Культура

«Купалаўцы» презентавалі сваю версію «Адысеі» — там міфалагічныя выпрабаванні суіснуюць са штодзённымі цяжкасцямі беларусаў

У прачытанні «Вольных Купалаўцаў» «Адысея», як і мусіла быць, атрымалася беларускай — з перажываннямі пра дом, дакументы, пытанні справядлівасці і кармы разам з фінансавым выжываннем.

Але абраная форма кабарэ і ўстаўкі арыгінальнага Гамера не далі гэтаму скаціцца ні ў пакуты, ні ў будзённы дзённік. Émigré Cabaret «Адысея» атрымаўся лёгкім, сакавітым і адначасова з тым усыпаны кручкамі, якія чаплялі гледача на асабістае капанне ў вечных тэмах кахання, жыцця, смерці, гераічнасці, здрады і чалавечай слабасці.

Валянціна Гарцуева, Сяргей Чуб, Дзяніс Дудзінскі і Уладзімір Пугач. Фота: «Наша Ніва»

Са зваротам да гамераўскай «Адысеі» «Купалаўцы», самі таго не ведаючы, аказаліся па выніку, можна сказаць, на хайпе. Яшчэ былі свежыя ўражанні ад маштабнай стужкі ў рэжысуры Крыстафера Нолана з Мэтам Дэйманам у галоўнай ролі, як яны анансавалі сваю прэм’еру пра шлях вяртання дадому.

Беларускім Адысеем у спектаклі стаў купалавец Сяргей Чуб, які расказаў журналістам, што першапачаткова ім марылася зрабіць нейкую пастаноўку, якая была б для гледачоў тэрапеўтычнай. Па выніку вакол гэтага жадання аформілася каманда, тон працы якой задаў украінскі рэжысёр Мікола Мішын — ён і прапанаваў звязаць гэта з «Адысеяй», і напісаў пад будучую пастаноўку п’есу.

Візуальна гледачы адразу трапляюць у сапраўднае кабарэ, перад уваходам у якое ў гардэробе ў вас гасцінна прымуць верхняе адзенне самі ж купалаўцы.

«Мы ўсё самі робім — і граем, і квіткі прадаем, і адзенне прымаем», — пажартуе акцёр Андрэй Дробыш.

Хаця «Адысея» — прадукт калабарацыі з рознымі творцамі. Так, музыку да спектакля напісаў спявак, лідар «J:Mors» Уладзімір Пугач, тэматычнае касцюмернае афармленне — справа рук мастачкі Мілы Гагенка. А яшчэ адным запрошаным акцёрам у праекце стаў вядучы і шоумен Дзяніс Дудзінскі — яму дасталася роля вострага на слаўцо канферансье.

Нягледзячы на наяўнасць польскіх субтытраў, у працэсе прагляду складваецца адчуванне, што ў пастаноўцы схавана настолькі шмат чыста беларускіх пасхалак, што напоўніцу рассмакаваць такую рэч толькі беларусы і змогуць. Прычым, найперш з ліку міленіялаў і сталейшых — з тых, каму вядомыя першыя хіты «J:Mors» і мінулае іншых задзейнічаных асоб.

Дзяніс Дудзінскі і Сяргей Чуб. Фота: «Наша Ніва»

Адной жа з асноўных асаблівасцяў спектакля можна назваць жаданне каманды разбурыць сцяну паміж гледачом і акцёрскім складам. Гэта на самым пачатку робіцца пры дапамозе жартаўлівага прыёму — глядач нібыта выпадкова падслухвае закулісную размову, з якой даведваецца, што асноўны склад трупы захрас у аэрапорце, і перад тымі, хто даступны на месцы, паўстае дылема — адмяніць запланаваную імпрэзу ці зрабіць выгляд, што нічога не адбылося і неяк станчыць, нешта прамовіць, сяк-так спець. Глядач жа, маўляў, не ведае, як яно мусіла быць у арыгінале.

Гэта адразу разбурае патэнцыйную пафаснасць класічнага аповеду старажытнагрэцкай паэмы ды і змяняе ўсю танальнасць — публіка чакае, што перад ёй разгорнецца не класічная, адрэпетаваная дзея, а як бы паўімправізацыя ад людзей, якія апынуліся ў нязграбнай сітуацыі і выкручваюцца як могуць, пераказваючы «Адысею» як памятаюць і наколькі здольныя.

