл пакуль не ўдалося.
Загадкавая гібель на палігоне пад Баранавічамі
29 чэрвеня 2023 года на 230‑м агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці загінуў 43‑гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Яраслаўскай вобласці. У базе Расстата пазначана, што ў яго былі траўматычны ацёк і дыфузная траўма галаўнога мозга.
Прычына смерці сфармуляваная як «траўма, выкліканая стрэлам з нявызначанымі намерамі». Так пазначаюць, калі паводле наяўных звестак нельга ўстанавіць, ці было раненне выпадковым, нанесеным самому сабе або прычыненым іншым чалавекам.
Медыцынскае пасведчанне аб смерці аформілі толькі 15 жніўня, праз 47 дзён пасля гібелі.
З кастрычніка 2022 года на палігоне Абуз-Лясноўскі праходзілі падрыхтоўку пераважна расійскія вайскоўцы, мабілізаваныя восенню таго ж года. Яны ўваходзілі ў склад расійска-беларускай рэгіянальнай групоўкі войскаў. На спадарожнікавых здымках ад 4 ліпеня 2023 года відаць, што намётавы лагер да таго часу амаль згарнулі.
У лютым 2023 года ўкраінская аналітычная група «Інфармацыйны супраціў» паведамляла, што на палігоне знаходзіліся падраздзяленні:
- 89‑ы танкавы полк 11‑й мотастралковай дывізіі;
- 1307‑ы мотастралковы полк;
- падраздзяленні забеспячэння 6‑й мотастралковай дывізіі.
У спісе загінулых у вайне супраць Украіны, які вядзе «Медыязона», ёсць запіс пра чалавека, даты нараджэння і смерці якога супадаюць. Гэта радавы Генадзь Мікалаевіч Садоўнікаў, 43‑гадовы ўраджэнец Тутаеўскага раёна Яраслаўскай вобласці.

17 жніўня расійскія СМІ са спасылкай на абласныя ўлады паведамілі пра гібель кантрактніка. У публікацыях гаварылася, што ён атрымаў смяротнае раненне пры выкананні службовага абавязку. Дзе менавіта ён загінуў, не ўдакладнялася. Цырымонію развітання прызначылі на 18 жніўня ў яго родным сяле Савінскім, праз 50 дзён пасля смерці.
У сацсетках былы саслужывец Садоўнікава напісаў:
«Загінуў сябар, саслужывец Садоўнікаў Генадзь, разам у Ханкале служылі, асколак у галаву… Добры быў хлопец, вясёлы, зямля табе пухам, дружа!»
Самагубства ў вёсцы, дзе размяшчалася ПВК «Вагнер»
Яшчэ адна смерць адбылася ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, дзе размяшчаўся лагер ПВК «Вагнер». 9 жніўня 2024 года тут памёр мужчына. У расійскай базе смяротнасці прычынай пазначаная механічная асфіксія ў выніку павешання.
Улетку 2023 года, пасля мяцяжу Яўгена Прыгожына, у вёсцы разгарнулі намётавы лагер ПВК «Вагнер». У чэрвені 2024 года прадстаўнікі BELPOL ацэньвалі колькасць наймітаў, якія там заставаліся, у 100—200 чалавек. У дзень смерці мужчыны ПВК публічна заявіла пра гатоўнасць накіраваць байцоў у Курскую вобласць. Украінскія войскі пачалі наступ у гэтым рэгіёне за тры дні да гэтага.
У Беларусі працягваюць лячыць расійскіх вайскоўцаў?
«Флагшток» праверыў, ці з'яўляліся апошнім часам у расійскай базе смяротнасці запісы пра людзей, якія памерлі ў Беларусі ад раненняў, атрыманых падчас баявых дзеянняў. Ніжэй пералічаныя выпадкі, у якіх прычынай смерці пазначаныя пашкоджанні, звязаныя з баявымі дзеяннямі, — катэгорыя Y36 паводле МКХ-10. Гэтыя запісы самі па сабе не дазваляюць устанавіць, ці быў памерлы расійскім вайскоўцам і ці праходзіў ён лячэнне ў Беларусі.
Барысаў, 21 мая 2024 года. Тут зарэгістравалі смерць ад множных пашкоджанняў унутраных органаў і костак шкілета, атрыманых пры выбуху падчас баявых дзеянняў. У Барысаве знаходзіцца 592‑і вайсковы клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных сіл Беларусі.
Мінск*, 23 чэрвеня 2025 года. Памёр мужчына. У базе пазначаныя масіўная страта крыві і множныя траўмы, атрыманыя пры выбуху падчас баявых дзеянняў.
Віцебскі раён*, 24 жніўня 2025 года. Зарэгістравалі смерць мужчыны ад камбінаванай траўмы цела, атрыманай пры выбуху падчас баявых дзеянняў.
Віцебск, 22 верасня 2025 года. Зарэгістравалі смерць, звязаную з баявымі дзеяннямі з прымяненнем звычайнай зброі. Характар пашкоджанняў не ўдакладняецца.
Гомель*. Самы позні са знойдзеных запісаў датаваны 15 красавіка 2026 года. Прычынай смерці мужчыны пазначаная ўнутрычарапная траўма, атрыманая падчас баявых дзеянняў.
*Варта адзначыць, што некаторыя з гэтых смерцяў супадаюць па часе з абменамі расійскімі і ўкраінскімі ваеннапалоннымі праз тэрыторыю Беларусі.
У выпадку з загінулым у Гомелі ўдалося выявіць, што на наступны дзень у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» гомельскі медык паведаміў пра шпіталізацыю двух грамадзян Расіі пасля абмену палоннымі:
«Падчас абследавання дыягнаставаная чэрапна-мазгавая траўма, кахексія сярэдняй ступені. З улікам цяжкасці стану пацыенты шпіталізаваныя ў аддзяленне рэанімацыі».
Вучэнні таксама забіваюць
15 снежня 2024 года ў Барысаўскім раёне зафіксаваная смерць чалавека ў выніку множных пашкоджанняў органаў і костак шкілета. 14 снежня Дзяржкамваенпрам Беларусі паведаміў пра правядзенне на 227‑м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі» стрэльбавых выпрабаванняў новага беларускага гранатамётнага комплексу «Сапфір».
Яшчэ адзін выпадак смерці зафіксаваны ў Барысаве 15 жніўня 2025 года. У загінулага мужчыны дыягнаставалі траўматычны ацёк галаўнога мозга і гематому з кантузіяй мозга. У гэты час у Барысаве ўжо ішла падрыхтоўка да сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025». Першы эшалон з расійскімі вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай прыбыў у Барысаў 6 жніўня, за дзевяць дзён да гібелі мужчыны.
Каментары