Жанчыне, якая арганізавала ў Мінску незалежную культурную прастору, далі пяць гадоў калоніі
10 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд палітзняволенай кіраўніцы творчай прасторы «Парасон» Інзе Казючыц.

60‑гадовую жанчыну асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу 2000 базавых велічыняў (сёння — 90000 рублёў), піша «Вясна».
«Парасон» (Parason) — незалежная творчая і культурна-адукацыйная прастора ў Мінску, якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры і мовы.
Там праводзілі курсы народных рамёстваў, лекцыі пра беларускую гісторыю, кіно і тэатр, майстар-класы, квізы і культурніцкія сустрэчы, імпрэзы, прысвечаныя беларускім традыцыям і фальклору.
13 лістапада стала вядома, што палітзняволенаму мастаку Алегу Ларычаву прысудзілі 7 гадоў калоніі. Ларычаў займаўся стрыт-артам. Гэта па яго ініцыятыве ў 2010‑х Мінск упрыгожылі многія муралы.
Хворага на дыябет мастака абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання). Яму ў віну паставілі дачыненне да культурніцкай суполкі «Да зораў», а таксама да старой мемнай ініцыятывы «Вейшнорыя». За гэта 40‑гадоваму творцу прызначылі 7 гадоў калоніі і штраф у памеры адна тысяча базавых велічыняў.
Таксама разам з Алегам асудзілі 20‑гадовага Сямёна Малашэнкава, якога прызналі ўдзельнікам суполкі «Да зораў». Яму прызначылі 4 гады калоніі і штраф у памеры 500 базавых.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10100 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Справы Інгі Казючыц, «Парасона», Ларычава і Малашэнкава паказваюць, што таталітарны лукашэнкаўскі рэжым стаў яшчэ больш рэпрэсіўным. Цяпер доўгімі тэрмінамі зняволення караецца не толькі пратэст або палітычная дзейнасць, але і незалежная творчая ініцыятыва.
Каментары