Новы вобраз Міхалка. Як прайшоў канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў Берліне
У Берліне прайшоў канцэрт гурта «Ляпіс Трубяцкой». Падчас выступу 54‑гадовы Сяргей Міхалок мала размаўляў з публікай і быў не самым энергічным музыкам на сцэне. Тое, як Міхалок змяніўся, заўважаюць многія. Як прайшоў канцэрт — у рэпартажы DW.

«Артысты таксама людзі, і ім бывае цяжка, як і астатнім»
Вечар пятніцы, 13 лістапада, берлінскі клуб на беразе Шпрэе. Ужо за гадзіну да канцэрта каля ўвахода — невялікая чарга, а каля сцэны збіраецца некалькі дзясяткаў чалавек. У зале гучыць музыка «Ляпіса», і некаторыя пачынаюць пад яе танцаваць.
«Ау-у-у, ау-у-у, ау-у-у», — даносіцца з дынамікаў. «Я тебя все равно найду-у-у», — нехта гучна спявае ў зале.
Напэўна, не раз гэтак жа рабіла Алена з Украіны. Яна называе сябе «не самай вялікай фанаткай», але пры гэтым часта слухае музыку гурта ў машыне. Упершыню на канцэрце «Ляпіса» дзяўчына пабывала толькі летась — і вось разам з мужам Паўлам прыйшла зноў.
«Слухаю іх з 2014 года. У той момант музыка Міхалка супала з важным перыядам у маім жыцці: пасля дэкрэтнага адпачынку я вярталася ў прафесійны спорт, і «Воины света» сталі для мяне вялікай падтрымкай», — расказвае Алена.
Калісьці гэтая песня стала неафіцыйным гімнам і для мільёнаў жыхароў Украіны, якія падтрымалі Рэвалюцыю годнасці. Яе падтрымаў і сам Сяргей Міхалок.
Муж Алены Павел больш стрымана ставіцца да цяперашняга «Ляпіса Трубяцкога»: мінулы канцэрт яму зусім не спадабаўся.
«Хлопцы з гурта былі актыўнымі, а Сяргей увогуле не праяўляў энтузіязму. У 2014‑м я быў на фестывалі «Атлас» у Кіеве — там ён запальваў стадыён, чытаў вершы. На мінулым канцэрце ў Берліне не было ні вершаў, ні драйву, нібыта ўсё гэта яму ў цяжар. Хаця чаго хацець? Усе мы сталеем, мяняемся, гэта нармальна», — падсумоўвае Павел.
«Вайна, эміграцыя — гэта невесела. Артысты таксама людзі, і ім бывае цяжка, як і астатнім», — заступаецца за Сяргея Міхалка Алена.
Саша і Каця таксама з Украіны, з Кіева. Саша слухае «Ляпіса» «во-о-ось з такога ўзросту» — мужчына паказвае рукой на ўзроўні пояса.
З гуртом у яго звязаныя цёплыя ўспаміны з дзяцінства: як ён хадзіў з мамай на рынак і ўпрошваў купіць касету «Ляпіса Трубяцкога». Мама не лічыла гэтую пакупку неабходнай, але ўсё ж пагадзілася.
«Ведалі б вы, колькі разоў я перамотваў яе алоўкам туды-сюды!» — смяецца Саша.
У 2014‑м муж і жонка былі на апошнім канцэрце ў Кіеве перад тым, як Сяргей Міхалок абвясціў, што гурт «Ляпіс Трубяцкой» спыняе існаванне. Пасля гэтага музыкант стварыў праект Brutto.
«А цяпер, бачыце, вярнуўся. Цікава, як гэта будзе», — гаворыць мужчына.
Як дыскатэка ў летнім лагеры
«Вы толькі нашы імёны не пішыце», — смяюцца трое маладых людзей, якія нядаўна пераехалі з Беларусі ў Германію і спадзяюцца, што змогуць час ад часу вяртацца дадому.
На канцэрце «Ляпіса Трубяцкога» яны ўпершыню: кажуць, убачылі афішу і вырашылі прыйсці, бо дома такой магчымасці — убачыць і пачуць музыкаў гурта — у іх даўно няма.
Доўгі час выступы Сяргея Міхалка былі пад забаронай у Беларусі: у «чорныя спісы» ён трапіў у 2011 годзе пасля таго, як асудзіў разгон пратэснай акцыі супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Вярнуцца на сцэну ў Беларусі ён змог толькі ў 2016-м. У 2020-м, пасля падаўлення самых масавых пратэстаў у гісторыі краіны, Міхалок зноў апынуўся пад забаронай.

«Калісьці слухалі гэтую музыку на дыскатэках у летніх лагерах. Нам падабаецца і рок-музыка, і рамансы Міхалка. Проста хочацца паслухаць любімыя песні, пабыць сярод беларусаў і ўкраінцаў. Гэта ўвогуле прыемна — быць сярод сваіх», — дзеляцца маладыя людзі.
Тым часам у зале гучыць «Украду тебя, украду ночью, увезу тебя, увезу в Сочи» — і публіка пачынае скандаваць «Ля-піс».
Многія танцуюць. Над галовамі вісіць дыскатэчны шар, і ўсё, што адбываецца, нагадвае дыскатэку ў летнім лагеры, толькі цяпер амаль усе прысутныя могуць легальна купляць піва ў бары, а некаторыя прыйшлі не проста парамі — ужо з дзецьмі.
«Ну што, дзяцінства пачалося?»
Канцэрт запланаваны на 20:00, гурт выходзіць на сцэну ў 20:27.
«Прывітанне, Берлін! Рады сустрэчы. Спадзяюся, вечар будзе цёплым і душэўным», — вітае сваіх прыхільнікаў Сяргей Міхалок. За ўвесь канцэрт гэта будзе адно з самых доўгіх яго выказванняў.
Пара песень — і людзі каля сцэны пачынаюць танцаваць.
«Брава!» — крычаць з залы.
«Вялікі дзякуй», — адказвае Міхалок.
Сам Сяргей рухаецца на сцэне даволі стрымана.
Што цяпер адбываецца ў жыцці музыканта, невядома: на кантакт з журналістамі ён не ідзе, на запыты аб інтэрв'ю яго прэс-служба не адказвае.
Пра некаторыя падрабязнасці яго жыцця стала вядома з інтэрв'ю былой жонкі Міхалка Святланы Зелянкоўскай выданню «Наша Ніва». Яна расказала, што ў 2022 годзе пара развялася пасля 14 гадоў сумеснага жыцця.
Паводле яе слоў, на 2024 год музыкант жыў у Эстоніі. Іх траіх агульных дзяцей забраў да сябе Сяргей Міхалок. Былая жонка магла размаўляць з імі праз новую жонку музыканта.
Не каментаваў Сяргей Міхалок і прысуд, які нядаўна яму завочна вынеслі ў Беларусі, — чатыры гады калоніі за «публічную абразу Лукашэнкі» і «распальванне сацыяльнай варожасці».
Тым часам Сяргей Міхалок пераходзіць да песень па-беларуску. Многія яму падпяваюць — так высвятляецца, што на канцэрт прыйшлі не толькі ўкраінцы. Сустракаюцца тут і расіяне, і ўраджэнцы Казахстана.
«Дзякуй», — гаворыць Міхалок удзячнай зале.
«Жыве Беларусь!» — пачынае крычаць нехта ў натоўпе. Міхалок гэты парыў не падтрымлівае і зацягвае песню «Грай». Менавіта зацягвае: манера выканання музыканта, здаецца, крыху змянілася.

«Ну што, дзяцінства пачалося?» — кажуць адзін аднаму мужчыны побач, калі чуюць першыя словы песні «Ау». Многія падымаюць тэлефоны і пачынаюць здымаць відэа.
Праз гадзіну і пяць хвілін Сяргей Міхалок развітваецца з залай.
«Дзякуй, сябры! Як хутка праляцеў час!» — гаворыць ён.
У 2023 годзе на канцэрце ў Берліне гурт так і не выйшаў на біс, як ні прасіла зала. Гэтым разам «Ляпісы» выканалі яшчэ дзве песні — «Евпаторию» і «В платье белом».
«Вялікі дзякуй, сябры! Гэта быў гурт «Ляпіс Трубяцкой». Да новых сустрэч, будзьце шчаслівыя. Да пабачэння!» — манера зносін Сяргея з публікай, здаецца, таксама змянілася.
