У М'янме падчас будыйскага свята феерверкі з паветранага шара паляцелі проста ў натоўп ВІДЭА
20 лістапада ў горадзе Таўнджы ў М’янме падчас традыцыйнага будыйскага фестывалю агнёў Тазаўндайн заўчасна спрацавала піратэхніка на вялізным паветраным шары з выявай Буды. Палаючыя феерверкі паляцелі проста ў натоўп гледачоў.

Фестываль Тазаундайн адзначае заканчэнне сезону дажджоў. Адной з галоўных падзей у Таўнджы з’яўляюцца спаборніцтвы па запуску паветраных шароў, начыненых піратэхнікай. Сёлета ў іх удзельнічаў 561 аэрастат.
Шар з выявай Буды загарэўся проста над галовамі гледачоў. Феерверкі пачалі выбухаць сярод людзей, на натоўп абрынуліся іскры і дым. На відэа відавочцаў відаць, як палаючыя абломкі падаюць на зямлю, а людзі ў паніцы разбягаюцца, прыгінаюцца і закрываюць галовы. Некаторыя спрабавалі схавацца ад іскраў пад коўдрамі. Месца здарэння хутка зацягнула густым дымам.
У выніку 16 чалавек атрымалі апёкі, усяго за медыцынскай дапамогай звярнуліся каля 120 чалавек. Ахвяр, аднак, усё ж удалося пазбегнуць.
Яшчэ ў кастрычніку, падчас падрыхтоўкі да гэтага самага фестывалю, адбыўся смяротны інцыдэнт: у выніку выбуху пораху загінуў 13‑гадовы падлетак, яшчэ пяць чалавек атрымалі траўмы. Паліцыя арыштавала кіраўніка каманды, якая рыхтавала паветраныя шары, аднак сам фестываль адменены не быў.
Падобнае здарэнне адбылося таксама ў кастрычніку ў Індыі падчас свята Дусэхра. Тады палаючая фігура дэмана Раваны замест запланаванага феерверку пачала абстрэльваць удзельнікаў цырымоніі петардамі, якія паляцелі ў бок гледачоў. Гэта выклікала паніку і ўцёкі людзей.
Каментары