Вызваленне Курскай вобласці каштавала расіянам 20 тысяч жыццяў. І гэта без уліку паўночнакарэйцаў
Узлом Расстата беларускімі Кіберпартызанамі дазволіў пабачыць страты расійскай арміі ў разрэзе рэгіёнаў.

Узламаная база Расстата дае ўяўленне пра страты расійскай арміі падчас уварвання УСУ ў Курскую вобласць і наступнай аперацыі па выцясненні ўкраінскіх вайскоўцаў. Пачынаючы са жніўня 2024 года ў рэгіёне гінула не менш за тысячу чалавек у месяц, пераважная большасць — мужчыны, сведчыць аналіз «Агентства». Агульная колькасць загінулых склала як мінімум 19 373 чалавекі.
Паводле базы Расстата, у першыя гады вайны ў Курскай вобласці штомесяц гінулі ад 5 да 18 чалавек. Аднак пасля ўварвання УСУ на тэрыторыю рэгіёна 6 жніўня 2024 года колькасць страт рэзка вырасла (у жніўні загінулі 1315 чалавек) і аж да канца вясны наступнага года гэты паказчык не апускаўся ніжэй за 1000 чалавек у месяц. Усяго за 10 месяцаў, гэта значыць са жніўня 2024‑га па май 2025 года, былі забітыя больш за 16 тысяч чалавек.



Першыя маштабныя контратакі расійскіх вайскоўцаў пачаліся ў рэгіёне 11 верасня — у гэтым месяцы загінулі як мінімум 1345 чалавек. Пік страт прыпаў на снежань, калі былі забітыя амаль 2,5 тысячы чалавек.
Фармальна кіраўнік расійскага Генштаба Валерый Герасімаў абвясціў аб вызваленні Курскай вобласці 26 красавіка 2025 года. Аднак і ў маі, як вынікае з даных Расстата, ад прычын, звязаных з ваеннымі дзеяннямі, загінулі 1024 чалавекі, а ў чэрвені — 553.
У 2026 годзе штомесячныя страты ў рэгіёне вагаліся каля 100 чалавек у месяц. Як мінімум частка пазнейшых смерцяў можа тлумачыцца бюракратычнымі складанасцямі, звязанымі з афармленнем гібелі людзей, а таксама смерцямі ад раненняў у мясцовых шпіталях, частка — выяўленнем цел тых, хто загінуў раней.
Афіцыйна расійскія ўлады называюць толькі колькасць загінулых цывільных — 640 чалавек.
Пераважная большасць загінулых — мужчыны (19 202, або 99,1%), сведчаць даныя Расстата. З іх 15 883 запісы прыпадаюць на мужчын ва ўзросце ад 20 да 49 гадоў. Гэтыя даныя дазваляюць меркаваць, што пераважная большасць ахвяр — гэта вайскоўцы і добраахвотнікі.
Амаль дзве траціны смерцяў, звязаных з вайной, на тэрыторыі Курскай вобласці — 12 753 запісы (65,8%) — зарэгістраваныя ў Суджанскім раёне. На тэрыторыі Каранеўскага раёна загінулі 2320 чалавек, у Глушкоўскім — 1753, у Рыльскім — 691, у Бялоўскім — 303, у Вялікасалдацкім — 292, у Курску зарэгістраваныя 174 смерці.
Сярод рэгіёнаў у міжнародна прызнаных межах Расіі Курская вобласць, паводле даных Расстата, займае першае месца па колькасці смерцяў, звязаных з вайной. На другім месцы — Белгарадская (4845), на трэцім — Растоўская (759).
Больш, чым у Курскай вобласці, паводле запісаў Расстата, загінула толькі ў трох анексаваных рэгіёнах Украіны — Данецкай вобласці (270 547 чалавек), Луганскай (42 560) і Запарожскай (39 324).
Хакеры, якія ўзламалі Расстат, налічылі ў даных ведамства ад 390 тысяч да 450 тысяч запісаў пра смерці, звязаныя з вайной. Розніца тлумачыцца тым, што ў адным выпадку ў запісах пра гібель улічваліся толькі ваенныя дзеянні і звязаныя з імі прычыны. У другім улічваліся таксама небаявыя смерці вайскоўцаў, смерці на тэрыторыі Украіны без указання прычын, а таксама тэракты.
Financial Times ацаніла страты ў 550 тысяч чалавек да канца лета гэтага года — гэта ацэнка, прыведзеная журналістамі з папраўкай на затрымку ва ўліку смерцяў.
Такім чынам, страты ў Курскай вобласці могуць складаць каля 5% ад агульных страт у вайне.
Афіцыйныя даныя пра страты Расіі ва Украіне засакрэчаныя. Расстат пачаў хаваць усе даныя пра смяротнасць у Расіі пачынаючы з 2024 года, а з лета 2025 года ўвогуле перастаў публікаваць даныя пра дэмаграфію ў краіне.
У лістападзе хакерскія групоўкі Кіберпартызаны і Silent Crow паведамілі пра ўзлом Расстата.
Каментары