Намесніка дырэктара прадпрыемства з Баранавічаў асудзілі за хабары і махлярства
62‑гадовага жыхара Баранавічаў, які займаў пасаду намесніка дырэктара аднаго з прадпрыемстваў рэгіёна, асудзілі за атрыманне хабараў у асабліва буйным памеры і махлярства, паведамілі ў пракуратуры Брэсцкай вобласці.

На працягу шасці гадоў мужчына незаконна атрымліваў грошы ад прадстаўнікоў замежнага індывідуальнага прадпрымальніка за садзейнічанне ў пастаўках прамысловай прадукцыі. За гэты час ён атрымаў крыху менш за 500 тысяч рублёў.
У адным з устаноўленых эпізодаў абвінавачаны паехаў у расійскі Чалябінск, каб забраць хабар, але аформіў паездку як камандзіроўку ў Маскву. Акрамя грошай ад партнёра, ён атрымаў ад свайго прадпрыемства больш за 3,3 тысячы рублёў камандзіровачных.
Суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў прызнаў мужчыну вінаватым паводле частак 1 і 3 артыкула 430, а таксама часткі 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса. Па сукупнасці злачынстваў яго асудзілі да 9 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама аштрафавалі на 2 тысячы базавых велічынь — 90 тысяч рублёў. Акрамя таго, былому кіраўніку на пяць гадоў забаранілі займаць адпаведныя пасады.
Таксама з яго спагналі на карысць прадпрыемства кампенсацыю маёмаснай шкоды ў памеры незаконна атрыманых камандзіровачных расходаў.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Каментары