«Ён песціў гэту мапу, як выбранніцу свайго сэрца». Як мапа, набытая ініцыятывай Maldzis, пазнаёміла з Беларуссю сакратара Чэрчыля
Журналіст Дзмітрый Гурневіч сёння гартаў стужку фэйсбука і чытаў пра набыццё ініцыятывай «Мальдзіс» мапы Яўхіма Карскага. А праз 3 гадзіны зрабіў адкрыццё, як гісторыя з гэтай жа мапай пазнаёміла сакратара Уінстана Чэрчыля з Беларуссю і што з гэтага атрымалася.

Навіна пра мапу (падзяка «мальдзісаўцам») прыгадала мне адну цытату, якую я вычытаў 13 гадоў таму ў кнізе Эн Эплбаўм «Паміж Усходам і Захадам». Брытанскі палітык шатландскага паходжання Аляксандр Маккалум Скот так апісваў аднаго беларускага нацыяналіста:
«Ён песціў гэтую мапу, як выбранніцу свайго сэрца. Яна ўвасабляла для яго вялікі і жывы ідэал, служэнню якому ён прысвяціў сваё жыццё. Ён мог гадзінамі размаўляць пра яе, тлумачачы тое ці іншае месца, прыгадваючы гістарычныя падзеі, фальклор, назвы мясцовасцяў і герояў мінуўшчыны. Тут нарадзіўся ён. Тут нарадзілася яго жонка. Тут адбылася бітва. І гэтак далей».
У 2013 годзе мне так і не ўдалося высветліць, кім быў гэты беларускі нацыяналіст і адкуль брытанскі палітык столькі ведаў пра Беларусь. Цяпер паспрабаваў ізноў. Нітка за нітачкай, я разблытаў гэтую гісторыю. Але не мог сабе ўявіць, чым яна скончыцца.
Тым беларусам быў Клаўдзій Дуж-Душэўскі, стваральнік нашага бел-чырвона-белага сцяга. А ягоны суразмоўца — былы дэпутат брытанскага парламента, асабісты парламенцкі сакратар Уінстана Чэрчыля і аўтар адной з першых яго біяграфій.

У 1924 годзе Скот быў з візітам у Літве. Эстонскі сябар параіў яму абавязкова наведаць Дуж-Душэўскага, рэдактара часопіса «Крывіч». Дэталі сакратар Чэрчыля апісаў у сваіх успамінах. Я іх сёння знайшоў і прачытаў тыя 6 старонак пра Беларусь. Ніколі раней я іх не сустракаў і не чуў пра іх існаванне.
Скот знайшоў Душэўскага з жонкай у маленечкай кватэры на галоўнай вуліцы Коўна. Адзін пакой служыў ім адначасова кухняй, гасцёўняй, кабінетам і спальняй. Пакуль гаспадыня гатавала каву, мужчыны размаўлялі на сумесі ангельскай і расейскай моваў. Скот спытаўся, ці ягоны гаспадар эстонец або літовец.
— Ні тое, ні другое. Я беларус.
— Але грамадзянінам якой краіны вы з’яўляецеся? — спытаў брытанец, які нічога не ведаў пра існаванне беларускай дзяржавы.
— Я эмігрант. Нарадзіўся ў Глыбокім. Некаторы час жыў у Вільні, пакуль мяне адтуль не выгналі палякі. Цяпер жыву ў Коўне.
Дуж-Душэўскі расказаў, як у 1918 годзе беларусы абвясцілі незалежнасць. Як ён стаў міністрам беларускага ўрада. І чаму беларусам, у адрозненне ад суседзяў, не ўдалося захаваць сваю дзяржаву:
«Мы былі бяззбройныя, і нашу краіну падзялілі паміж сабой тыя, хто меў зброю».
Скот на той час не ведаў пра беларусаў абсалютна нічога. Чыстае зэро. Тым часам Дуж-Душэўскі ўсё больш захапляўся размовай, хадзіў па пакоі і расказваў брытанцу пра народ, схаваны, як прыгожа напісаў Скот, «за цяперашнімі колерамі мапы Еўропы».
Паводле ягоных падлікаў, Беларусь налічвала 20 мільёнаў чалавек і займала 800 тысяч квадратных кіламетраў. І менавіта тады ён дастаў мапу. «Менск будзе нашай сталіцай», — тлумачыў Дуж-Душэўскі.
