Навука і тэхналогіі22

Навукоўцы распрацавалі інструмент для прагназавання часу смерці

Навукоўцы стварылі новы інструмент, які можа дапамагчы ацаніць, колькі часу чалавеку, імаверна, засталося жыць. Метад аналізуе не толькі ўзрост, але і працу клетак арганізма. Даследчыкі спадзяюцца, што гэта дапаможа дакладней прагназаваць рызыку захворванняў і паскорыць распрацоўку лекаў супраць старэння.

Шпіталь. Ілюстрацыйнае фота: Гродзенская праўда

Пытанне пра тое, колькі гадоў пражыве чалавек, застаецца адной з самых складаных загадак навукі. Дакладна прадказаць момант смерці немагчыма, аднак даследчыкі паступова вучацца ацэньваць так званы біялагічны ўзрост арганізма — паказчык, які адлюстроўвае не колькасць пражытых гадоў, а фактычны стан тканак і клетак.

Як піша Popular Mechanics, група навукоўцаў з Гарвардскай медыцынскай школы і японскага ўніверсітэта Тохоку распрацавала новы інструмент для такіх ацэнак. Вынікі іх даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature.

Раней для вызначэння біялагічнага ўзросту выкарыстоўваліся так званыя эпігенетычныя гадзіннікі. Яны аналізуюць хімічныя змены ў ДНК, якія назапашваюцца з узростам пад уздзеяннем часу, стрэсу і іншых фактараў. Аднак дакладнасць такіх метадаў не заўсёды была дастатковай.

Каб палепшыць прагнозы, даследчыкі звярнулі ўвагу не толькі на саму ДНК, але і на актыўнасць генаў. Яны вывучылі тканкі чатырох відаў сысуноў — мышэй, пацукоў, макак і людзей. Усяго было прааналізавана каля 11 тысяч профіляў экспрэсіі генаў у 25 розных тыпах тканак.

Навукоўцы адсочвалі, якія гены актывуюцца або, наадварот, працуюць менш актыўна падчас старэння, а таксама пры ўздзеянні фактараў, якія могуць падаўжаць або скарачаць працягласць жыцця. На падставе гэтых даных яны стварылі так званы «транскрыптомны гадзіннік».

У адрозненне ад папярэдніх падыходаў новы метад ацэньвае ўзрост не паводле колькасці гадоў пасля нараджэння, а паводле таго, як функцыянуюць клеткі арганізма.

Паводле аўтараў даследавання, такія гадзіннікі могуць дапамагчы больш дакладна прагназаваць рызыку захворванняў і смяротнасці, а таксама ацэньваць эфектыўнасць розных метадаў лячэння. У перспектыве гэта можа зрабіць медыцыну больш персаналізаванай, калі тэрапія будзе падбірацца не па пашпартным узросце чалавека, а па рэальным стане яго арганізма.

Падчас даследавання высветлілася, што многія клеткі розных тыпаў — імунныя, ствалавыя, пячоначныя і мышачныя — старэюць паводле падобных малекулярных механізмаў. Навукоўцы выявілі, што прыкметай больш павольнага старэння з'яўляецца актыўнасць генаў, звязаных са здаровым дзяленнем клетак і гаеннем пашкоджанняў.

Наадварот, узмацненне працы генаў, якія ўдзельнічаюць у запаленчых працэсах і клеткавай смерці, сведчыць пра паскоранае старэнне. Паводле аўтараў даследавання, гэтыя змены могуць дапамагчы ацаніць імаверную працягласць жыцця чалавека.

Пакуль што новы інструмент выкарыстоўваецца толькі ў даследаваннях. Для яго ўжывання ў клінічнай практыцы неабходныя дадатковыя выпрабаванні. Тым не менш, навукоўцы лічаць, што транскрыптомны гадзіннік можа значна паскорыць распрацоўку новых лекаў. Замест таго, каб чакаць дзесяцігоддзі для ацэнкі ўплыву тэрапіі на працягласць жыцця, даследчыкі змогуць хутчэй вызначаць, як лячэнне змяняе біялагічныя маркеры старэння.

Дакладна прадказаць дату смерці навука пакуль не здольная. Але новыя даследаванні геному паступова набліжаюць вучоных да разумення таго, як ацэньваць рэсурс чалавечага арганізма і яго патэнцыйную працягласць жыцця.

Каментары2

  • Вася
    12.06.2026
    А средство от старости нужно? Его получат хотя бы значимые ученые или люди, которые реально работают на благо человечества (о простых людях я уже и не говорю)? Нет, закозчики этих лекарств - это как правило те упыри, которым миллионы людей со слезами на глазах желают каждый день желают сд*хнуть.
  • Циник
    12.06.2026
    Учёные придумали технологию предсказания сколько осталось? Я ещё в детстве от деда слышал о такой технологии - кукушка, кукушка...)

Цяпер чытаюць

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча1

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Усе навіны →
Усе навіны

74 удары за «абразу маральнасці». У Іране вядомую спявачку пакаралі за выступ без хіджаба1

Кім была і куды знікла мастачка, якая намалявала белага лебедзя на «Вянок» Багдановіча4

Кушнер назваў «галоўны прыз» у перамовах па Украіне6

Мядзведзі насамрэч не спяць усю зіму, а вавёркі памятаюць, дзе схавалі арэхі. Тры міфы пра жыццё жывёл зімой2

Чаму правае паўшар'е мозга кіруе левым бокам цела? З'явілася новая тэорыя

Кароль Карл ІІІ вырашыў добраахвотна плаціць «падатак на асабнякі»6

У Польшчы беларуса асудзілі на 5 з паловай гадоў зняволення. Ён кіраваў групай, якая перапраўляла ў Еўропу тысячы мігрантаў5

Як змагацца з каларадскім жуком у лістападзе?2

Памёр Аляксандр Калядзенка

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча1

«Флюгерны саюз кан’юнктуршчыкаў». Вядомы архітэктар заступіўся за аўтара «Быхаўскай мадонны», згадаўшы Радэна і Малевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць