Свет

У Афрыцы зазелянела пустыня — і прычына гэтаму не толькі змена клімату

У Сахелі, які некалі быў сінонімам засухі і голаду, цяпер больш вады, чым за апошнія дзесяцігоддзі, а ўзровень грунтавых вод месцамі падняўся на чатыры метры і больш. З падрабязнасцямі знаёміць Yale Environment 360.

Горад Дагондучы ў Нігеры, дзе жыццё насельніцтва моцна залежыць ад грунтавых вод. У апошнія дзесяцігоддзі іх запасы ў Сахелі павялічваюцца. Фота: Sergey Mayorov / 500px via Getty Images

На паўднёвай мяжы Сахары адбываюцца дзіўныя змены. У некалі засушлівых раёнах зноў напаўняюцца калодзежы, аднаўляюцца перасохлыя рэчышчы рэк, з'яўляецца больш расліннасці. Фермеры атрымліваюць магчымасць арашаць палі, а ў некаторыя мясціны вяртаюцца жывёлы, якія даўно адтуль зніклі.

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму карціна была зусім іншай. У 1970—1980‑я гады Сахель, шырокая паласа паўзасушлівых зямель на поўдзень ад Сахары, якая цягнецца праз Сенегал, Маўрытанію, Малі, Буркіна-Фасо, Нігер, Чад і Судан, перажыў катастрафічныя засухі. Паводле некаторых ацэнак, ад голаду і хвароб тады загінула да мільёна чалавек.

Але з 1990‑х гадоў дажджы пачалі паступова вяртацца, а за апошнія пяць гадоў гэты працэс паскорыўся.

Асабліва прыкметныя змены ў Нігеры, дзе ўзровень грунтавых вод на значнай частцы тэрыторыі падняўся ў сярэднім прыкладна на чатыры метры. Запасы вады ў падземных ваданосных пластах павялічыліся прыкладна на 15%. Аднаўленне водных запасаў у Сахелі пацвярджаюць і спадарожнікавыя назіранні NASA.

Паступова аднаўляецца і возера Чад, якое ў другой палове XX стагоддзя катастрафічна абмялела. У 2024 годзе ў перыяд найбольшага напаўнення яго плошча перавысіла 23 тысячы квадратных кіламетраў, што амаль у дзесяць разоў больш, чым у сярэдзіне 1980-х.

Як еўрапейскі вугаль паўплываў на дажджы ў Афрыцы

Колькасць ападкаў у Сахелі залежыць ад заходнеафрыканскага мусону, які летам прыносіць вільготнае паветра з Гвінейскага заліва. Чым далей на поўнач ён прасоўваецца, тым больш дажджоў атрымлівае рэгіён.

Падчас засух мінулага стагоддзя мусон не даходзіў дастаткова далёка на поўнач. Адной з прычын, як цяпер лічаць навукоўцы, было забруджванне паветра ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы.

Пры спальванні вугалю ў атмасферу трапляюць злучэнні серы, з якіх утвараюцца драбнюткія часцінкі, вядомыя як сульфатныя аэразолі. Яны адбіваюць частку сонечнага святла і спрыяюць ахаладжэнню зямной паверхні.

У мінулым такія выкіды стваралі над Паўночнай Атлантыкай своеасаблівую заслону, якая стрымлівала награванне акіяна. Гэта перашкаджала мусону прасоўвацца ўглыб Афрыкі і спрыяла засухам у Сахелі.

Калі Еўропа і Паўночная Амерыка скарацілі спальванне вугалю і выкіды забруджвальных рэчываў, ахаладжальны эфект аэразоляў аслабеў. Разам з глабальным пацяпленнем гэта прывяло да награвання Паўночнай Атлантыкі, дзякуючы чаму мусон стаў прасоўвацца далей на поўнач і прыносіць больш дажджоў.

Такую сувязь пацвярджаюць і высновы Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату (IPCC).

