У Бразіліі людзі з ізаляванай групы выйшлі з лесу і папрасілі ежы. Гэта трывожны знак ВІДЭА
Падобных кантактаў з ізаляванымі прадстаўнікамі народа ава не фіксавалі дзесяцігоддзямі. Праваабаронцы бачаць у гэтым трывожны сігнал: незаконныя лесарубы, паляўнічыя і жывёлаводы выцясняюць іх з уласных земляў. Менавіта гэта магло прымусіць людзей звярнуцца па ежу, піша Reuters.

Фота і відэа сустрэчы 17 лістапада апублікавала арганізацыя Survival International, якая абараняе правы карэнных народаў. Паводле яе, сустрэча адбылася напярэдадні ў штаце Мараньян на паўночным усходзе Бразіліі.
На кадрах бачная група мужчын, жанчын і дзяцей на ўзлеску. Яны без адзення, у каралях, некаторыя мужчыны трымаюць лукі і доўгія стрэлы. Паводле мясцовых жыхароў, людзі ўзялі прапанаваны ім ямс — ядомы клубень, падобны да бульбы, — і вярнуліся ў лес.
Бразільскае дзяржаўнае агенцтва ў справах карэнных народаў Funai пацвердзіла, што вывучае відэа і сведчанні пра кантакт ізаляваных ава з жыхарамі паселішча на тэрыторыі Арарыбоя. Reuters не змагло незалежна пацвердзіць дакладнае месца і дату здымкі. Больш ранніх публікацый гэтых кадраў агенцтва не знайшло.
Ава жывуць паляваннем і збіральніцтвам. Частка народа кантактуе са знешнім светам, але некаторыя групы свядома захоўваюць ізаляцыю. Гэта не азначае, што яны не ведаюць пра іншых людзей: яны пазбягаюць сустрэч і не падтрымліваюць пастаянных сувязяў з чужынцамі.
Праваабаронцы лічаць, што незвычайны выхад па ежу можа быць наступствам ціску на іх тэрыторыю. У лес пранікаюць нелегальныя лесарубы, паляўнічыя і жывёлаводы, пакідаючы ава ўсё менш прасторы для жыцця.
«Ізаляваныя ава знаходзяцца пад надзвычайным ціскам: чужынцы наступаюць на іх тэрыторыю з усіх бакоў, выцясняючы іх на ўсё меншы астравок амазонскага лесу, акружаны разбурэннем», — заявіла дырэктарка Survival International Кэралайн Пірс.
Сама сустрэча таксама нясе рызыку. Паводле арганізацыі карэнных народаў Мараньяна, непадрыхтаваныя кантакты могуць прывесці да заражэння інфекцыямі і іншых пагроз для ізаляванай групы.
Усяго ў Бразіліі налічваецца 124 некантактныя групы, што складае амаль 95% усіх ізаляваных плямёнаў Амазоніі.
Funai ужо запусціла спецыяльны план дзеянняў, каб зменшыць рызыкі для здароўя ава. Пры гэтым агенцтва падкрэсліла: дзяржава не імкнецца ўсталяваць з імі кантакт і захоўвае палітыку неўмяшання.
Каментары