Грамадства

Тэлескоп вярнуўся на месца, купал круціцца на 360°: як абнавілі Мінскі планетарый і абсерваторыю

Купал, які круціцца на 360°, і «касмічныя» свяцільнікі — у парку імя Горкага завяршаюць абнаўленне сталічнага планетарыя і абсерваторыі. Іх плануюць адкрыць для наведванняў у 2027-м, пішуць «Мінск-навіны».

Па словах загадчыка лабараторыі прыродазнаўча-навуковых ведаў «Планетарый» Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Аляксандра Мікуліча, спецыялісты ўстановы дадатковай адукацыі ўдзельнічалі ў мадэрнізацыі з самага пачатку: складалі тэхнічнае заданне і кантралявалі этапы яго рэалізацыі. За непасрэднае абнаўленне комплексу з касмічным ухілам у парку імя Горкага адказвалі УКБ Заводскага раёна (заказчык) і БУ-199 Будтрэста № 35 (генпадрадчык).

Зорны дом

Будаўнікі падышлі да справы адказна: стаяла задача захаваць былы выгляд будынкаў. Аднак шэраг змен усё ж унеслі. Так, на аднайменны будынак вярнуўся надпіс «Планетарый», прычым спецыялісты аднавілі шрыфт першапачатковай вывескі. Незвычайны дах яго купала і адну са сцен упрыгожылі 3 700 лускавінак рознага памеру, якія стварылі лёгкі мастацкі ўзор. Іх выраблялі проста на аб’екце.

Унутры будынак змяніўся да непазнавальнасці. Цалкам замянілі інжынерныя сеткі, у тым ліку вентыляцыю, ацяпленне, водаправод, каналізацыю і сувязь. Акрамя таго, пашырылі санвузлы, уладкавалі безбар’ернае асяроддзе. У калідорах паклалі плітку, у кабінетах — ламінат, пафарбавалі сцены, усталявалі арыгінальныя дзверы і павесілі незвычайныя «касмічныя» свяцільнікі. Нават выхады каналаў вентыляцыі тут цяпер нагадваюць соплы касмічнага карабля.

Для зорнай залы закупляецца абсталяванне — сучасная відэапраекцыйная сістэма, сферычны экран і цэнтральны оптыка-механічны апарат. Паклапаціліся і пра камфорт гледачоў. Усяго там змогуць размясціцца 79 чалавек. Замест старых сядзенняў усталююць крэслы з мяккімі спінкамі, каб назіраць за праекцыяй зорнага неба было зручна.

З’явіліся ў абноўленым будынку планетарыя і зусім новыя прасторы. Упершыню тут абсталявалі паўнавартасны навучальны клас на 12 месцаў. Таксама пачне функцыянаваць уласная студыя гуказапісу і відэамантажу.

— Гэта адкрые дадатковыя магчымасці для вытворчасці адукацыйных поўнакупальных фільмаў сумесна са студэнтамі і навучэнцамі, — запэўніў суразмоўца. — Акрамя таго, спецыялістам трэба будзе адаптаваць пад новае праекцыйнае абсталяванне ўжо наяўную вялікую бібліятэку такога кшталту фільмаў.

На вагу золата

На фінішнай прамой і работы ў абсерваторыі. Тут аднавілі канструкцыю будынка і вінтавую лесвіцу, змантажавалі вітражы, замянілі сеткі і выканалі аздабленне.

Больш за тое, сумеснымі намаганнямі А. Мікуліча і сталічных аматараў астраноміі ўдалося вярнуць у строй унікальны тэлескоп нямецкай фірмы Carl Zeiss, выпушчаны яшчэ ў пачатку XX стагоддзя.

— Гэта сапраўдны дзейны музейны экспанат з фокуснай адлегласцю 1 950 мм і дыяметрам аб’ектыва 130 мм. Такіх прыбораў у добрым стане ў свеце засталіся адзінкі, — падкрэсліў суразмоўца. — Упершыню за яго аднаўленне разам з мінскімі энтузіястамі ўзяліся яшчэ ў 2009 годзе. Тады будынак пуставаў, а сам прыбор пакрыўся іржой. Гэтым разам давялося дэмантаваць прыладу, каб зноў выканаць неабходныя работы: перабралі механізмы, паправілі рухавік, нанова пафарбавалі корпус. Дарэчы, арыгінальная нямецкая оптыка, аб’ектывы, прыцэлы захаваліся ў выдатным стане, таму пры належным даглядзе тэлескоп праслужыць мінчанам шмат гадоў.

Удалося вырашыць яшчэ адну праблему: раней на апорную калону тэлескопа перадаваліся вібрацыі ад будынка. Падчас рэканструкцыі будаўнікі выканалі якасную вібраразвязку — ізалявалі калону ад перакрыццяў. Цяпер назіранні можна праводзіць без трымцення выявы.

Таксама цалкам замянілі галоўны «галаўны ўбор» абсерваторыі. Стары купал перыядычна функцыянаваў са збоямі, яго даводзілася круціць уручную з дапамогай спецыяльнага кола, каб адкрыць. Новую «шапку» вырабілі ў Маскве, а збіралі ўжо на месцы.

— Гэта даўгавечная алюмініевая канструкцыя з электрычным прывадам, якая круціцца на 360°. Цяпер ёй лёгка зможа кіраваць любы лектар. Больш за тое, аўтаматыка дазваляе без цяжкасцей расхінаць створкі і абслугоўваць купал нават узімку, — удакладніў А. Мікуліч.

Што да публічных назіранняў у абсерваторыі, асноўны сезон традыцыйна доўжыцца з красавіка да лістапада.

Усё родам з дзяцінства

Для А. Мікуліча праца ў планетарыі — справа ўсяго жыцця. Любоў да космасу зарадзілася з малых гадоў: яго дзядуля працаваў дырэктарам сельскай школы, таму быў доступ у кабінет фізікі, дзе захоўваўся сапраўдны тэлескоп.

— Першае бачанне Месяца праз акуляр, можна сказаць, прадвызначыла лёс: пазней скончыў фізічны факультэт БДУ, выкладаў у ВНУ, а затым пачаў працаваць з дзецьмі, — падзяліўся суразмоўца. — Будучы школьнікам, заўсёды марыў патрапіць у мінскую абсерваторыю, якая тады стаяла закрытай. Праз гады я ўдзельнічаў у аднаўленні яе работы.

Сёння Аляксандр Мікуліч не толькі кіруе лабараторыяй і навучае маладое пакаленне, але і захапляецца астрафатаграфіяй, займаецца навукай. У яго ёсць уласная невялікая абсерваторыя ў сталіцы для планетнай здымкі. Больш за тое, разам са школьнікамі і аматарамі астраноміі ён дапамагае разлічваць траекторыі падзення нябесных цел. Дарэчы, так быў знойдзены метэарыт Смалявічы. З навучэнцамі адпрацавалі методыку пошуку мікраметэарытаў. Адзін з такіх знайшлі проста на старым плоскім даху Мінскага планетарыя, даказаўшы яго касмічнае паходжанне з дапамогай хімічнага аналізу.

Па словах спецыяліста, сёння далучыцца да астраноміі прасцей, чым калі-небудзь: аматарскі тэлескоп каштуе як звычайны смартфон, таму ў горадзе хапае энтузіястаў, якія самастойна асвойваюць, напрыклад, астрафатаграфію.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Беларусі заблакуюць Spotify24

У Беларусі заблакуюць Spotify

Усе навіны →
Усе навіны

Самалёт Лукашэнкі вылецеў у Аман8

Чаму ў Беларусі імкліва выраслі цэны на скумбрыю і яйкі? Тлумачыць эканаміст6

Якія авіякампаніі закрываюцца ці ў крызісе з-за росту цэн на паліва?

«БелДжы» пачаў збіраць новы Geely Atlas. Продажы пачнуцца ў снежні1

Ініцыятыва Maldzis набыла этнаграфічную карту Яўхіма Карскага13

У Dana Mall з'явілася навагодняя інсталяцыя4

У 49 гадоў памёр палкоўнік Дунаенка, герой скандалу з прастытуткамі17

Камера зафіксавала, як еўрапейскі лясны кот на Палессі выбіраецца на свет і азіраецца па баках ВІДЭА4

Лідары ЕС датэрмінова завяршылі саміт, так і не дамовіўшыся наконт бюджэту і новага крэдыту для Украіны4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі заблакуюць Spotify24

У Беларусі заблакуюць Spotify

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць