Сяргей Ціханоўскі абурыўся беларускай мовай Святланы Ціханоўскай
«І навошта яна наогул там па-беларуску загаварыла? Усе вакол па-руску гавораць. … Гэта ж непавага да вядучага стрыма і да беларусаў, якія прыйшлі. Ну, гавары па-руску. Ну, якія праблемы?»

Блогер Сяргей Ціханоўскі закінуў лідарцы дэмакратычных сіл Святлане Ціханоўскай, што на сумеснай сустрэчы з беларусамі ў Нью-Ёрку яна гаварыла па-беларуску. Ён назваў гэта непавагай да рускамоўнай аўдыторыі і да яго самога як мужа.
Пра гэта ён кажа ў новым відэа на ютуб-канале «Краіна для жыцця». Ціханоўскі пераглядае і каментуе свой стрым з Ціханоўскай, які прайшоў 24 верасня 2025 года ў Нью-Ёрку падчас Генеральнай асамблеі ААН.
Калі Святлана на запісе пачынае выступ з падзякі беларусам па-беларуску, Ціханоўскі спыняе відэа:
«Вось многія кажуць, Святлана Георгіеўна вырасла, ужо навучылася размаўляць… А вось мне здаецца, тут трэба было, вядома, па-хатняму так пачынаць размаўляць з беларусамі».
«Навошта яна наогул там па-беларуску загаварыла? Усе вакол па-руску гавораць. Яна дома па-руску размаўляе, думае па-руску. Я таксама гавару па-руску. Гэта ж непавага да вядучага стрыма і да беларусаў, якія прыйшлі. Ну, гавары па-руску. Ну, якія праблемы?»
Паводле Ціханоўскага, на іншых эфірах Святлана размаўляе па-руску, а з ім — не:
«Ходзіш ты на свае эфіры, там, дзе ты па-беларуску размаўляеш, — калі ласка… А да мужа свайго, які гаворыць па-руску, — гэта была непавага, абсалютная непавага».
Ён мяркуе, што такім чынам Ціханоўская хацела «дыстанцыявацца» ад яго як «беларускамоўны палітык», і дадае: «Можа, гэта ў іх наогул усё было запланавана».
Падчас самога стрыма ў 2025 годзе Ціханоўскі не рэагаваў на тое, што жонка гаварыла па-беларуску. Цяпер ён двойчы кажа, што многае ў тым эфіры «толькі цяпер пачынае заўважаць».
Каментары