Правацэнтрысты перамагаюць на выбарах у Іспаніі. Новым прэм'ерам можа стаць Фэйхо
Ультраправая партыя «Вокс» мае ўпершыню ўвайсці ва ўрадавую кааліцыю, але галоўную ролю будзе адыгрываць традыцыйная правая Народная партыя.

Народная партыя атрымлівае каля 131—136 мандатаў у 350‑мясцовай ніжняй палаце іспанскага парламента. Яшчэ 44—48 мае дастацца партыі «Вокс». Такім чынам, правыя, хутчэй за ўсё, атрымаюць большасць, якая дазволіць ім сфармаваць урад. Новым прэм'ерам-міністрам можа стаць лідар Народнай партыі Альберта Нуньес Фэйхо.
Такія вынікі дало сацапытанне агенцтва Sigma Doc, праведзенае для іспанскага тэлебачання RTVE.
Сацыялісты прэм'ера Санчэса застаюцца на тым жа ўзроўні, што і былі: 119—124 мандаты. Але моцна праваліліся іх партнёры з кааліцыі, блок крайніх левых. Ім прагназуюць толькі 10—11 месцаў.
Яшчэ каля 40 месцаў возьмуць партыі нацыянальных меншасцей, аўтаномій і рэгіёнаў.
«Вокс», як і іншыя еўрапейскія ультраправыя, выступаюць з пазіцый нацыянальнага эгаізму і за абмежаванне дапамогі Украіне — і беларусам, мабыць, таксама. Але наўрад ці яны будуць мець вырашальнае слова ў пытаннях замежнай палітыкі.
Каментары