Уколы вітаміну B12 абяцаюць прыліў энергіі. Ці працуюць яны насамрэч?
У сацсетках набіраюць папулярнасць ін'екцыі вітаміну B12, якія нібыта дапамагаюць пазбавіцца ад стомленасці і хутка аднавіць сілы. Наколькі гэта сапраўды эфектыўна, разбіралася The Guardian.

Вітамін B12 (у беларускіх аптэках прадаецца таксама пад назвай «Цыянакабаламін») неабходны для ўтварэння чырвоных крывяных клетак, нармальнай працы нервовай сістэмы і сінтэзу ДНК. Ён таксама ўдзельнічае ў ператварэнні пажыўных рэчываў у энергію. Менавіта таму яго часта рэкламуюць як сродак супраць стомленасці.
Асноўныя крыніцы B12 — прадукты жывёльнага паходжання: мяса, рыба, яйкі і малочныя прадукты. Яго таксама дадаюць у некаторыя сухія сняданкі і іншыя харчовыя прадукты.
Калі вітаміну не хапае, чалавек можа адчуваць пастаянную стомленасць, мець праблемы з памяццю і настроем. Дэфіцыт таксама здольны выклікаць анемію (малакроўе), а ў цяжкіх выпадках — пашкоджанне нерваў, якое праяўляецца здранцвеннем і паколваннем у руках і нагах.
Аднак недахоп B12 можа ўзнікнуць нават пры паўнавартасным харчаванні, калі арганізм дрэнна яго засвойвае. Для гэтага працэсу неабходныя страўнікавая кіслата і спецыяльны бялок, які выпрацоўваецца ў страўніку. Пры гастрыце выпрацоўка кіслаты можа зніжацца, а пры перніцыёзнай анеміі імунная сістэма перашкаджае выпрацоўцы або дзеянню патрэбнага бялку.
Рызыка дэфіцыту павялічваецца з узростам, асабліва пасля 60 гадоў, а таксама пры цэліякіі, хваробе Крона і пасля аперацый на страўніку. Да недахопу B12 могуць прыводзіць працяглы прыём метфарміну ад дыябету, лекаў для зніжэння кіслотнасці страўніка і празмернае ўжыванне алкаголю. У групе рызыкі таксама веганы і некаторыя вегетарыянцы, калі не атрымліваюць вітамін з узбагачаных прадуктаў або дабавак.
Ці дапамагаюць уколы ад стомленасці
Як даводзяць эксперты, калі слабасць выклікана менавіта недахопам B12, яго папаўненне сапраўды можа вярнуць чалавеку сілы. Але калі ўзровень вітаміну нармальны, дадатковыя дозы не павялічваюць запас энергіі і не паляпшаюць спартыўныя вынікі.
Чаму ж тады некаторыя людзі адчуваюць прыліў сіл пасля ўколу? На думку гематолага Андрэа Дзін (Andrea Dean) з Медыцынскага цэнтра Універсітэта Лаёлы ў Чыкага, з якой пагаварылі журналісты The Guardian, гэта можа быць эфект плацэба, калі сама вера ў карысць працэдуры дапамагае чалавеку адчуць сябе лепш.
Спецыялістка адзначае, што вітамін B12 звычайна бяспечны нават у вялікіх дозах, бо яго лішкі арганізм выводзіць. Але калі дэфіцыту няма, ін'екцыі наўрад ці прынясуць карысць.
Тым не менш на такіх працэдурах можна добра зарабляць. У ЗША сабекошт адной дозы B12 для салонаў, якія прапануюць падобныя паслугі, можа складаць менш за даляр, а кліентам яе прадаюць за $25‑75. Пры гэтым уколы часта раяць паўтараць кожныя некалькі тыдняў.
Падобныя абяцанні сустракаюцца і ў Беларусі, праўда, пераважна ў рэкламе вітамінных кропельніц. Напрыклад, мінскі медцэнтр «Эспераль» прапануе працэдуру «Вітамінны буст» з вітамінамі C, B6 і B12, абяцаючы прыліў энергіі, павышэнне працаздольнасці і памяншэнне стомленасці. Адна кропельніца каштуе ад 120 рублёў, курс з пяці працэдур — ад 480 рублёў. Пры першым наведванні таксама неабходна прайсці кансультацыю доктара за 80 рублёў.
Калі варта здаць аналіз
Пастаянная стомленасць не абавязкова звязаная з недахопам вітамінаў. Яе могуць выклікаць дрэнны сон, дэфіцыт жалеза, парушэнні працы шчытападобнай залозы і многія іншыя прычыны.
Таму, калі слабасць не мінае, лепш звярнуцца да доктара. Узровень B12 вызначаюць з дапамогай аналізу крыві, але яго вынікі не заўсёды адназначныя.
Пра недахоп вітаміну B12 звычайна сведчыць яго ўзровень у крыві ніжэйшы за 200—250 пікаграмаў на мілілітр. Аднак нават калі паказчык укладваецца ў межы нормы, гэта не заўсёды выключае дэфіцыт, асабліва калі ў чалавека ёсць адпаведныя сімптомы.
Калі ўзровень B12 блізкі да ніжняй мяжы нормы, а сімптомы дэфіцыту ёсць, доктар можа прызначыць дадатковыя даследаванні, у тым ліку на гомацыстэін і метылмалонавую кіслату. Яны дапамагаюць удакладніць дыягназ.
Пасля пацвярджэння дэфіцыту важна высветліць яго прычыну. Ад гэтага залежыць, ці патрэбныя чалавеку ін'екцыі, ці дастаткова таблетак.
Уколы асабліва неабходныя пры цяжкім дэфіцыце, неўралагічных сімптомах або захворваннях, якія перашкаджаюць засваенню вітаміну праз стрававальную сістэму. У многіх іншых выпадках таблеткі з высокімі дозамі B12 павышаюць яго ўзровень у крыві прыкладна гэтак жа эфектыўна, але каштуюць танней.
Таму перш чым плаціць за «энергетычныя» ўколы, медыкі раяць высветліць, ці ёсць дэфіцыт увогуле. Калі яго няма, прычыну стомленасці трэба шукаць у іншым.
Каментары