Беларускі пакерыст Арцём Ласоўскі сарваў буйны куш на прэстыжным турніры на Паўночным Кіпры.

27‑гадовы гулец зарабіў больш за $1 млн, прычым канчатковая сума яго выйгрышу пакуль невядомая, паведамляе Onliner.by.
Каб узяць удзел у турніры, гульцам трэба было заплаціць па $40 тысяч. Усяго арганізатары зарэгістравалі 145 заявак. Беларус аказаўся мацнейшым за сапернікаў і атрымаў за першае месца $679 тысяч. Але гэта яшчэ не ўсё.
Паводле правілаў турніру, удзельнікі атрымліваюць дадатковыя грашовыя ўзнагароды за выбіванне сапернікаў. Ласоўскі зарабіў дзевяць такіх бонусаў, кожны з якіх можа прынесці ад $40 тысяч да $400 тысяч. Такім чынам, гарантаваны выйгрыш беларуса склаў як мінімум $1,039 млн. Дакладная сума стане вядомая пасля адкрыцця прызавых канвертаў.
Цікава, што гэта ўжо другая перамога Ласоўскага на турнірах Triton. У 2024 годзе ён выйграў спаборніцтвы з такім жа бай-інам у Чарнагорыі. Прычым абодва разы беларус не проста трапляў у прызёры, а адразу станавіўся чэмпіёнам.
Усяго за кар'еру беларускі пакерыст зарабіў на покерных турнірах амаль $4,6 млн прызавых — і гэта без уліку дадатковых бонусаў за апошнюю перамогу.
Каментары