Свет55

Ізраіль загрузіў мільёны фотаздымкаў у сістэму распазнавання твараў Amazon, каб сачыць за палесцінцамі

Для назірання за палесцінцамі ізраільская армія выкарыстоўвае не толькі ўласныя распрацоўкі, але і амерыканскія тэхналогіі. Новыя падрабязнасці супрацоўніцтва вайскоўцаў з Amazon паведамляе The Guardian.

Камеры назірання на ізраільскім кантрольна-прапускным пункце ў Хеўроне. 26 кастрычніка 2026 года. Фота: Anadolu / Getty Images

У распараджэнне журналістаў The Guardian трапілі дакументы, якія раскрываюць маштабы выкарыстання воблачных тэхналогій Amazon ізраільскай арміяй падчас вайны ў Газе. Высветлілася, што ў пачатку 2024 года вайскоўцы загрузілі на серверы амерыканскай кампаніі 3,5 мільёна фотаздымкаў для выкарыстання ў праекце распазнавання твараў.

Здымкі перадало падраздзяленне ізраільскай арміі, вядомае як Rolling Stone. Яно ўваходзіць у вайсковую структуру, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, і працуе з вялікай базай інфармацыі пра палесцінцаў у сектары Газа і на акупаваным Заходнім беразе ракі Іардан.

Як ізраільская армія выкарыстоўвае распазнаванне твараў

У пачатку 2024 года падраздзяленне Rolling Stone паведаміла Amazon пра намер выкарыстоўваць Rekognition — сэрвіс кампаніі, які з дапамогай штучнага інтэлекту аналізуе выявы і дазваляе распазнаваць твары людзей. Вайскоўцы разглядалі гэтую тэхналогію як інструмент для працы з вялізнымі архівамі фотаздымкаў палесцінцаў.

Само распазнаванне твараў ізраільская армія ўжывала і раней, асабліва на Заходнім беразе Іардана. Там сканаванне твараў стала звычайнай практыкай на кантрольна-прапускных пунктах, а вайскоўцы карыстаюцца спецыяльнымі мабільнымі праграмамі для збору фотаздымкаў мясцовых жыхароў.

Пасля пачатку наземнай аперацыі ў Газе ў кастрычніку 2023 года падобныя тэхналогіі пачалі шырока выкарыстоўваць і там. На часовых кантрольна-прапускных пунктах, праз якія праходзілі ў тым ліку людзі, вымушаныя пакінуць свае дамы з-за баявых дзеянняў, камеры фатаграфавалі палесцінцаў. Праграмы распазнавання твараў параўноўвалі атрыманыя здымкі з выявамі ў вайсковых базах даных.

Людзей, якія выклікалі падазрэнні, вылучалі з агульнага патоку і затрымлівалі. Паводле структур ААН і праваабарончых арганізацый, многіх затрыманых утрымлівалі без сувязі са знешнім светам.

Пры гэтым журналісты The Guardian не змаглі высветліць, ці ўваходзілі ў перададзеныя Amazon 3,5 мільёна фотаздымкаў выявы, зробленыя менавіта на КПП у Газе. Аднак крыніца ў ізраільскай арміі паведаміла, што воблачную інфраструктуру Amazon выкарыстоўвалі з-за велізарнай колькасці здымкаў, сабраных на гэтых пунктах.

Распазнаванне твараў служыла і іншым мэтам. На пачатку вайны ізраільская армія выкарыстоўвала Rekognition для ідэнтыфікацыі закладнікаў, захопленых падчас нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. Падобныя тэхналогіі прымяняліся таксама для пошуку людзей, якіх вайскоўцы падазравалі ў прыналежнасці да ўзброеных груповак.

Аднак дакладнасць такіх сістэм выклікае пытанні. Раней The New York Times паведамляла, што падчас выкарыстання распазнавання твараў у Газе ізраільскія вайскоўцы часам памылкова вызначалі мірных жыхароў як падазраваных баевікоў.

У пачатку 2024 года невялікая група ізраільскіх вайскоўцаў працавала непасрэдна ў офісе Amazon Web Services (AWS) у Тэль-Авіве. Паводле крыніц The Guardian, яны вывучалі, як выкарыстаць воблачныя магчымасці кампаніі для больш эфектыўнай працы сістэмы распазнавання твараў у Газе. Пры гэтым журналістам не ўдалося высветліць, ці былі вынікі гэтай працы ўкаранёныя і ці мела яна непасрэднае дачыненне да загружаных фотаздымкаў.

Асаблівы кантракт Amazon з Ізраілем

Выкарыстанне тэхналогій распазнавання твараў — толькі частка значна шырэйшага супрацоўніцтва ізраільскай арміі з Amazon. Паводле дакументаў і вайсковых крыніц The Guardian, у апошнія гады Ізраіль перанёс у дата-цэнтры кампаніі вялізныя аб'ёмы інфармацыі, у тым ліку сакрэтныя разведвальныя матэрыялы і асабістыя звесткі пра палесцінцаў, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях.

