Жыхары горада абураныя тым, як змяняецца панарама горада.

19‑павярховікі супраць 12-стагоддзя
У інстаграм-акаўнце «Віды Гродна» апублікавалі фота і відэа, па якіх бачна, як змяніўся панарамны від на Каложу з боку Старога моста.
Па фота бачна, як з пэўнага ракурсу 19‑павярховыя панэлькі дамінуюць над храмам XII стагоддзя.

Пад допісам назбіралася немала негатыўных каментароў ад гараджан, якія лічаць, што 19‑павярховікі на фоне царквы, пабудаванай у XII стагоддзі, псуюць панараму горада.
«Жахліва», — напісалі адразу некалькі каментатараў.
Іншы напісаў, што цяпер гэта больш падобна на пейзажы з фільмаў Аляксея Балабанава, і дадае, што гэтымі гмахамі знявечылі горад.
Яшчэ адна жанчына напісала, што ўбачыла фота і жахнулася. «А самае сумнае, што абсалютнай большасці ўсё роўна. А такія, як вы ці я, проста ўспрымаюцца як вечна чымсьці незадаволеныя людзі».
Адзін з каментатараў вінаваціць архітэктараў і горадабудаўнікоў, называючы іх бяздарнымі людзьмі, якія не бачаць далей за два метры. «Галоўнае — грошай паболей з мінімальнымі выдаткамі», — дадае ён.
Іншы сітуацыю, якая склалася, называе вынікам абыякавасці мясцовай улады. Маўляў, уладам абыякава як на захаванне спадчыны, так і на меркаванне гараджан.
Каранём праблемы каментатар лічыць адсутнасць выбарнасці мэраў: «Каб мэр быў пасадай выбарнай, то была б канкурэнцыя і яны мусілі б прыслухоўвацца да гараджан, дбаць пра горад, пра спадчыну».
Адзін з каментатараў выказаў меркаванне, што будаўніцтва гмахаў на фоне царквы нават можа прывесці да таго, што аб'ект не атрымае статусу ад ЮНЕСКА.
Што за раён і чаму так шмат спрэчак?
Раён «Вясенні» ў Гродне ўжо неаднаразова трапляў пад абмеркаванні.
Першапачатковы праект з'явіўся яшчэ ў 2010 годзе. Тады ж была рэалізавана першая чарга будаўніцтва — так, на вуліцы Каліноўскага былі ўзведзены чатыры дамы вышынёй ад 8 да 15 паверхаў.

Усё вышэй і вышэй
Але першапачатковы генплан з часам адкарэктавалі, на раён наклалі абмежаванні па павярховасці дамоў. Аднак у красавіку 2020 года быў падпісаны ўжо новы варыянт генплана. У ім гаварылася, што ў верхняй частцы раёна з боку Каліноўскага лімітаў на павярховасць няма. А вось у астатняй частцы дзеля захавання гістарычнага аблічча нельга будаваць дамы вышэй за 10 паверхаў. Гэтая канцэпцыя і легла ў аснову цяперашняга праекта.
Атрымліваецца, што замест максімум 15 паверхаў у новым мікрараёне дазволілі будаваць 19-павярховікі.
Калі на пачатку 2024 года стала зразумела, што 19‑павярховыя дамы, пабудаваныя непадалёк ад храма, могуць сапсаваць панараму, тэма павярховасці пачала актыўна абмяркоўвацца як гараджанамі ў сацсетках, так і ў СМІ. У прыватнасці, 31 студзеня 2024 года артыкул на гэтую тэму выйшаў у «Нашай Ніве».
Праз пару дзён гродзенцы запусцілі петыцыю з патрабаваннем абмежаваць павярховасць забудовы, каб не псаваць від на Каложу.
«Чарговы фэйк з сеціва»
Пазней у сярэдзіне студзеня на хвалю незадаволенасці ў сацсетках і з'яўленне петыцыі адрэагавала абласная газета «Гродзенская праўда».

Праўда, турботу гараджан пра захаванне віду на Каложу дзяржаўная прэса назвала «чарговым фэйкам з сеціва».
Маўляў, побач з Каложай будаваць нічога не збіраюцца, бо нельга, а новабудоўлі будуць за 1,2 км ад храма, што, па меркаванні галоўнага архітэктара Гродна Дзяніса Конана, знаходзіцца «на прыстойнай адлегласці».

Нягледзячы на спробу прапагандыстаў назваць незадаволенасць «апанентаў» фэйкам, пытанні, як забудоўваць «Вясенні», чыноўнікі ўсё ж абмяркоўвалі.
Пра гэта стала вядома падчас стрыму 28 лютага 2024 года з удзелам Уладзіміра Караніка, які на той момант быў старшынёй аблвыканкама, і так кіраўніка горада Андрэя Хмеля.
Візітная картка або месца, якое выклікае раздражненне
Тады Каранік адзначыў, што канцэпцыю трэба дапрацаваць. Маўляў, новы раён — гэта сур'ёзная адказнасць, бо яго будзе відаць з розных пунктаў.
«Альбо ён стане візітнай карткай Гродна, альбо стане месцам, якое будзе выклікаць раздражненне ў жыхароў і турыстаў», — казаў тады чыноўнік, адзначыўшы, што гэта высокі бераг, а побач — Каложская царква і замкі.
«Людзі будуць фатаграфаваць славутасці, а на фоне ў іх будзе хоць і сучаснае дойлідства, але якое не ўваходзіць у жорсткі дысананс з тым, што пабудавана да нас.
Спрэчкі, як зрабіць раён упрыгожваннем Гродна, працягваюцца дагэтуль. Частку канцэпцыі адправілі на дапрацоўку, думаю, калі мы дасягнём згоды ўнутры, вынесем гэтае пытанне на грамадскія абмеркаванні. Гэта важна для развіцця горада і яго турыстычнага патэнцыялу», — адзначыў тады Каранік.
Дом Чыжа па-гродзенскі
Гродзенскі гісторык архітэктуры Мечыслаў Супрон кажа, што тады здавалася, што справа зрушылася, што там перагледзяць гэты праект, зрэжуць паверхі. Але нічога не змянілася. І ў выніку, на думку краязнаўцы, на справе ўсё атрымалася яшчэ горш, чым можна было меркаваць, гледзячы на рэндары.
«Від на Каложу са Старога моста, які можна назваць класічным ракурсам, цяпер безнадзейна сапсаваны», — лічыць краязнаўца.
Пры гэтым Супрон адзначае, што за апошнія дзесяць гадоў гэта не першы выпадак, калі панарама гістарычнага цэнтра церпіць праз будаўніцтва шматпавярховак побач з цэнтрам.

«Калі глядзіш на цэнтр з Новага моста (вуліца Паповіча), то на фоне Фарнага касцёла бачныя гмахі, пабудаваныя на вуліцы Пралетарскай», — прыводзіць прыклад краязнаўца.
Агулам, на думку Супрона, усё гэта сведчыць пра непрадуманасць генеральных планаў.
«Гэта непрадуманасць таго, як павінен забудоўвацца гістарычны цэнтр і тэрыторыя побач з ім, каб не псаваць від на панараму горада. Няма канцэпцыі, таму ўсё робіцца хаатычна і непрадумана», — лічыць гісторык.
Гледзячы на ўзвядзенне непадалёк ад Каложы 19-павярховікаў, краязнаўца кажа, што не перастае здзіўляцца таму, як можна так псаваць горад, і называе гэтыя гмахі гродзенскім варыянтам «Дома Чыжа», які сапсаваў панараму сталічнага Траецкага прадмесця.
Каментары