ФСБ з пачатку года забіла пры затрыманні 14 чалавек, якіх падазравалі ў падрыхтоўцы дыверсій
Федэральная служба бяспекі (ФСБ) адсправаздачылася пра раскрыццё «агентурнай групы ўкраінскіх спецслужбаў, якія рыхтавалі дыверсійна-тэрарыстычныя акты» ў Расіі, піша Moscow Times.

Па выніках аператыўных мерапрыемстваў у Майкопе (Адыгея), Ціхарэцку (Краснадарскі край), Кізляры (Дагестан) і Растове-на-Доне затрымалі чатырох чалавек.
«Яшчэ двое, якія аказалі ўзброенае супраціўленне, былі ліквідаваныя зваротным агнём», — заявілі ў ФСБ.
Такім чынам, колькасць падазраваных, забітых супрацоўнікамі спецслужбы падчас затрымання з пачатку 2026 года, павялічылася да 14, а з моманту ўварвання Расіі ва Украіну — да 89. Падлік вядзецца з улікам даных, раней выданнем «Важные истории».
Паводле версіі ФСБ, затрыманыя і ліквідаваныя ў лістападзе «агенты» ваеннай разведкі (ГУР) і Службы бяспекі Украіны (СБУ) рыхтавалі атакі на караблі ў Каспійскім моры, ваенныя аэрадромы і аб'екты інфраструктуры.
Як сцвярджаецца, для гэтага з пачатку 2026 года ім перадалі больш за 700 кілаграмаў выбухоўкі «заходняй вытворчасці», не менш за 40 ударных квадракоптараў, шэсць гідрацыклаў, а таксама дэталі і абсталяванне для зборкі баявых беспілотнікаў. Паводле звестак ФСБ, частку грузаў пераправілі ў Расію з дапамогай метэазондаў і БПЛА, а гідрацыклы даставілі праз «трэція краіны».
У ведамстве заявілі, што водныя матацыклы планавалі пераабсталяваць у безэкіпажныя катэры і аснасціць выбухоўкай магутнасцю да 60 кілаграмаў у трацілавым эквіваленце, каб затым атакаваць караблі ў Каспійскім моры.
FPV-дроны з кіраваннем праз валаконна-аптычны кабель збіраліся размясціць у прыватных дамах у Адыгеі і Краснадарскім краі. Іх мэтамі павінны былі стаць ваенныя аэрадромы, крытычная інфраструктура і аб'екты жыццезабеспячэння, дадалі ў ФСБ.
Сілавікі ацанілі выдаткі ўкраінскіх спецслужбаў на падрыхтоўку аперацыі як мінімум у 2,5 млн даляраў.
У ФСБ сцвярджаюць, што з боку СБУ яе каардынаваў намеснік кіраўніка Цэнтра спецыяльных аперацый «А» Мікалай Ульяніцкі, а з боку ГУР — генерал-маёр Георгій Лордкіпанідзэ.
Апошні — былы паплечнік экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі, які займаў пры ім пасаду міністра ўнутраных спраў. У 2015 годзе ён атрымаў украінскае грамадзянства і ўзначаліў міліцыю Адэскай вобласці, а пасля пачатку вайны ў 2022 годзе быў прызначаны намеснікам дырэктара контрвыведкі Украіны.
Каментары