Правакацыя з вялікай колькасцю ахвяр і абвінавачваннем Украіны. Стала вядома, якую правакацыю рыхтавалі на польска-расійскай мяжы
Расійскія спецслужбы планавалі аперацыю з вялікай колькасцю ахвяр, піша Rzeczpospolita.

Расійскую аперацыю рыхтавалі на канец кастрычніка — пачатак лістапада, паведамляе Rzeczpospolita. Газета спасылаецца на высокапастаўленых суразмоўцаў, звязаных з сілавымі структурамі і знаёмых з падрабязнасцямі польскай прэвентыўнай аперацыі.
Паводле іх, план прадугледжваў дыверсію на польскай тэрыторыі паблізу мяжы, магчымае перасячэнне мяжы і інсцэніраваны напад на аб’ект у самой Расіі. Адказнасць за гэта хацелі ўскласці на Украіну.
«У нас была інфармацыя пра канкрэтныя аб’екты, дзе мусіў адбыцца напад. Расіяне разлічвалі на вялікую колькасць ахвяр», — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Якія менавіта аб’екты маглі стаць цэлямі, ён не раскрыў.
Іншая крыніца параўнала задуму з Глівіцкай правакацыяй 1939 года, калі нацысты інсцэніравалі напад на нямецкую радыёстанцыю, каб абвінаваціць у ім Польшчу.
«Гэта мусіла нагадваць нешта кшталту Глівіцкай правакацыі. Вядома, тых, хто перасёк бы мяжу, найхутчэй застрэлілі б або знайшлі б пры іх доказы таго, што яны з Украіны. Мэтай было спыненне дапамогі Украіне», — патлумачыў суразмоўца газеты.
Хто мусіў выканаць аперацыю, дакладна невядома. Выданне піша, што гэта маглі быць, напрыклад, грамадзяне Украіны, якія жывуць у Польшчы, або людзі, прывезеныя з іншай краіны.
Папярэджанне пра пагрозу паступіла ад партнёрскіх спецслужбаў. На магчымасць правакацыі ўказвалі і польскія аналітыкі. Яшчэ адным трывожным сігналам, паводле крыніц газеты, стала з’яўленне з расійскага боку афіцэраў спецслужбаў, якія каардынуюць дыверсійныя дзеянні.
У адказ Польшча ўзмацніла ахову мяжы. У памежныя раёны накіравалі паліцэйскіх з іншых рэгіёнаў і дадатковых супрацоўнікаў Агенцтва ўнутранай бяспекі. Узмацнілі падраздзяленні памежнай аховы.
У Вармінска-Мазурскім ваяводстве арганізавалі вучэнні спецвойскаў. Туды таксама накіравалі элітныя баявыя групы спецпадраздзяленняў GROM, NIL і AGAT, у тым ліку з беспілотнікамі.
«Мэтай было стрымліванне, але таксама патэнцыйныя дзеянні на апярэджанне», — сказаў чалавек, знаёмы з падрабязнасцямі аперацыі.
Каардынатар польскіх спецслужбаў Томаш Сямоняк пацвердзіў, што пагрозу ацанілі як рэальную, а на мяжы дзейнічалі памежнікі, паліцыя і войска.
«Калі мы зрабілі пэўныя крокі, то таму, што палічылі: існуе рэальная пагроза», — заявіў ён.
Аднак публічна пацвярджаць канкрэтны сцэнар нападу з вялікай колькасцю ахвяр міністр не стаў.
«Нават калі ў нас ёсць такая інфармацыя, мы ёю не дзелімся. Мы можам рабіць гэта ў выпадку фактаў, калі нешта адбылося або было прадухілена. Астатняе — пэўная форма спекуляцыі», — сказаў Сямоняк.
Паводле звестак Rzeczpospolita, падобныя папярэджанні атрымалі таксама спецслужбы Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Каментары