Скот таксама запісаў, што Дуж-Душэўскі не быў прыхільнікам рэвалюцыйных метадаў. Ён верыў, што праз развіццё культуры, адукацыю і пашырэнне ўжытку беларускай мовы беларусы паступова дамогуцца прызнання сваёй нацыі.
Падчас размовы ў кватэру прыйшоў яшчэ адзін беларускі эмігрант — былы прэм’ер-міністр БНР Вацлаў Ластоўскі. Размаўлялі да позняга вечара.
«Вы бачыце, як мы жывём, — сказаў на развітанне Дуж-Душэўскі, пяшчотна дакрануўшыся да пляча сваёй жонкі. — Мы жывём у горшых умовах, чым ангельскі рабочы. А між тым спадар Ластоўскі быў прэм’ер-міністрам, а я — міністрам унутраных спраў. Але нам пашанцавала, што мы маем гэты пакой. Цяпер для ўсіх нас вельмі цяжкія часы, і мы церпім вялікія нястачы. Але праца працягваецца, і Беларусь яшчэ будзе нацыяй».
Скот назваў Дуж-Душэўскага адным з самых добразычлівых і цікавых людзей, якіх яму давялося сустрэць у краінах Балтыі. У 1925 годзе ў Лондане выйшла ягоная кніга Beyond the Baltic, у якой ён прысвяціў Беларусі асобны раздзел і надрукаваў мапу нашай краіны.
Але гэта яшчэ не канец. Праз год Брытанскае і замежнае біблійнае таварыства атрымлівае звароты ад беларускіх дзеячаў з просьбай выдаць Святое Пісанне па-беларуску. Перакладаў яго Антон Луцкевіч і Лявон Дзекуць-Малей. Брытанцы сумняваюцца, ці беларуская мова наогул асобная мова, а не дыялект расейскай. Асцерагаюцца таксама, што выданне Бібліі можа быць успрынятае польскімі ўладамі як падтрымка беларускага руху за незалежнасць.
Па кансультацыю яны звяртаюцца да Маккалума Скота, якога ў лістападзе 1926 года ўключылі ў рэдакцыйны падкамітэт таварыства. У Лондане ён лічыўся экспертам па Усходняй Еўропе.
Скот адказвае, што беларуская мова, мяркуючы па дасланым яму перакладзе Евангелля паводле Лукі, настолькі ж адрозніваецца ад расейскай, наколькі шатландская ад сучаснай ангельскай. Расказвае пра Францішка Скарыну, нагадвае пра сваю кнігу з мапай Беларусі і прапануе наладзіць непасрэдныя кантакты з беларусамі.
Адкуль сакратар Чэрчыля ведаў пра Скарыну? З той самай размовы за кавай у маленечкай кватэры ў Коўне. Менавіта Дуж-Душэўскі расказаў яму пра беларускае кнігадрукаванне і пераклад Бібліі ў XVI стагоддзі.
У 1931 годзе Брытанскае біблійнае таварыства выдала Новы Запавет і Псальмы накладам 25 тысяч асобнікаў. Гэта было адно з самых масавых беларускіх выданняў у міжваеннай Польшчы. Маккалум Скот, які спрычыніўся да падрыхтоўкі гэтага выдання, загінуў у авіякатастрофе за тры гады да яго з’яўлення.
Наўрад ці Дуж-Душэўскі, разгортваючы перад шатландцам мапу Беларусі ў сваёй маленькай кватэры ў Коўне, мог уявіць, што праз некалькі гадоў тая размова адгукнецца ў Лондане і спрычыніцца да выдання 25 тысяч асобнікаў Новага Запавету па-беларуску. А я, магчыма, ніколі б не даведаўся пра гэтую гісторыю, калі б праз сто гадоў беларусы зноў не аб’ядналіся вакол мапы сваёй краіны. Дзіўна, колькі ўсяго можа змясціцца на адным аркушы паперы.
Уявіце, мінула толькі сто год ад словаў Дуж-Душэўскага шатландцу Скоту, якія ён сказаў на развітанне: «Але праца працягваецца, і Беларусь яшчэ будзе нацыяй».
Дарагі Клаўдзій, мы сталі нацыяй! Менск — наша сталіца. Але праца працягваецца.
Каментары
Скот таксама запісаў, што Дуж-Душэўскі не быў прыхільнікам рэвалюцыйных метадаў. Ён верыў, што праз развіццё культуры, адукацыю і пашырэнне ўжытку беларускай мовы беларусы паступова дамогуцца прызнання сваёй нацыі...
Культура Адукацыя Мова..