Асновай гэтага супрацоўніцтва стаў шматмільярдны кантракт Project Nimbus, заключаны ў 2021 годзе. У яго межах амерыканскія Amazon і Google забяспечваюць воблачнымі тэхналогіямі ізраільскія дзяржаўныя структуры, у тым ліку вайсковыя.

У пачатку 2023 года AWS адкрыла ў Ізраілі новыя цэнтры апрацоўкі даных. Гэта дазволіла дзяржаўным і вайсковым кліентам пераносіць туды інфармацыю з уласных сервераў, а таксама з іншых сховішчаў Amazon, у тым ліку ў Ірландыі. Для ізраільскай арміі ў дата-цэнтрах каля Тэль-Авіва стварылі асобнае асяроддзе з узмоцненай фізічнай і лічбавай абаронай.

Але ў кантракта Nimbus ёсць яшчэ адна важная асаблівасць. Як высветліла The Guardian, яго ўмовы забараняюць Amazon і Google самастойна спыняць або абмяжоўваць доступ ізраільскіх дзяржаўных і вайсковых структур да воблачных паслуг, нават калі тыя парушаюць правілы іх выкарыстання.

Гэта адрознівае сітуацыю ад гісторыі з Microsoft. У 2025 годзе амерыканская кампанія адключыла ізраільскай арміі доступ да сваіх тэхналогій, якія выкарыстоўваліся для масавага сачэння за палесцінцамі. Рашэнне было прынята пасля расследавання The Guardian і ізраільскага выдання +972 Magazine.

У адказ на запыт журналістаў прадстаўнік AWS заявіў, што кампанія не мае магчымасці бачыць, якія менавіта задачы выконваюць кліенты ў яе воблачнай інфраструктуры, і не абмяркоўвае адносіны з імі без іх згоды.

У Amazon таксама назвалі звычайнай практыкай наведванне офісаў кампаніі кліентамі для сустрэч і кансультацый. Меркаванні пра асаблівы характар сустрэч з ізраільскімі вайскоўцамі ў AWS адхілілі як неабгрунтаваныя.

Каментары5

  • Абу Яхья
    17.11.2026
    Юзік, Тое ж самае кажуць пра "агрэсараў" з "таталітарным мысьленьнем" - беларусаў - абылгаўшы і скінуўшы Расеі.
  • ага
    17.11.2026
    Юзік, Натанʼяху і Трамп - вялікія сябры. Паводле міжнародных стандартаў - сектар Б зʼяўляецца акупаванай Ізраілем тэрыторыяй, пра што мала хто і ўзгадвае ўжо. Так жа акупавалі й некалькі вёсак у Сірыі ня так даўно. Таму сочаць дакладна так, як у нас, у Беларусі. І слушна тут пісалі - Ізраіль па сваіх стандартах цяпер блізкаўсходняя, а ніяк не еўрапейская краіна. І ня трэба старацца яго да Захаду штучна прычапіць.

    У Ізраілі, нагадаю, перахоўваюцца вядомыя ўкраінскія карупцыянеры Міндзіч і Цукерман, якія нейкім таямнічым чынам страцілі ўкраінскае грамадзянства.

    Асобна для тых, хто зараз мяне ў юдафобы запісваць кінецца. Была навіна пра габрэйскіх рєжысёраў, якія фільм пра знішчэнне мірнага насельніцтва ў Газе знялі. Яны - мае героі, як і тыя, хто ратаваў звычайных габрэяй ад Халакосту ў Другую сусветную.
  • Лайдак
    17.11.2026
    Беларусам падабаецца такая навіна. А калі ў Беларусі паўсюль камер начапілі, каб сачыць за людзьмі, то такое чамусьці не падабаецца.
    Як гаворыцца, "Вы не понімаете, это другое"

Цяпер чытаюць

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам украінскіх ракет

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі хакеіст, які амаль усю кар'еру гуляў у Беларусі, пайшоў заваёўваць Украіну і загінуў1

30‑гадовы блогер Максім Пушкін зрабіў другую перасадку валасоў. Колькі заплаціў?16

Зніклага расійскага Z-ваенкара Раманава маглі абвінаваціць у дзяржздрадзе5

Па справе абразы доктаркай жанчыны з інваліднасцю на яе працы праводзяць праверку6

Жанчына набыла цукеркі «Бутэлечкі», у якіх усярэдзіне не было лікёру. Чаму так?5

У Мінску пачалі будаваць новы касцёл8

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны92

Трамп лічыць, што Пуцін ва Украіне мог бы дзейнічаць і больш жорстка12

Сталі вядомыя падрабязнасці разбойнага нападу з пісталетам у Мінску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам украінскіх ракет40

Крымскі мост зруйнаваны ўдарам украінскіх ракет

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць