Украінскія крылатыя ракеты прабілі СПА моста, у склад якога ўваходзяць і С-400, і «Панцыры».

Аўтамабільны пралёт і арка Крымскага моста абрынуліся ў ваду пасля другой за суткі атакі, паведамляюць украінскія маніторынгавыя каналы і расійскія ваенныя блогеры. Яны публікуюць фота і відэа наступстваў удару. Расійскія ўлады пацвердзілі новую атаку і спыненне руху, але маштаб разбурэнняў пакуль не раскрылі.
У ноч на аўторак, 17 лістапада, каналы Exilenova+ і Supernova+ апублікавалі відэа ўдараў па мосце. Пад удар трапіла адна з арак моста.
Раніцай з’явіліся кадры наступстваў. «Там толькі адна арка стаіць, другой няма», — кажа аўтар відэа, апублікаванага Supernova+.
Пра абвал «аднаго пралёта і аркі аўтамабільнай часткі моста» напісаў і расійскі праваенны блогер Барыс Рожын.
У сеціве таксама з'явілася відэа, на якім, як сцвярджаецца, бачная крылатая ракета FP-5 «Фламінга» за секунду да ўдару. Пацвярджэння тыпу выкарыстанай зброі пакуль няма.
Прызначаны Расіяй кіраўнік анексаванага Крыма Сяргей Аксёнаў паведаміў пра паўторную атаку каля 1:35. Аўтамабільны рух па мосце спынілі яшчэ ў 23:54 папярэдняга дня. Жыхароў заклікалі ўстрымацца ад паездак у яго кірунку.
Папярэдні ўдар па мосце адбыўся раніцай 16 лістапада. Пасля яго з’явіліся здымкі пашкоджанага дарожнага палатна як мінімум у двух месцах і дэфармаванай аркі.
Расійскія і лукашэнкаўскія СМІ пра руйнаванне Крымскага моста дагэтуль не паведамілі.
Замест гэтага шматлікія расійскія каналы пішуць пра «адбіццё атакі ўкраінскіх беспілотнікаў» і нібыта «прадухіленне масавых тэрактаў, за якімі стаялі ўкраінскія спецслужбы».
Афіцыйная інфармацыя Масквы пакуль такая: «Рух аўтамабіляў і цягнікоў па Крымскім мосце часова прыпынілі пасля паўторнай атакі БПЛА за суткі, паведамілі ў Мінтрансе.
Паводле папярэдніх звестак, абышлося без пацярпелых. Спецыялісты ўжо прыступілі да ацэнкі шкоды, а кіроўцаў заклікалі ўстрымацца ад паездак у бок моста да з'яўлення афіцыйнай інфармацыі аб аднаўленні руху.
Тым часам на пад'ездах працягваюць працаваць пункты харчавання і абагрэву. Як паведаміў губернатар Краснадарскага края Веніямін Кандрацьеў, пры неабходнасці іх колькасць павялічаць».
Каментары