«Крычаць «Жыве Беларусь» на пятым годзе вайны не зусім адэкватна»
Пасля канцэрта і, верагодна, некалькіх куфляў піва многія становяцца больш гаваркімі.
Жэню, напрыклад, — 45 гадоў. Падчас канцэрта ён падпявае ўсім без выключэння песням.
Гэта ўжо яго чацвёрты канцэрт «Ляпісаў»: быў у Гродне і Мінску ў 2000-х, пасля — у Тэль-Авіве ў 2010‑х і ў Берліне ў 2020-х.
З гуртом у Жэні звязаныя цёплыя ўспаміны і настальгія па маладосці: ён працаваў важатым у дзіцячым лагеры і ўжо тады «прывучаў дзяцей да правільнай музыкі».
«Як вам новы вобраз музыканта Сяргея Міхалка?» — цікавіцца DW.
«Ва ўсіх бывае рознае ў жыцці. Сярога малайчына. Відаць, што яму было цяжкавата, але ў цэлым — колькі яму гадоў? 54? Ды вы што. Ён малайчына. Шкада толькі, што вершы не чытаў, як гэта было раней».
Гэтым разам Сяргей Міхалок практычна не размаўляў з залай, хоць раней актыўна гэта рабіў, як і выказваў сваю пазіцыю.

Ці важная яго прыхільнікам палітычная пазіцыя музыканта — ці гэта другаснае?
«Крычаць «Жыве Беларусь» на пятым годзе вайны ва Украіне — на мой погляд, гэта крыху неадэкватна. Калі б гэта быў 2020‑ы ці 2021‑ы — разумею. А цяпер… Мне, вядома, больш падабаўся дзёрзкі Сяргей, але і тое, што я ўбачыў сёння, — выдатна. Магчыма, таму, што ў мяне былі нізкія чаканні, а канцэрт іх усе перасягнуў. Мне здаецца, Міхалок з гуртом Brutto мог бы быць Максам Каржом для пакалення 35+, аб'ядноўваць і ўкраінцаў, і беларусаў, і расіян. Але ён выбірае тое, што ёсць. Разумею, што гэты тур і канцэрты хутчэй для таго, каб проста зарабіць. Але — як ёсць. Я ўсё роўна атрымаў вялікае задавальненне», — гаворыць Жэня.
«З узростам у чалавека мяняецца манера падаваць сябе»
Міры і Алегу нядаўна споўнілася 20 гадоў, яны з Украіны.
«Нарэшце дараслі, каб купіць білеты», — жартуюць маладыя людзі.
Музыку Міхалка яны слухаюць з дзяцінства, і палітычная пазіцыя Міхалка ім, наадварот, важная.
«З узростам у чалавека мяняецца манера падаваць сябе. Магчыма, тое, што было раней, — гэта было клішэ. Самае галоўнае — яго пазіцыя адносна палітыкі Расіі не мяняецца. Я ведаю Міхалка пасля 2014 года, пасля песні «Воины света», і мне яго палітычная пазіцыя важная», — гаворыць Міра.
Алег адзначае, што на канцэрце Сяргей Міхалок рабіў уражанне стомленага чалавека.
Алена выглядае натхнёнай і сама пачынае размову.
«Вельмі класна, нават лепш, чым мінулым разам. Былі песні, якіх я вельмі чакала. І па-беларуску! У нас суседзі беларусы, я ім нават відэапаведамленні запісала.
Мне здалося, Сяргею была важная падтрымка, ён пастаянна дзякаваў публіцы. Можна быць у яме, але калі людзі ўсё роўна на тваім баку, гэта вельмі натхняе», — дзеліцца дзяўчына.
Да канца вечара, аднак, не ўсе захоўваюць цвярозасць розуму і цела.
«Як вам канцэрт?» — спытала карэспандэнтка DW у мужчыны ў чарзе ў гардэроб, перш чым заўважыць, што з алкаголем у гэты вечар ён перабраў.
«Нядрэнна, але хацелася б, каб Сяргей больш аддаваўся зале. Зносін з публікай было нуль. І адчуванне, што многія песні ён проста не хацеў выконваць, але быў вымушаны», — выказвае цвярозыя думкі прыхільнік «Ляпіса».
На гэтым і развіталіся.
Цяпер чытаюць
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал
Каментары