Змяненне запасаў грунтавых вод у Афрыцы ў лютым 2003 і 2025 гадоў у параўнанні з сярэднім узроўнем за 1948—2012 гады. Сіні колер паказвае павелічэнне запасаў, карычневы — скарачэнне. Жоўтым абведзены Сахель, дзе за гэты час грунтавых вод стала значна больш. Крыніца: NASA / Yale Environment 360.

Вяртанне вады мае і адваротны бок

Большая колькасць ападкаў адкрывае новыя магчымасці для сельскай гаспадаркі. Напрыклад, у паўднёвым Нігеры фермеры паспрыялі натуральнаму аднаўленню каля 200 мільёнаў дрэў на палях, дзе раней амаль не было расліннасці. А па словах адной з фермерак з Чада, дзякуючы вяртанню вады цяпер можа апрацоўваць у чатыры разы больш зямлі, а ўраджай цыбулі ў яе падвоіўся.

Аднак дажджы вяртаюцца нераўнамерна. Усё часцей яны выпадаюць у выглядзе магутных ліўняў, якія выклікаюць разбуральныя паводкі. З 1980‑х частата асабліва моцных навальніц у рэгіёне вырасла ўтрая.

У 2024 годзе паводкі затапілі сталіцу Нігера Ніямей, а ў сельскіх раёнах разбурылі больш за 150 тысяч дамоў, пабудаваных з глінянай цэглы. У краіне, якая раней пакутавала пераважна ад засух, паводкі цяпер забіраюць больш жыццяў, чым недахоп вады.

Парадокс у тым, што менавіта моцныя ліўні дапамагаюць папаўняць падземныя запасы. За дзесяцігоддзі засухі глеба ў многіх мясцінах стала цвёрдай і дрэнна прапускае ваду. Таму падчас залевы яна хутка сцякае ў нізіны і перасохлыя рэчышчы, дзе паступова прасочваецца ў падземныя ваданосныя пласты.

Але навукоўцы падкрэсліваюць, што аднымі толькі дажджамі павелічэнне водных запасаў не растлумачыць. Сваю ролю адыгрываюць і мясцовыя спосабы ўтрымання вільгаці ў глебе, аднаўленне расліннасці і праекты па зборы дажджавой вады.

Большасць кліматычных мадэляў прагназуе, што ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі ападкаў у Сахелі стане яшчэ больш. Гэта можа даць новы штуршок развіццю сельскай гаспадаркі. У Нігерыі, напрыклад, ужо плануюць аднавіць буйную арашальную сістэму на былых берагах возера Чад, закінутую шмат гадоў таму праз недахоп вады.

Аднак далейшае развіццё падзей застаецца непрадказальным. Хоць у цэлым дажджоў у Сахелі становіцца больш, яны па-ранейшаму размяркоўваюцца нераўнамерна. Напрыклад, моцнае Эль-Ніньё можа прынесці засуху на ўсход рэгіёна, а на захадзе выклікаць новыя паводкі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны41

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін, Трамп і Сі паціснулі адзін аднаму рукі і коратка пагутарылі 7

«Цяпер я здаю 41 кватэру ў Мінску і хачу вырасці да 100 кватэр». Беларус расказаў пра бізнэс на кароткатэрміновай арэндзе жылля31

У Пятрухіна на стрыме выбілі з рук тэлефон. Блогер абрынуўся на беларусаў Уроцлава37

Самы доўгі тралейбусны маршрут Мінска збіраюцца зрабіць яшчэ даўжэйшым

У мінскім метро расказалі, колькі часу займае паездка ад першай да апошняй станцыі

Кіраўнік МЗС Літвы пракаментаваў магчымасць змякчэння санкцый супраць Беларусі і яе ролю ў мірных перамовах6

Гіганцкі фантан працаваў сёння раніцай у Мінску

Памерла Ганна Садоўская — дзяячка польскай супольнасці ў Ваўкавыску1

«Лік ідзе на хвіліны, а сваякі павінны бегаць па вуліцы і шукаць мужчын». Ці павінна хуткая дапамога выносіць пацыента з кватэры?13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны41

Від на Каложскую царкву безнадзейна сапсаваны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць