«Госпадзе, такое трызненне!» Усё больш беларусак пішуць, што ім званілі з міліцыі і пыталіся, ці жывыя яны
Сабралі меркаванні беларусаў пра масавыя званкі з міліцыі з дзіўным пытаннем.

У тыктоку выйшла відэа пра тое, што беларускам масава тэлефануюць з міліцыі: называюць прозвішча, імя і імя па бацьку і пытаюцца, ці ўсё ў іх добра, а то і проста — ці жывыя яны. Паводле аўтараў роліка, званкі сапраўды робяць міліцыянеры: з красавіка не могуць апазнаць жанчыну, знойдзеную ў лесе ў Лепельскім раёне. Труп настолькі расклаўся, што немагчыма вызначыць амаль нічога — чалавеку было ад 18 да 40 гадоў, рост каля 170 сантыметраў — пад такое апісанне трапляе вельмі шмат жыхарак краіны.
Ролік за два дні паглядзелі больш за паўмільёна разоў, пад ім — больш за тры сотні каментароў.
Самым упадабаным каментаром, які сабраў амаль дзве з паловай тысячы лайкаў, стала іранічнае пытанне:
«Апазнанне праводзіцца метадам выключэння?»

Людзі не разумеюць, навошта абзвоньваць тысячы жанчын, калі ёсць ДНК.
«А як жа база ДНК?» — пытаецца нехта. Іншыя нагадваюць пра стаматалагічныя і артапедычныя карты, кпяць, што навукоўцы ведаюць, колькі мільярдаў гадоў таму вымерлі дыназаўры, а тут не могуць вызначыць узрост, і раяць спачатку праверыць заявы пра зніклых.

Многіх здзіўляе, што ўзрост названы так прыблізна: «Што значыць ад 18 да 40? Мы ж не ў XV стагоддзі жывём, а ў XXI». Нехта пытаецца, чаму аналіз костак не дазваляе вызначыць узрост дакладней і звузіць кола тых, каго абзвоньваюць.

Але больш за ўсё ў каментарах асабістых гісторый. Каля 70 чалавек пішуць, што такі званок атрымлівалі яны самі ці іх блізкія.
«І мне званілі, два разы, і таксама пыталіся, ці жывая я», — піша карыстальніца, і пад гэтым прызнаннем 136 лайкаў.
Па каментарах відаць, што абзвон ідзе месяцамі: адной жанчыне тэлефанавалі пару дзён таму ў Мінску, а яе стрыечнай сястры — яшчэ летам; іншым — тры месяцы таму ці ў ліпені. Адна з каментатарак удакладняе, што званілі жанчынам каля 40 гадоў.

Тэлефануюць з розных куткоў краіны. Адной жанчыне званілі з Салігорска, другой — з Касцюковічаў. Пры гэтым супрацоўнік некалькі разоў паўтарыў, што ён не ашуканец, і параіў перазваніць у 102. Там званок пацвердзілі.

Для некаторых справа не скончылася тэлефонам. Адну жанчыну папрасілі прыйсці ў РАУС. У вёску на Чашніччыне, якая мяжуе з Лепельскім раёнам, міліцыянеры прыязджалі яшчэ летам і распытвалі, ці не знікла хтосьці са знаёмых жанчын. Да адной каментатаркі прыехалі дадому, каб упэўніцца, што яна жывая, у іншай, паводле яе слоў, проста ў кабінеце ўзялі аналіз ДНК. А 12 лістапада аднаму з каментатараў патэлефанавалі і спыталіся, ці не знікала жанчына з яго атачэння.

Многія з сітуацыі жартуюць.
«Добры дзень, вы жывыя? — Добры дзень, не. — Добра, да пабачэння».
«Добры дзень, вы жывыя? Не! Вы тэлефануеце ў пекла».

Шмат хто шчыра не разумее, што хочуць пачуць міліцыянеры, калі пытаюцца ў чалавека, ці жывы ён? І што будзе, калі не ўзяць трубку — «запішуць у мёртвыя»? Нехта параўноўвае гэта са званком у дамафон з пытаннем «ты дома?», а нехта — з начным пытаннем «спіш?».

Шмат хто прызнаецца, што першая думка была пра ашуканцаў. Адна карыстальніца прызнаецца, што пасля такога званка разам з сям’ёй прыдумала кодавае слова — на ўсялякі выпадак.

Для некаторых званок стаў больш чым проста дзіўным. Адна жанчына піша, што ў яе маці пыталіся, як сябе адчувае сястра, — хоць сястра памерла паўтара месяца таму. Для іншых званок абярнуўся шокам для ўсёй сям'і ці пакінуў непрыемны асадак пасля размовы.

Хтосьці заўважае, што ў іншых выпадках міліцыя знаходзіць людзей значна хутчэй:
«Госпадзе, такое трызненне! Як ноччу выйдзеш без флікера, дык усе даныя пра цябе знойдуць. А тут аналіз трупа не могуць зрабіць. Смешна!»

Каментары
Вось калі абавяжуць самому кожны дзень адзначацца, што жывы, тады ай ...
А яшчэ паставілі жахлівыя помнікі жанчынам.
Які год аб'явяць наступным?