Падчас майскага ўдару па Старабельску сапраўды загінулі студэнты каледжа. Вайскоўцаў там не было
Паводле звестак з базы «Расстата», у выніку ўдару ўкраінскіх беспілотнікаў па каледжы ў акупаваным Старабельску Луганскай вобласці 22 мая 2026 года загінуў 21 студэнт. Да такой высновы прыйшлі журналісты расійскага выдання «Важные истории», якія вывучылі ўцечку з базы расійскай дзяржаўнай статыстыкі. Пры гэтым улады не зарэгістравалі ніводнай гібелі расійскага вайскоўца ў гэтым раёне ў той дзень.

Пасля атакі расійскія ўлады заявілі, што ўкраінскія Узброеныя сілы ўдарылі па інтэрнаце Старабельскага педагагічнага каледжа. Паводле іх звестак, загінуў 21 чалавек, яшчэ 42 атрымалі раненні. Украінскі бок сцвярджаў, што мэтай атакі быў адзін са штабоў падраздзялення «Рубікон», якое займаецца падрыхтоўкай аператараў беспілотнікаў і лічыцца праектам міністра абароны Расіі Андрэя Белавусава.
Акупацыйныя ўлады так званай ЛНР апублікавалі спіс загінулых. У ім былі два юнакі ва ўзросце 21 і 22 гадоў і 19 дзяўчат ад 18 да 22 гадоў.
Журналісты выдання «Важные истории» праверылі звесткі пра гвалтоўныя смерці ў Старабельску 22 мая ў базе «Расстата» і знайшлі 21 выпадак гібелі ў выніку ваенных дзеянняў. Ва ўсіх запісах гаварылася пра маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў, а даты іх нараджэння цалкам супадалі з датамі ў спісе, апублікаваным акупацыйнымі ўладамі.
У рэестры спадчынных спраў знайшліся запісы пра двух загінулых. Так журналісты змаглі высветліць іх імёны — Дар’я Сярдзюк і Таццяна Беражная. Яны таксама супадалі са звесткамі ў спісе «ўладаў» «ЛНР».
Ва ўсіх картках у якасці прычыны смерці пазначаныя баявыя дзеянні. Выключэнне — Арцём Коўтун: у графе пра абставіны смерці ў яго запісе пазначаны «няшчасны выпадак на вытворчасці». Аднак сярод прычын смерці ў той жа картцы гаворыцца, што ён загінуў у выніку ваенных дзеянняў. Таму журналісты мяркуюць, што першы запіс мог быць памылковым.
База таксама дазволіла высветліць характар траўмаў загінулых. У 15 чалавек прычынай смерці стала механічная асфіксія праз сцісканне грудной клеткі і жывата, у чатырох — раздрабленне галавы. Аднаму з загінулых асколак прабіў грудную клетку, яшчэ ў аднаго з-за пералому костак чэрапа развіўся ацёк галаўнога мозгу.
Журналісты праверылі і версію пра тое, што расійскія ўлады маглі схаваць гібель вайскоўцаў, не пазначыўшы месца або прычыну смерці. Яны вывучылі ўсе выпадкі смерці ў Расіі, на акупаваных тэрыторыях і ў зоне баявых дзеянняў, датаваныя 22 мая, а таксама выпадкі смерці ад раненняў у Старабельскім раёне да канца месяца. У базе не знайшлося ніводнага запісу пра іншыя страты ў выніку ўдару па каледжы. За ўвесь дзень 22 мая ў Расіі таксама не было ніводнага выпадку гвалтоўнай або неўдакладненай смерці без пазначанага месца здарэння. Акрамя таго, у базе няма іншых выпадкаў смерці ад раненняў у Старабельскім раёне за гэты перыяд.
Апублікаваны акупацыйнымі ўладамі спіс сапраўды ўтрымліваў толькі імёны студэнтаў педагагічнага каледжа. Рэпартажы з месца атакі пацвярджалі, што быў разбураны інтэрнат, дзе жылі маладыя людзі.
Пры гэтым, паводле фотаздымкаў, апублікаваных пасля ўдару, пад атаку трапіў не толькі інтэрнат, але і будынак самога Старабельскага педагагічнага каледжа, размешчаны праз дарогу, на плошчы Гогаля, 1.
Журналісты The Insider высветлілі, што па тым жа юрыдычным адрасе знаходзіўся Старабельскі прафесійны каледж Луганскага педагагічнага ўніверсітэта. Гэта іншая навучальная ўстанова, размешчаная ў асобным будынку, але з тым жа адрасам. Нумарацыі карпусоў у каледжаў не было.
Падчас атакі пацярпеў і прафесійны каледж, у якога таксама быў інтэрнат. Аднак пра загінулых або параненых сярод яго студэнтаў не паведамлялася.
У СМІ і сацыяльных сетках абмяркоўвалася пытанне, ці маглі расійскія вайскоўцы выкарыстоўваць будынак прафесійнага каледжа для ваенных мэтаў. Сярод украінскіх карыстальнікаў распаўсюджвалася інфармацыя, што студэнтаў гэтай установы перавялі на дыстанцыйнае навучанне, а яе памяшканні перадалі вайсковай часці. У якасці доказу публікавалі фатаграфію загаду пра перадачу памяшканняў. Аднак дакумент аказаўся відавочнай падробкай са шматлікімі грубымі памылкамі ў тэксце.
Замежны журналіст, які наведаў Старабельск 25 мая па запрашэнні расійскіх уладаў, расказаў расійскаму выданню «Медуза», што рэпарцёрам не дазволілі агледзець будынкі каледжаў. Іх дапусцілі толькі да разбуранага інтэрната. Ратавальнікі на месцы паведамілі, што ў іншых карпусах дзвюх навучальных устаноў ніхто не пацярпеў, бо атака адбылася ноччу.
Пазней расійскія ўлады выкарысталі ўдар па каледжы як падставу для так званых удараў у адказ па Кіеве з выкарыстаннем ракеты «Арэшнік» і сотняў іншых ракет. У выніку атакі на ўкраінскую сталіцу і вобласць загінулі чатыры чалавекі, 98 атрымалі раненні.
Пры гэтым сам «Арэшнік» не прычыніў значных разбурэнняў: ён атакаваў Белую Царкву пад Кіевам. Мясцовыя ўлады паведамлялі пра пашкоджанні гаражнага кааператыва і прадпрыемства.
Пазней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пацвердзіў, што ў тую ноч было два ўдары «Арэшнікам». Пра другі ўдар, паводле ранейшых паведамленняў расследавальнікаў з адкрытых крыніц, стала вядома, што ракета ўпала на тэрыторыі так званай ДНР. Пра наступствы не паведамлялася. Пуцін заявіў, што ў абодвух выпадках расійскія войскі ўдарылі па «хляве» нібыта з выпрабавальнай мэтай.
Расія заявіла, што распачынае «сістэмныя ўдары па Кіеве». МЗС РФ заклікаў замежнікаў пакінуць сталіцу Украіны
Хто загінуў у інтэрнаце ў Луганскай вобласці, куды прыляцела ўкраінская ракета? Ужо названыя імёны 18 ахвяр
У Расіі вінавацяць УСУ ва ўдары па інтэрнаце з падлеткамі. Украінцы адмаўляюць
Што стаіць за новымі пагрозамі Крамля «сістэмна біць па Кіеве» і каму яны накіраваныя?
Каментары