Ты, вядома, разумееш, што гэта гульня ўнутры гульні, але раз-пораз ды зазнаеш нялоўкасць падчас працяглай паўзы там, дзе акцёры нібыта не ведаюць словаў. Ці нібыта збіраюцца з духам упершыню ў жыцці публічна праспяваць.

Валянціна Гарцуева і Уладзімір Пугач. Фота: «Наша Ніва»

Пры гэтым знаходзіцца тут месца і сур’ёзным маналогам і дыялогам у духу класічнага Гамера. Адной з самай моцных сцэн падаецца сустрэча Адысея з мёртвымі ў падзямеллі Аіда. Дадаткова настрой на яе задае Дзяніс Дудзінскі, прапаноўваючы ўсім прыстутным у залі задумацца над тым, што яны б спыталі ў мёртвых, калі б выпала магчымасць.

Нароўні з ёй па прадуманасці і ўплыве ідзе спроба Адысея праплысці паміж Сцылай і Харыбдай. У нейкі момант нават не верыцца, што атмасфера фізічнага напружання і эфект прысутнасці цэлай каманды весляроў у моры дасягаецца гульнёй усяго чатырох чалавек, трое з якіх робяцца адным арганізмам-аркестрам, які і грае на інструментах, і рухаецца ў такт, нібыта сапраўды грабе і прарываецца праз рызыку смерці.

Асобна хочацца тут вылучыць ігру Валянціны Гарцуевай, якая за амаль дзве гадзіны пастаноўкі змяняе некалькі ўбранняў, але куды больш істотна — таленавіта мяняе свае іпастасі: яно то Афіна, то Антыклея, то Каліпса, то вядомая нам актрыса Купалаўскага Валянціна, якая вымушаная займаць чаргу па талончык у польскім ужондзе (агульная назва дзяржаўнай, муніцыпальнай ці адміністрацыйнай установы ў Польшчы) і змагацца з бюракратыяй, каб проста чалавекам звацца. І чалавечы гнеў ад такіх абставінаў можа быць не меншым, чым злосць гамераўскіх персанажаў.

Валянціна Гарцуева ў вобразе Каліпса. Фота: «Наша Ніва»

Устаўкі пра асабістае, набалелае ад эміграцыі і жыццёвых выклікаў, дзе таксама прыходзіцца быць героем, хаця кожны з нас зусім не Адысей, знаходзяць максімальны водгук у публікі. Пры гэтым яны арганічна спалучаюцца з міфалогіяй, бо, па факце, для кожнага ў зале актуальнае пытанне дарогі дадому і выпрабаванняў, якія прыходзіцца пераадолець па шляху. Яно толькі можа мяняць адценні. Мы ўсе тут не Адысей і Адысей адначасова.

Валянціна Гарцуева ў вобразе багіні Афіны. Фота: «Наша Ніва»

Каментары

Цяпер чытаюць

У Кобрыне кавярню аформілі ў «сучасным беларускім стылі» — намалявалі на сцяне дзяўчыну ў какошніку24

У Кобрыне кавярню аформілі ў «сучасным беларускім стылі» — намалявалі на сцяне дзяўчыну ў какошніку

Усе навіны →
Усе навіны

Алімпійскі чэмпіён Антон Кушнір стаў падзарабляць відэавіншаваннямі1

Прызналі «экстрэмісцкім» спартыўны чат «Волейбол в Минске»

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны51

Папулярная крама ў Польшчы прызналася, што гандлявала няякаснымі прэзерватывамі4

Кіроўца маршруткі адмовіўся везці дзіця, якое не мела наяўных грошай. Ці меў ён рацыю?2

У Сенненскім раёне прадаюць з аўкцыёна старадаўнюю паштовую станцыю1

У Тураве збіраюцца за два мільёны рэканструяваць невялікі мост цераз канал

Ракетам «Пэтрыёт» нестае спецыяльнай віскозы: нечаканы дэфіцыт на сусветным рынку1

Зяленскі: Для ўдару па Крымскім мосце мы прымянялі толькі ўласную зброю6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Кобрыне кавярню аформілі ў «сучасным беларускім стылі» — намалявалі на сцяне дзяўчыну ў какошніку24

У Кобрыне кавярню аформілі ў «сучасным беларускім стылі» — намалявалі на сцяне дзяўчыну ў какошніку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць